Logo Polskiego Radia
Print

Кожны можа напісаць паштоўку ўдзельніку Варшаўскага паўстаньня

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.08.2017 15:18
  • BohaterOn.mp3
Кампанія карыстаецца вялізнай папулярнасьцю, летась лістоў і паштовак прыйшло каля 100 тыс.
PAP/Radek Pietruszka

Год таму ў Польшчы была прыдуманая кампанія, якая дазваляе маладому пакаленьню зьвязацца зь людзьмі, што памятаюць Другую сусьветную вайну. Акцыя прымеркаваная да гадавіны Варшаўскага паўстаньня, якое пачалося 1 жніўня 1944 году.

У чарговы раз сёлета ў Польшчы праводзіцца акцыя, якая атрымала назоў «BohaterOn», што можна перакласьці на беларускую мову як «ГеройЁн». Гаворка ідзе, канешне ж, пра герояў Варшаўскага паўстаньня, якія змагаліся ў вельмі няроўнай барацьбе зь нямецкімі акупантамі. Большасьць паўстанцаў былі вельмі маладымі людзьмі, нават падлеткамі, але час бяжыць хутка, і застаецца іх у жывых усё менш. Таму трэба сьпяшацца, калі хтосьці хоча асабіста сустрэцца з такім чалавекам, або хаця б паслаць яму паштоўку. Высыланьне паштовак – гэта галоўны прынцып акцыі, каардынатарам якой зьяўляецца Агнешка Лэсюк.

А. Лэсюк: Такім чынам мы хочам даць магчымасьць кожнаму паказаць, што мы памятаем пра гэтых людзей. Шмат гаворыцца пра тое, што мы павінны памятаць пра Варшаўскае паўстаньне або пра іншыя важныя гістарычныя падзеі, а мы даём магчымасьць выслаць сыгнал героям змаганьня. Гэтыя пажылыя людзі як правіла вельмі зьдзіўляюцца, калі атрымліваюць паштоўкі або лісты ад незнаёмых людзей. Мы нават не задаём сабе пытаньня, навошта мы гэта робім, проста бачым, што наша дзейнасьць прыносіць пазытыўныя вынікі, і таму гэтым займаемся, таксама ў гэтым годзе.

Афіцыйны пачатак акцыі адбыўся ўчора, 31 ліпеня, а паштоўкі паўстанцам можна высылаць з сёньняшняга дня. Уся кампанія працягваецца столькі, колькі працягвалася Варшаўскае паўстаньне – два месяцы. Паштоўкі можна атрымаць бясплатна ў розных месцах.

А. Лэсюк: На паштоўках, якія бясплатна распаўсюджваюцца па ўсёй Польшчы, ёсьць адрас нашага офіса. Пасьля завяршэньня кампаніі мы гэтыя паштоўкі чытаем, прыпісваем да паўстанцаў, калі адрасат назваў канкрэтную асобу, і высылаем удзельнікам паўстаньня на іхнія хатнія адрасы. А паштоўку можна атрымаць у сетцы распаўсюду нашых партнэраў па ўсё краіне – у некаторых пунктах Пошты Польскай, Спортлато, Авіялініях LOT, а таксама ў Музэі Варшаўскага паўстаньня і Музэі Другой сусьветнай вайны ў Гданьску.

Па словах суразмоўцы Польскага радыё, у мінулым годзе акцыя карысталася вялізнай папулярнасьцю, шмат паштовак прыйшло з-за мяжы, таму ў гэтым годзе можна атрымаць паштоўкі ў самалётах, на якіх падарожнічае шмат іншаземцаў або палякаў, што пражываюць за мяжою. Таксама ёсьць магчымасьць выслаць паштоўку па інтэрнэце.

А. Лэсюк: Летась кампанія карысталася вялізнай папулярнасьцю – лістоў і паштовак прыйшло каля 100 тыс. Таму ў гэтым годзе мы пашырылі акцыю, хочам даць магчымасьць удзельнічаць у ёй усім, ня толькі жыхарам Польшчы, але і замежжа. Многія лісты прыходзяць з самых далёкіх куткоў сьвету. Таму паштоўку можна прыслаць па інтэрнэце, мы яе раздрукуем і перададзім адрасату. Усе паштоўкі бясплатныя, ня толькі віртуальныя, але і рэальныя. Так што ўдзел у акцыі поўнасьцю бясплатны.

А што людзі пішуць на такіх паштоўках або лістах? З якімі словамі і думкамі жыхары Польшчы зьвяртаюцца да паўстанцаў?

А. Лэсюк: Я бачыла паштоўкі, бачыла лісты, і гэта было вельмі кранальнае. У палякаў ёсьць што расказаць паўстанцам, ёсьць пра што іх спытаць. Такая паштоўка часта бывае надта малой, каб напісаць усё, што аўтар хоча. Таму многія пішуць лісты, вельмі доўгія лісты. Такіх лістоў прыйшло дзьве з паловай тысячы. Гэта сьведчыць пра тое, наколькі людзі цікавяцца тымі, хто змагаўся за свабодную Польшчу. Як правіла гэта было сымбалічнае «Дзякуй!», але аўтары задавалі таксама паўстанцам пытаньні – як выглядала паўстаньне, чаму яны ў ім удзельнічалі, што адчувалі. На нашых вачах пачаўся цудоўны дыялёг пакаленьняў, мы атрымалі сотні лістоў ад удзельнікаў паўстаньня, якія адказвалі на паштоўкі і лісты. Магло здарыцца, што аўтар лісту празь нейкі час атрымліваў адказ ад паўстанца. Мы высылаем паўстанцам таксама паштовыя значкі і канвэрты, каб ім было прасьцей адказаць. І ведаем, што многія адказваюць на паштоўкі і лісты, а нават сустракаюцца з іх аўтарамі.

З кожным годам становіцца ўсё менш людзей, якія ўдзельнічалі ў Другой сусьветнай вайне, у тым ліку ў Варшаўскім паўстаньні. Таму тыя, хто хацеў бы асабіста задаць ім пытаньні ці паразмаўляць, павінны сьпяшацца. І дзеля гэтага была прыдуманая кампанія пад назваю ГеройЁн, якая кантактуе паўстанцаў з іншымі жыхарамі Польшчы ды замежнікамі. А пра яе распавяла каардынатар акцыі Агнешка Лэсюк.

І Пр. ПР/ нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт