Logo Polskiego Radia
Print

Польшчы не ўдаецца дабіцца вяртаньня разьбітага Ту-154М з Расеі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.08.2017 15:04
Расейскі бок паўтарае, што фрагмэнты самалёта будуць вернутыя толькі пасьля завяршэньня сьледзтва.
Wikimedia Commons/Serge Serebro, Vitebsk Popular News

У кантактах з Расеяй нават вялікая рашучасьць не заўсёды дапамагае. Выданьне «Polityka» нагадвае, што яшчэ падчас выбарчай кампаніі партыя «ПіС» вінаваціла польскі ўрад, што ён робіць мала намаганьняў, каб дабіцца вяртаньня ў Польшчу фрагмэнтаў разьбітага пад Смаленскам самалёта Ту-154М. Выбары ПіС выйграў, кіруе краінай ужо два гады, і да гэтага часу не ўдаецца вярнуць самалёт.

1 лютага міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі завяраў, што неўзабаве будзе пададзеная скарга ў Міжнародны суд у Гаазе. Прайшло сем месяцаў, а скарга ўсё яшчэ не была ўнесена. У адказ на запыт дэпутаткі Яанны Мухі стала вядома, што МЗС пакуль толькі разглядае магчымасьць унясеньня скаргі, няма нават рашэньня пра такі крок.

Палітыкі ПіС спадзяваліся таксама, што ў вяртаньні самалёта дапаможа прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які казаў пра такую магчымасьць яшчэ падчас выбарчай кампаніі. Але да гэтага часу галава амэрыканскай дзяржавы не прадпрыняў ніякіх крокаў па дадзенай справе.

Расейскі бок паўтарае, што фрагмэнты самалёта будуць вернутыя толькі пасьля завяршэньня сьледзтва прычын катастрофы, якое працягваецца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт