Logo Polskiego Radia
Print

Украінцы прыяжджаюць у Польшчу ўжо ня толькі на сэзонную працу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.08.2017 15:12
Усё больш украінцаў засноўвае ўласныя прадпрыемствы, летась іх было зарэгістравана каля тысячы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польскія СМІ часта пішуць пра ўкраінцаў ці беларусаў, якія прыяжджаюць у Польшчу працаваць. Як правіла гэта сэзонныя работнікі, але заўважаецца ўжо тэндэнцыя, што ўсё больш людзей намерана пасяліцца ў краіне на пастаяннае месца жыхарства – паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna». Напрыклад, украінцы пачалі прыяжджаць цэлымі сем’ямі, таксама многія студэнты застануцца ў Польшчы жыць пасьля заканчэньня навучаньня.

Некаторыя ўкраінцы засноўваюць уласныя прадпрыемствы. Летась іх было зарэгістравана каля адной тысячы, гэта на адну пятую больш, чым годам раней. Агулам зарэгістравана каля 2,6 тыс. фірмаў грамадзян Украіны. Гэта адносна няшмат у параўнаньні зь фірмамі палякаў (больш за 2 млн.), але і так сярод іншаземцаў, якія заснавалі ў Польшчы ўласны бізнэс, украінцы займаюць ужо першае месца й апярэдзілі немцаў.

Беспрацоўе ў Польшчы падае, працоўных рук не хапае. Для кіруючых сілаў адна з важнейшых праблем – як затрымаць на пастаяннае месца жыхарства іншаземцаў. Арганізацыі працадаўцаў і дэмографы заклікаюць распрацаваць доўгатэрміновую міграцыйную палітыку. Аднак невядома, які погляд стане вядучым – пазыцыя Міністэрства ўнутраных спраў, якое глядзіць на імігрантаў як на патэнцыйную небясьпеку, ці Міністэрства разьвіцьця, якое баіцца, што эканоміка ня зможа разьвівацца з-за недахопу працоўных рук.

Паводле прагнозаў, ужо празь 10 гадоў больш людзей будзе ў Польшчу прыяжджаць на жыхарства, чым з яе выяжджаць. Але многія ўкраінцы могуць паехаць далей на Захад, паколькі паступова свае межы адкрывае для іх Заходняя Эўропа.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт