Logo Polskiego Radia
Print

Польскія дыпляматы наведваюць гістарычныя мясьціны ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.08.2017 17:02
  • Дыпляматы.mp3
Дыпляматы сустрэліся таксама з польскімі вэтэранамі, удзельнікамі Другой сусьветнай вайны.
www.pixabay.com/CC0

15 жніўня палякі сьвяткуюць гадавіну перамогі польскіх жаўнераў у бітве з бальшавіцкай арміяй пад Варшавай у 1920 годзе. У Польшчы гэтая бітва атрымала гістарычны назоў «Цуд на Вісьле». У свабоднай Польшчы 15 жніўня сталі адзначаць Сьвята Войска Польскага ў памяць пра тыя падзеі. Польскія дыпляматы ў Беларусі наведваюць з гэтае нагоды мясьціны, зьвязаныя з польскай гісторыяй.

Польскія дыпляматы на чале з паслом Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрадам Паўлікам наведалі гістарычныя месцы памяці ў паўночнай частцы Беларусі. Яны сустрэліся таксама з польскімі вэтэранамі, якія ўдзельнічалі ў Другой сусьветнай вайне.

Конрад Паўлік разам з іншымі дыпляматамі ў Вілейцы ўсклалі кветкі на магілах жаўнераў польска-бальшавіцкай вайны. Дыпляматы таксама наведалі магілы супрацоўнікаў польскай Дзяржаўнай паліцыі, якія загінулі падчас выкананьня службовых абавязкаў у міжваенны пэрыяд. Гэтыя магілы нядаўна былі адрамантаваныя дзякуючы падтрымцы Пасольства Польшчы і намаганьням сябраў Саюзу палякаў у Беларусі.

Конрад Паўлік сустрэўся таксама з пражываючымі ў гэтым рэгіёне вэтэранамі, якія служылі падчас вайны ў Войску Польскім. Абодвум доўгажыхарам ужо па сто гадоў. У Маладзечне дыпляматы наведалі Ўладзімера Божку, які ў верасьні 1939 году вучыўся ў Вайсковай школе ў Варшаве. Пабывалі таксама ў Яна Качыньскага, якога вайна застала на службе пад Вільняй. Пра сустрэчу з польскімі вэтэранамі распавядае карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімер Пац, які суправаджаў польскага пасла ў паездцы.

У. Пац: Гэта ўжо вельмі пажылыя людзі. Яны са сьлязамі ўспаміналі сваю службу ў Польскім Войску й у цэлым Другую сусьветную вайну, дзякавалі паслу Польшчы за памяць пра іх, казалі, што ніколі не спадзяваліся ў сваіх дамах такіх высокапастаўленых гасьцей. Дыпляматы наведалі таксама Вілейку, дзе ў польскай частцы могілак знаходзіцца магіла польскіх жаўнераў, якія загінулі ў 1920 годзе. На магілах былі запаленыя зьнічы і ўскладзеныя кветкі. 15 жніўня сьвяткуецца Сьвята Войска Польскага, з гэтым была зьвязаная паездка. Неўзабаве будзе таксама адзначацца стагодзьдзе вяртаньня незалежнасьці Польшчы. З гэтае нагоды польскае пасольства абяцала навесьці парадак і адрамантаваць магілы польскіх жаўнераў, якія, дарэчы, ужо і цяпер пераважна знаходзяцца ў добрым стане.

Праграма сустрэч польскага пасла ў Беларусі вельмі насычаная і разнародная. Учора дыплямат быў запрошаны ў беларускае Міністэрства замежных спраў. Гутарка была зьвязаная з інтэрвію польскага міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага. Гаворка ішла пра словы міністра аб тым, што Польшча не намерана ў будучыні купляць электраэнэргію зь беларускай атамнай электрастанцыі, паколькі АЭС будуецца паводле небясьпечнай тэхналёгіі. Вось што сказаў Конрад Паўлік пасьля візыту ў МЗС:

К. Паўлік: Гэта была сустрэча з дырэктарам Галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі. Гутарка была канструктыўная, мы абмяняліся меркаваньнямі наконт будаўніцтва беларускай АЭС. Я падкрэсьліў, што для польскага боку вельмі важнае пытаньне бясьпекі гэтай інвэстыцыі, захаваньне ўсіх стандартаў бясьпекі, у тым ліку міжнародных. Падчас размовы я таксама адзначыў, што польскі бок ня хоча палітызаваць пытаньне будаўніцтва беларускай АЭС.

Беларуская АЭС можа быць нявыгаднай для Польшчы таксама па эканамічных матывах, паколькі палякі самі здаўна абмяркоўваюць магчымасьць будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі, і зусім нядаўна неафіцыйна стала вядома, што рашэньне пра будаўніцтва ўжо прынятае ў вышэйшых дзяржаўных колах.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт