Logo Polskiego Radia
Print

Паўночная Карэя рыхтуеццца да атакі на ЗША

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.08.2017 15:47
  • Паўночная Карэя.mp3
Гучаць меркаваньні, што сьвет на парозе новай вайны.
Foto: streaming na youtube.com

6 жніўня ААН наклала новыя санкцыі супраць Паўночнай Карэі. Санкцыі былі ўведзены ў адказ на запуск камуністычнай Поўначчу балістычных ракет. Пхеньян заявіў, што ў стане нанесьці ўдар па тэрыторыі Злучаных Штатаў. Амэрыканцы паабяцалі ў адказ «агонь і шал». Гучаць меркаваньні, што сьвет на парозе новай вайны.

Некалькі тыдняў таму ўлады Паўночнай Карэі заявілі, што іхнія балістычныя ракеты пакрываюць усю тэрыторыі Злучаных Штатаў. Пхеньян паабяцаў нанесьці ўдар па амэрыканскай высьпе Гуам.

У адказ на гэта амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што кожная пагроза з боку КНДР у адрас ЗША сустрэнецца з «агнём і шалам, якіх сьвет ня бачыў». Сёньня прагучала заява камандуючага аб’яднаных амэрыканскіх штабоў генэрала Данфарда, што ЗША рыхтуе вайсковы варыянт рэакцыі ў выпадку неэфэктыўнасьці санкцый.

Гэты абмен дэклярацый выклікаў непакой у суседніх з КНДР краінах – Кітаі ды Расеі. Афіцыйны Пэкін зазначыў, што выступае за мірнае вырашэньне сытуацыі вакол Паўночнай Карэі. Пры гэтым кітайскае міністэрства гандлю ўвяло санкцыі і забараніла імпарт з КНДР вугалю, жалеза, цынку, волава ды морапрадуктаў згодна з санкцыямі ААН.

У сваю чаргу расейскае МЗС выступіла з папярэджаньнем і заклікам да Вашынгтону і Пхеньяну не даводзіць да абвастрэньня сытуацыі на паўвысьпе. Міністэрства абароны РФ абвясьціла баявую трывогу для войск паветранай абароны ў памежных з Карэяй рэгіёнах. Масква заявіла, што вырасла рызыка канфлікту і заклікала бакі «пачуць голас розуму».

Ці гэтыя заклікі будуць пачутыя? Пра гэта мы запыталіся ў экспэрта з аналітычнага цэнтру Польшча-Азія Оскара Пятрэвіча.

Адмысловец перакананы, што агрэсія застанецца на ўзроўні рыторыкі. Бакі павінны вярнуцца да дыпляматычных сродкаў камунікацыі.

Оскар Пятрэвіч: На маю думку, тое, што мы цяпер бачым, моцна не адрозьніваецца ад падзей на карэйскай паўвысьпе, якія мы назіраем з пачатку 1990-ых гадоў. Час ад часу здараюцца тут крызысы. Зразумела, што цяпер сытуацыя адрозьніваецца тым, што Паўночная Карэя разбудавала свой ракетны й ядзерны патэнцыял. Ейныя пагрозы больш верагодныя цяпер. Зь іншага боку зьмяніўся і амэрыканскі фактар. У адрозьненьні ад папярэдніх лідараў, Дональд Трамп лічыцца менш прадказальным палітыкам. Адсюль зьявіліся галасы, што будзе канфлікт.

Як вы лічыце, канфлікт будзе ці не?

Оскар Пятрэвіч: Я перакананы, што, нягледзячы на ўсю агрэсіўнасьць, за гэтым хаваецца палітыка камунікацыі паміж двума бакамі, хай і сабе такая нетыповая. Вострая рыторыка ды прапаганда служаць дапамогай у камунікацыі. Пхеньян такім чынам пасылае сыгнал, што хоча, каб ЗША трактавалі й ставіліся да іх як да раўнапраўнага партнэра. Мае свае прэтэнзіі ды козыры ў рукаве, і будзе імі карыстацца ў канфрантацыі. Сёлета ў красавіку ўжо быў востры абмен заявамі, казалі, што ідзе вайна, але нічога ня здарылася. Таму я стаўлюся спакойна да ўсяго гэтага.

Пазыцыя Кітая, які заявіў пра тое, што ня будзе падтрымліваць КНДР, калі Пхеньян выступіць агрэсарам, ці яна не зьмяняе сытуацыю?

Оскар Пятрэвіч: Я лічу, што гэта ўсё ўпісваецца ў пазыцыю Кітая, каб глядзець збоку на сытуацыю з КНДР. Кітайскія заявы адпавядаюць таму, што яны кажуць апошнія дзесяцігодзьдзі. Пэкін ня раз казаў, што калі канфлікт справакуе Паўночная Карэя, яны не будуць падтрымліваць суседа. Пры гэтым Кітай выступае супраць любых прэвэнтыўных дзеяньняў з боку ЗША. Паўночная Карэя – гэта амаль 1500 кілямэтраў мяжы для Кітая. Для іх любая дэстабілізацыя на паўвысьпе была б вельмі істотнай. Гэта стрымліваючы фактар для кожнага з бакоў, каб не абвастраць сытуацыі.

Разам з тым нельга абсалютна выключыць рызыку таго, што сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю, кажа экспэрт.

Оскар Пятрэвіч: Заўсёды ёсьць рызыка, што калі пануе вельмі вострая ды агрэсіўная рыторыка, нехта можа згубіць кантроль, пайсьці за далёка. Гэта выкліча так званы «эфэкт даміно». Адзін бок захоча адказаць агрэсіяй на агрэсіўныя паводзіны другога. Пры гэтым я перакананы, што цяпер усё яшчэ ёсьць дыпляматычныя магчымасьці выйсьця з дадзенай сытуацыі.

На дадзены момант вядуцца актыўныя перамовы з удзелам 6 краін: ЗША, Кітая, Японіі, Расеі, Паўднёвай і Паўночнай Карэі, адносна таго, як выйсьці з паўсталай сытуацыі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт