Logo Polskiego Radia
Print

Гішпанія стала ахвярай тэрарызму

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.08.2017 15:35
  • Гішпанія стала ахвярай.mp3
Сэрыя тэрактаў у Барсэлёне выклікала абурэньне ў сьвеце.
Foto: Andreu Dalmau/PAP/EPA

Лідары эўрапейскіх краін выказалі салідарнасьць з Гішпаніяй. У сваю чаргу экспэрты заклікаюць да лепшай каардынацыі ды актывізацыі дзеяньняў па барацьбе з тэрарызмам.

Учора і сёньня раніцай у Барсэлёне ды прыгарадах адбылася сэрыя тэрактаў. У выніку загінула 13 чалавек, а больш за 100 параненыя. Паліцыя застрэліла 5 нападнікаў.

Сёньня а поўдзень на Каталёнскай плошчы ў Барсэлёне адбыліся акцыі ўшанаваньня памяці ахвяр тэрактаў. Тысячы людзей выйшлі на вуліцу са зьнічкамі ды кветкамі. Людзі скандзіравалі «Не баімся!»

У акцыях узялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў – гішпанскі кароль Філіп VI ды прэм’ер-міністар Мар’яна Рахой. Кіраўнік гішпанскага ўраду заявіў: "Мы пераможам тых, хто хоча зьнішчыць нашы каштоўнасьці ды лад жыцьця".

Мар’яна Рахой: Тэрарызм перамагаюць адзінствам. Сумеснымі дзеяньнямі дзяржаўных устаноў, супрацай з паліцыяй, папярэджаньнем, міжнароднай падтрымкай ды рашучай абаронай нашай цывілізацыі. Будзе антытэрарыстычны пакт як пацьверджаньне нашага адзінства.

Сусьветныя ды эўрапейскія мэдыі інфармуюць пра падзеі ў Гішпаніі. Лідары эўрапейскіх дзяржаў: Францыі, Нямеччыны, Швэцыі, Вялікабрытаніі выказалі салідарнасьць з сем’ямі ахвяр ды Гішпаніяй. Галяндзкія палітыкі выступілі з заклікам спыніць парлямэнцкія вакацыі ў ЭЗ ды правесьці дэбаты на тэму бясьпекі ў Эўропе. Пра патрэбы каардынацыі барацьбы з тэрарызмам заявіла Расея. Улады ЗША падкрэсьлілі, што гатовыя аказаць любую падтрымку Мадрыду. З такой заявай выступіў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Рэкс Тылерсан: Мы гатовыя дапамагчы гішпанскім сьледчым органам. Тэрарысты ва ўсім сьвеце ведаюць, што Злучаныя Штаты гатовыя шукаць іх па ўсім сьвеце ды паставіць іх перад судом.

У сваю чаргу экспэрты кажуць пра тое, што барацьба з тэрарызмам павінна адбывацца па-над палітычнымі падзеламі. Заяў палітыкаў замала, патрэбная рэальная каардынацыя ды сумесныя дзеяньні. Менавіта гэтага не хапіла ў выпадку тэрактаў у Барсэлёне. Гішпанская прэса піша, што амэрыканская ЦРУ ды брытанскія спэцслужбы яшчэ ў чэрвені інфармавалі Гішпанію пра магчымасьць тэракту Ісламскай дзяржавы менавіта ў Барсэлёне. Гішпанскія службы праспалі гэтую інфармацыю.

Толькі сумеснымі дзеяньнямі можна прадухіліць тэракты, кажа польскі экспэрт па пытаньнях бясьпекі Кшыштаф Ліедэль.

Кшыштаф Ліедэль: Прадухіленьне тэрактаў можа спрацаваць толькі на этапе плянаваньня й падрыхтоўкі. У фазе рэалізацыі часта ўжо запозна на тое, каб нешта зрабіць. Мы зьвяртаем увагу толькі на тыя атакі, якія зьдзяйсьняюцца. Разам з тым амаль штотыдзень зьяўляецца інфармацыя пра ліквідацыю тэрарыстычнай сеткі ды арышт тэрарыстаў. Так што гэта няпраўда, што барацьба з тэрарызмам прайграная. Аднак немагчыма прадухіліць усе тэракты ў нашым жыцьці. Вялізарная праблема для Эўропы сёньня – гэта працэс радыкалізацыі моладзі, які перанёсься ў інтэрнэт. Мы не жадаем адмовіцца ад нашых базавых каштоўнасьцяў, як свабода слова, доступ да інфармацыі, гэтым карыстаюцца тэрарысты. Яны вядуць праз інтэрнэт радыкальную прапаганду ды набіраюць прыхільнікаў. Другая рэч – гэта хваля вяртаньня з памежжа Сырыі ды Іраку.

Менавіта гэтая хваля стварае рэальную пагрозу бясьпецы ў Эўропе, кажа экспэрт міжнароднік др. Войцех Шэўка.

Войцех Шэўка: Цяпер вяртаюцца не асобы, якія прайшлі нейкі курс, а тыя, хто ваяваў год ці два, выжыў, ведае як карыстацца зброяй ды рабіць выбухоўку. Рытарычнае пытаньне: калькі зь іх вернецца, каб хавацца, а колькі, каб працягваць джыхад. Пра гэтую пагрозу кажуць цяпер усе эўрапейскія службы бясьпекі. Прыклады нават адзінкавых апошніх нападаў з нажамі ды сякерай у Нямеччыне, паказваюць, што нападнікі былі ў сталым апэратыўным кантакце з агентамі Ісламскай дзяржавы. Яны складалі прысягу, ім казалі, якое месца атакі, які цягнік выбраць.

Гішпанскія экспэрты выступілі з заклікам вырашыць справу маніторынгу асобаў, схільных да тэрарызму, на эўрапейскім узроўні. Гаворыць былы міністар Гішпаніі па справах бясьпекі Францыска Марцінэс Васкез.

Францыска Мартцінэз Васкез: Ня лёгка адсочваць людзей, якіх мы падазраём у схільнасьці да тэрарызму. Асабліва ў сытуацыі, калі не хапае доказаў, каб іх увесь час маніторыць. Мы мусім дзейнічаць у рамках права. Гэта выклік для ўсяго кантынэнту. Мы павінны разам знайсьці вырашэньне, як маніторыць людзей, якія на нашу думку стануць тэрарыстамі, хоць пакуль яшчэ імі не зьяўляюцца. Мы цяпер павінны кантраляваць нашу рэакцыю ды паказаць тэрарыстам, што яны не зьнішчаць нашу веру ў наш лад жыцьця.

Свае прапановы па вырашэньні гэтай праблемы ўжо запрапанавалі ўлады краін Цэнтральнай Эўропы. Напрыклад, Польшча заклікала ЭЗ перагледзець міграцыйную палітыку. Пагроза тэрарызму зьвязана з некантраляваным наплывам уцекачоў. Гаворыць намесьнік міністра абароны Польшчы Міхал Дворчык.

Міхал Дворчык: З гэтым зьвязана пазыцыя цяперашняга ўрада. Няма згоды на стварэньне энкляў, якія не інтэгруюцца з грамадзтвам. Ня будзе згоды на прымусовае накіраваньне ў Польшчу асобаў, якіх мы ня можам праверыць: іх асабовасьць ды пагрозы для бясьпекі. Мы ня згодзімся ісьці тым шляхам, які вядзе да катастрофы.

У Барсэлёне адбылася сэрыя тэрактаў. Загінула 13 чалавек, а каля 130 параненыя. Улады Гішпаніі назвалі тэрарызм галоўнай пагрозай Эўропы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт