Logo Polskiego Radia
Print

Брытанскі бізнэс ужо адчувае ўплыў брэксіту

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 22.08.2017 14:15
Некаторыя прадпрыемствы вымушаныя звальняць людзей, іншыя - пераносіць вытворчасьць ў кантынэнтальную Эўропу.
pixabay.com/Public Domain CC0

Брытанія ўсё яшчэ застаецца ў Эўразьвязе, але бізнэс ужо адчувае ўплыў брэксіту. Праблемам прыватнага сэктару прысьвечаны адзін з матэрыялаў сьвежага нумару газэты Puls Biznesu. Паводле выданьня, наступствы заўважальныя нават у Ірляндыі. Мясцовыя вырабнікі шампіньёнаў скардзяцца на тое, што слабы брытанскі фунт, ад якога залежыць эканоміка Зялёнай выспы, змушае іх да масавых звальненьняў ды замовы польскіх грыбоў.

Брытанская фірма, што займаецца вырошчваньнем малін, у Польшчу пераносіць свае плянтацыі, каб у пэрспэктыве (пасьля выхаду Альбіёну з Эўразьвязу) пазьбегнуць мытных плацяжоў ды праблемаў з сэзоннай працоўнай сілай. У сваю чаргу, ангельская кампанія Southern Salads, якая спэцыялізуецца на сьвежай гародніне, звальняе 260 працаўнікоў. З-за нестабільнага фунту прадпрыемства ня можа больш купляць сыравіну ва ўсходняй Эўропе па коштах, на якіх настойваюць партнэры.

Паводле назіральнікаў, гэтыя праблемы – толькі пачатак таго, што чакае сэктар зімой. Празь некалькі месяцаў брытанскія кампаніі будуць вымушаныя імпартаваць яшчэ даражэйшае харчаваньне зь Італіі ці Гішпаніі. У размове з журналістам выданьня эканаміст Якуб Аліпра адзначае, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве польскія вытворцы маглі б прыйсьці на брытанскі рынак са сваімі гатовымі сумесямі гародніны. Але пасьля брэксіту на фоне зьвязаных зь ім перашкодаў у гандлі экспартаваць сваю прадукцыю на астравы будзе значна цяжэй.

Зь іншага боку, усё больш брытанскіх вытворцаў будуць задумвацца аб пераносе свайго бізнэсу ў кантынэнтальную Эўропу, каб захаваць за сабой доступ да агульнага рынку. І, паводле спэцыяліста, Польшча ў гэтым сэнсе зьяўляецца асабліва прывабным варыянтам. Перш за ўсё, гэта зьвязана з адносна нізкім коштам працы, добрым геаграфічным становішчам ды разьвіцьцём транспартнай інфраструктуры.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт