Logo Polskiego Radia
Print

Польскі прэзыдэнт - за зьмены ў Канстытуцыю

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 26.08.2017 13:30
  • Канстытуцыя.mp3
Праз 20 гадоў пасьля прыняцьця Канстытуцыі ў Польшчы зьявіліся прапановы памяняць асноўны закон.
Foto: PAP/Adam Warżawa

У Гданьску прайшла канфэрэнцыя пад назвай «Канстытуцыя для грамадзян, а не для элітаў?».

Канфэрэнцыю зладзілі незалежныя прафсаюзы «Салідарнасьць». Ініцыятары дыскусіі заявілі, што цяперашні Асноўны закон, прыняты ў 1997-м годзе, мае слаба разьвітыя інструмэнты прамой дэмакратыі ды недакладны падзел улады. Пра гэта падчас канфэрэнцыі заявіў кіраўнік прафсаюзаў Пётр Дуда.

Пётр Дуда: Мы ня хочам саступак з боку дэпутатаў, каб яны давалі дазвол на грамадзкі рэфэрэндум. Для нас вельмі важна, каб у новай канстытуцыі не забыць пра ўзмацненьне інструмэнту мясцовых і нацыянальных рэфэрэндумаў. Гэты напрамак – прамая дэмакратыя – важная тэма нашых дыскусій. Дагэтуль у нашай краіне не адбылося аніводнага рэфэрэндума, бо палітыкі сказалі не.

Удзел у канфэрэнцыі ўзяў таксама прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Польскі лідар падтрымлівае ідэі правядзеньня рэфэрэндума па пытаньні зьмен у канстытуцыю. Анджэй Дуда заявіў у Гданьску, што цяперашняя канстытуцыя мае шэраг добрых рашэньняў, але ёсьць шмат такіх, якія аказаліся памылкай.

Анджэй Дуда: Ёсьць вельмі шмат добрых элемэнтаў, такіх, што апраўдалі сябе. Аднак ёсьць шмат істотных элемэнтаў, якія не апраўдалі сябе, не здалі іспыты, напісаныя так, што зьяўляюцца пустой фразай. Напрыклад, сацыяльная рынкавая эканоміка. У Польшчы няма такой эканомікі, мы яе толькі будуем. Ёсьць шмат падобных абшараў, пра якіх кажуць незалежныя прафсаюзы, што іх трэба як мінімум удакладніць.

Прэзыдэнт хоча, каб цягам бліжэйшага года Канстытуцыя і пытаньне зьменаў стала прадметам агульнанацыянальных дэбатаў. Асабліва таму, што насьпела неабходнасьць шырокафарматных зьмен: эканамічных, палітычных і сацыяльных.

Анджэй Дуда: Пэнсійны ўзрост – вельмі важная справа, якую трэба гарантаваць у Канстытуцыі, таксама ўзровень сацыяльных гарантый для інвалідаў ці сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасьцямі. Ці павінны мы ў Канстытуцыі прапісаць дапамогу для сем’яў 500+, як павінен выглядаць падзел улады, ці хочам выбраць прэзыдэнта на выбарах. Гэтыя пытаньні мы павінны абмяркоўваць. Я рады, што пачынаецца гэтая дыскусія.

Ідэю ўнясеньня шырэйшых сацыяльных гарантый у Канстытуцыю падтрымаў маршалак Сэнату Станіслаў Карчэўскі. Новы Асноўны закон павінен гарантаваць палякам высокі стандарт жыцьця, заявіў палітык падчас выступу на канфэрэнцыі.

Станіслаў Карчэўскі: Павінна быць гарантыя для рэалізацыі такіх правоў, як права на навуку, на бясплатнае навучаньне, лячэньне. Таксама я перакананы, што ў новую канстытуцыю трэба запісаць гарантыі для праграмы 500+.

Маршалак Сэнату заявіў таксама, што разьлічвае на лепшыя канстытуцыйныя гарантыі абароны правоў для палякаў, што жывуць за мяжой. Палітык выказаў меркаваньне, што канстытуцыйны рэфэрэндум павінен адбыцца восеньню 2018-га года, разам з мясцовымі выбарамі.

У сваю чаргу прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда запрапанаваў правесьці рэфэрэндум у Дзень незалежнасьці Польшчы 11-га лістапада.

Анджэй Дуда: Я хацеў бы, каб рэфэрэндум прайшоў 11-га лістапада, альбо 10-11 два дні. Гэта важны дзень для ўсіх нас палякаў. Мы ўсе прывязаныя да незалежнасьці Польшчы, сувэрэнітэту. Мы ведаем, што толькі ў такой дзяржаве можам вырашаць свой лёс і будаваць сваю будучыню.

У Польшчы пачынаецца дыскусія пра ўнясеньне зьмен у Канстытуцыю. З такой ініцыятывай выйшлі незалежныя прафсаюзы, іх падтрымаў прэзыдэнт краіны. Гучаць прапановы правесьці канстытуцыйны рэфэрэндум восеньню будучага году.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт