Logo Polskiego Radia
Print

"Паўночнакарэйскія ракеты - ужо далёка не макеты для парадаў"

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 29.08.2017 18:11
  • Паўночнакарэйскія ракеты - ужо далёка не макеты для парадаў.mp3
Польскі экспэрт Оскар Пятрэвіч камэнтуе чарговыя выпрабаваньні, праведзеныя Пхеньянам у аўторак раніцай.
pixabay.com/Public Domain CC0

Паўночная Карэя ізноў прымусіла гаварыць пра сябе. Гэтай раніцай улады КНДР правялі чарговы запуск ракеты. Здавалася б, нічога новага, але інцыдэнт выклікаў сапраўдны перапалох у суседзяў.

Градус напружанасьці працягвае расьці. Паводле назіральнікаў, сытуацыя больш сур’ёзная, чым дагэтуль. Пуск ракеты Паўночная Карэя ажыцьцявіла каля шостай гадзіны раніцы паводле мясцовага часу. У якасьці пляцоўкі выбралі палігон, што знаходзіцца на тэрыторыі Пхеньяну. Як пазьней паведамілі амэрыканскія ваенныя, снарад невядомага тыпу быў накіраваны ў бок Ўсходняга мора. Перад тым як упасьці ў акваторыі Ціхага акіяну, ён праляцеў над паўночнымі рэгіёнамі Японіі.

Мясцовыя ўлады распаўсюдзілі экстраннае паведамленьне – людзям параілі схавацца ў падвалах. Пры гэтым было вырашана не зьбіваць ракету. Прадстаўнікі афіцыйнага Токіо назвалі гэты запуск беспрэцэдэнтнай пагрозай. Беручы пад увагу сур’ёзнасьць здарэньня, Японія, ЗША ды Паўднёвая Карэя ініцыявалі на аўторак правядзеньне экстраннага паседжаньня Савету бясьпекі ААН. Сытуацыю вакол паўночнакарэйскіх вучэньняў нашай рэдакцыі пракамэнтаваў экспэрт дасьледчага цэнтру «Польшча-Азія» Оскар Пятрэвіч.

Оскар Пятрэвіч: Чарговыя выпрабаваньні зьяўляюцца адначасова чымсьці новым і старым. Новым, паколькі апошні запуск быў іншым з пункту гледжаньня якасьці. Сёньняшнюю спробу можна параўнаць з сапраўднымі ваеннымі вучэньнямі. То бок, у выпадку ўзброенага канфлікту менавіта так выглядаў бы паўночнакарэйскі ўдар. Тое, што зрабіў Пхеньян, зьяўляецца ілюстрацыяй тых словаў, якія гучалі на пачатку гэтага месяцу адносна выспы Гуам. Улады КНДР заяўлялі, што гатовыя атакаваць амэрыканскія базы, якія там знаходзяцца. І гэтыя выпрабаваньні мелі паказаць, што Паўночная Карэя насамрэч мае ўсё неабходнае дзеля гэтага. Старым зьяўляецца тое, што сёньняшні запуск паказвае вынікі шматгадовай працы па разьвіцьці ракетнага патэнцыялу. Пхеньян валодае снарадамі рознай моцы. Гэта ўжо далёка не макеты для парадаў, як казалі раней назіральнікі.

Паводле нашага суразмоўцы, сёньняшнім выпрабаваньнем улады Паўночнай Карэі імкнуліся даказаць, што валодаюць рэальным ваенным патэнцыялам. Пры гэтым ціск з боку міжнароднай супольнасьці не прымусіць Пхеньян адмовіцца ад сваіх плянаў. Складваецца ўражаньне, што міжнародныя санкцыі ды іншыя спробы стрымаць КНДР рэжым Кім Чэн Ына ўспрымае як дадатковы стымул працягваць сваю ядзерную праграму. Аднак, магчымасьць узброенага канфлікту мінімальная, лічыць Оскар Пятрэвіч.

Оскар Пятрэвіч: На маю думку, гэтыя выпрабаваньні не сьведчаць аб тым, што КНДР бліжэйшым часам адважыцца на ўдар па праціўніках. Гэта пазбаўлена сэнсу, і ваеннае кіраўніцтва ў Пхеньяне гэта цудоўна разумее. Бо калі армія КНДР распачне канфлікт, пасьля адказу з боку Злучаных Штатаў краіна будзе зьнішчаная. Тое, што робіць Паўночная Карэя, больш выглядае, як элемэнт зьнешняй палітыкі. Краіна паказвае, што моцная ды рашучая і з такой пазыцыі хоча пачаць дыялёг. То бок, нягледзячы ні на што, правакацыйная палітыка можа быць запрашэньнем да размоваў на паўночнакарэйскіх умовах.

Разам з тым, экспэрт адзначае – у падобных сытуацыях адзін з бакоў можа ня вытрымаць напружаньня. Скажам, Злучаныя Штаты аднойчы паспрабуюць зьбіць паўночнакарэйскую ракету, і тады пазьбегнуць канфлікту будзе складана. Але імавернасьць такога сцэнару Оскар Пятрэвіч ацэньвае як невысокую.

Оскар Пятрэвіч: На маю думку, мы маем дачыненьне з сытуацыяй, у якой кожны з бакоў прыглядаецца да іншага. Амэрыканцы сочаць за тым, што робіць КНДР, а Паўночная Карэя, у сваю чаргу, глядзіць, як іншыя краіны рэагуюць, каб зразумець, што яшчэ Пхеньян можа сабе дазволіць. Усе разумеюць, што ніхто не хацеў бы выклікаць канфлікт, і менавіта таму КНДР сабе шмат чаго дазваляе. Але гэта не азначае, што сытуацыя простая, а тым больш, мірная. Застаецца пытаньне – што зрабіць з такой краінай, калі яна відавочна ідзе на правакацыі?

Оскар Пятрэвіч адзначае, што ў дадзеным выпадку палітыка пагрозаў ды санкцыяў вычарпала сябе. Таму верагодна, што паўплываць на Паўночную Карэю міжнародная супольнасьць паспрабуе дыпляматычным шляхам. Аднак для гэтага прыйдзецца распрацаваць спэцыяльную стратэгію. Відавочна, што пакуль выразнага пляну дзеяньняў няма.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт