Logo Polskiego Radia
Print

Тэрлецкі: Менск не зацікаўлены сварыцца з Эўропай

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 01.09.2017 16:58
  • Менск не зацікаўлены сварыцца з Эўропай.mp3
У апошні дзень візыту ў Беларусь польская парлямэнцкая дэлегацыя наведала Гарадзенскую вобласьць.
Фота: Амбасада Польшчы ў Беларусі/twitter.com

Праблемам польскай меншасьці была прысьвечаная апошняя частка візыту дэлегацыі Сэйму ў Беларусь. У чацьвер віцэ-сьпікер ніжняй палаты парлямэнту Польшчы Рышард Тэрлецкі сустрэўся з кіраўніком неафіцыйнага Саюзу палякаў.

Размова, што адбылася ў Горадні, стала фіналам трохдзённага візыту парлямэнцкай дэлегацыі на чале з Рышардам Тэрлецкім. Пытаньні, зьвязаныя з палякамі Беларусі, на гэтым тыдні госьці ўжо пасьпелі абмеркаваць, сустракаючыся з прадстаўнікамі ўладаў у Менску, а таксама з кіраўніцтвам Гарадзенскага рэгіёну, дзе адсотак этнічных палякаў самы істотны. Пошукаў кампрамісу патрабуе, у прыватнасьці, праблема саюзаў палякаў. Іх у Беларусі два. Адзін прызнаюць улады краіны, другі – афіцыйная Варшава. Гэтае пытаньне ўздымалася парлямэнцкай дэлегацый падчас візыту. Кажа Рышард Тэрлецкі.

Рышард Тэрлецкі: Мы прапануем, каб беларускі бок прызнаў нелегальны саюз, мы прызнаем праўрадавы саюз ды іншыя арганізацыі, што дзейнічаюць зараз. Думаю, пасьля гэтага будзе больш здаровая сытуацыя. Але беларусы прапануюць, каб быў адзіны саюз. То бок, палякі павінныя дамовіцца паміж сабой і ўтварылць адну арганізацыю. На маю думку, гэта нерэальна. У кожным разе, пытаньне яшчэ патрабуе намаганьняў ды перамоваў.

Падчас спатканьня з кіраўніком непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжалікай Борыс шмат увагі было нададзена пытаньням адукацыі. І ў прыватнасьці, функцыянаваньню польскіх школаў на тэрыторыі краіны. Пытаньне асабліва актуальнае, калі ўлічваць пачатак новага навучальнага году. Працягвае Анжаліка Борыс.

Анжаліка Борыс: Візыт польскай дэлегацыі вельмі важны для нас. Нам было патрэбна, каб падчас размоваў на парлямэнцкім узроўні здымаліся пытаньні польскай адукацыі. Па-першае, ня ўсе жадаючыя былі прынятыя ў польскую школу ў Горадні. Акрамя таго, нас непакояць зьмены ў Кодэкс аб адукацыі, якія можа зацьвердзіць парлямэнт. У выніку ёсьць пагроза таго, што навучаньне ў польскіх школах будзе весьціся не па-польску. Добра, што віцэ-сьпікер уздымаў гэтыя праблемы ў размовах зь беларускімі ўладамі.

У размове з журналістамі Рышард Тэрлецкі заявіў, што ў цэлым сытуацыю з польскай адукацыяй у Беларусі нельга назваць дрэннай. У гэтым годзе на тэрыторыі краіны адкрылі тры новыя клясы. У тым ліку, адна ў Менску. Што тычыцца сытуацыі ў Горадні, то Варшава спадзяецца на хуткае рашэньне праблемы.

Рышард Тэрлецкі: Мы тлумачым беларускім уладам, што гэта дробязь (у маштабах краіны, канешне, а не для сем’яў, што апынуліся ў гэтай сытуацыі), і будзе крыўдна, калі яна сапсуе нашыя стасункі. Паглядзім, ці зразумеюць партнэры гэта.

Падводзячы вынікі візыту, Рышард Тэрлецкі яшчэ раз закрануў тэму мэдыяў. Польскі бок не адмаўляецца ад ідэі вяшчаньня ў беларускіх кабэльных сетках тэлеканалу Polonia. Разам з тым, кіраўнік парлямэнцкай дэлегацыі ня бачыць рэальнай пагрозы для «Белсату».

Рышард Тэрлецкі: Мы намагаемся, каб канал Polonia быў даступны хаця б на тых тэрыторыях, дзе больш за ўсё палякаў. Але лепей, калі ён будзе вяшчаць ва ўсёй краіне. У мінулым годзе нам казалі, што гэта вельмі рэальна, але нічога не адбылося. Таму зараз мы падыходзім да абяцаньняў асьцярожна. Што тычыцца «Белсату», то, наколькі мне вядома, яму нічога не пагражае. Канал працягне функцыянаваць. Ёсьць ідэя, каб рэдакцыя фінансавалася грамадзкім тэлебачаньнем, а не Міністэрствам замежных справаў. Гэта дазволіць зьняць зь «Белсату» шыльду «дзяржаўнасьці». Канал мусіць стаць больш незалежным.

Наведваючы Беларусь з візытам, польскія парлямэнтарыі не абышлі бокам сытуацыю з правамі чалавека. Паказальнымі ў гэтым сэнсе павінны стаць выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Галасаваньне заплянаванае на люты будучага году. Паводле Рышарда Тэрлецкага, у выбарчых камісіях мусяць прысутнічаць прадстаўнікі розных палітычных сілаў.

Рышард Тэрлецкі: Мы размаўлялі аб тым, што Беларусь павінна быць зацікаўленая, каб пытаньне правоў чалавека не зьяўлялася ў грамадзкай прасторы Эўропы. У прыватнасьці, каб не было палітвязьняў ды іншых інцыдэнтаў, якія б перашкаджалі будаваць добрыя стасункі з Эўразьвязам ды Польшчай. Гэта складана, але, думаю, рэальна, бо ўлады разумеюць сытуацыю. Канфлікт з Эўропай ня будзе карысным. Трэба браць пад увагу таксама эканамічную сытуацыю.

З трохдзённым візытам у Беларусь польская дэлегацыя (у яе склад увайшлі таксама прадстаўнікі ўраду) прыбыла ў аўторак. Госьці правялі перамовы ў парлямэнце, сустрэліся з прадстаўнікамі апазыцыі, бізнэсоўцамі, а таксама каталіцкім духавенствам.

Васіль Садоўскі/Уладзімер Пац

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт