Logo Polskiego Radia
Print

Неспакойны пачатак новага навучальнага году ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.09.2017 15:28
  • школа.mp3
Настаўнікі і бацькі пратэстуюць супраць рэформы, урад абяцае, што школа будзе лепшай.
photo: pixabay.com/Creative Commons CC0

Сёлета новы навучальны год у польскіх пачатковых і сярэдніх школах пачаўся ня так, як звычайна – ня першага верасьня, а чацьвёртага. І гэта не канец зьменаў. Адукацыйная сыстэма праходзіць грунтоўную рэканструкцыю, а школьнікі ды іх бацькі з трывогай сочаць за тым, што ім прынясуць гэтыя перамены.

Рэформа сыстэмы адукацыі заключаецца, у прыватнасьці, у ліквідацыі гімназіяў. Замест шасьцігадовай базавай школы, трохгадовай гімназіі і таксама трохгадовага ліцэя вучні будуць вучыцца ў васьмігадовай базавай школе ды чатырохгадовым ліцэі. Як кожная значная зьмена, гэтая рэформа таксама не праходзіць поўнасьцю гладка. Пратэстуюць між іншым прафсаюзы настаўнікаў, паколькі пэдагогі баяцца звальненьняў, таксама многія школьнікі, а хутчэй іх бацькі, незадаволеныя карэкціроўкай праграмы навучаньня.

Сёньня прадстаўнікі кіруючых сілаў супакойвалі, што рэформа адбываецца на карысьць вучняў і настаўнікаў, а школа будзе лепшай. Меркаваньнем прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла, рэформа адукацыі была старанна падрыхтаваная, адбыліся грамадзкія слуханьні з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, а польская школа будзе добрай і сучаснай.

Б. Шыдла: Гэта будзе школа, у якой кожны будзе мець роўныя шанцы на атрыманьне грунтоўных ведаў, незалежна ад таго, з якой ён сям’і, у якой мясцовасьці пражывае, якія матэрыяльныя магчымасьці ягоных бацькоў.

Урад імкнецца супакоіць пратэсты і незадаволенасьць настаўнікаў, абяцаючы, між іншым, павышэньне зарплаты – на 15% цягам трох гадоў. Міністар адукацыі Анна Залеўска нагадвае, што міністар разьвіцьця і фінансаў Матэвуш Маравецкі згадзіўся выдзеліць дадатковыя сродкі з дзяржаўнага бюджэту на павышэньне зарплаты настаўнікаў.

А. Залеўска: Намесьнік прэм’ера Матэвуш Маравецкі падчас падрыхтоўку бюджэтнага закону пацьвердзіў, што ёсьць дадатковыя сродкі – звыш аднаго мільярда злотых у 2018 годзе. Прэм’ер-міністар прадставіць падрабязнасьці павышэньня зарплаты падчас пачатку новага навучальнага году.

Ня ўсе настаўнікі вераць у абяцаньні прадстаўнікоў ураду. На першы дзень навучальнага году прафсаюзы пэдагогаў заплянавалі маніфэстацыі пратэсту ў розных месцах Польшчы. Дзеячы Зьвязу польскіх настаўнікаў кажуць, што яны згодныя: зьмены ў школьніцтве патрэбныя, але нельга іх уводзіць такім чынам. Зьвяз і апазыцыя патрабавалі правядзеньня рэфэрэндуму па пытаньні рэформы. Пад пэтыцыяй за яго правядзеньне падпісалася 900 тыс. чалавек. Парлямэнт адмовіўся разглядаць гэты праект. У панядзелак маніфэстацыя супраць рэформы адбываецца ня толькі ў Варшаве, але таксама ў Лодзі, Кракаве ды Познані.

Палітычная апазыцыя выказвае ўласны пратэст супраць увядзеньня рэформы адукацыі. На думку дэпутата партыі «Сучасная» Адама Шлапкі, рэформа слаба падрыхтаваная, непрадуманая. Міністэрства адукацыі не было гатовае на перамовы, не хацела нікога слухаць.

А. Шлапка: Толькі зьліквідавалі гімназіі, няма новага вітка ў якасьці навучаньня, наадварот, паявілася больш ідэалёгіі ў школе. Міністэрства не хацела прыслухоўвацца да скептычных заўвагаў, ня слухала настаўнікаў, вучняў, бацькоў. Ня столькі важнае тое, ці застануцца гімназіі, ці не, самае важнае – зьмена ў якасьці падрыхтоўкі школьнікаў. Трэба ісьці ў гэтым напрамку – якасьці навучаньня, даць муніцыпальным органам больш свабоды ў галіне адукацыі, у тым, як школы павінны функцыянаваць.

Ня ўсіх цікавіць праграма навучаньня і назва школы. Для службы правапарадку больш важна, каб вучні бясьпечна дайшлі або даехалі да адукацыйнай установы. Як штогод, паліцыя пачынае акцыю «Бясьпечная дарога ў школу». Кампанія працягваецца першы тыдзень новага навучальнага году, – гаворыць Радаслаў Кобрысь з Галоўнай камэндатуры паліцыі.

Р. Кобрысь: У рамках акцыі паліцэйскія будуць правяраць разьметку на дарогах вакол школ, ці пасажыры, асабліва дзеці, едуць у машынах паводле ўсіх правілаў дарожнага руху. Паліцыя будзе зьвяртаць асаблівую ўвагу на паркоўку аўтамабіляў, а нават на тэхнічны стан машын. Неўзабаве пачнуцца першыя экскурсіі, паліцэйскія правераць тэхнічны стан аўтобусаў, на якіх паедуць дзеці.

Мэта акцыі – зьвесьці да мінімуму дарожна-транспартныя здарэньні з удзелам дзяцей. Кожныя суткі каля 4,5 тысяч паліцэйскіх будзе задзейнічаных пры праверцы сытуацыі на дарогах вакол адукацыйных устаноў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт