Logo Polskiego Radia
Print

"Чалавекам году" ў Польшчы стала прэм'ер-міністар Б. Шыдла

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.09.2017 13:42
Б. Шыдла: Я – толькі капітан каманды, якая паставіла перад сабою задачу зьмяніць Польшчу.
PAP/Grzegorz Momot

Як мы ўжо паведамлялі ў нашых перадачах, у Крыніцы на поўдні Польшчы ўчора пачалося прэстыжнае міжнароднае мерапрыемства – XXVII Эканамічны форум. Падчас сустрэчы палітыкаў і прадпрымальнікаў з розных краін, штогод адбываецца прысваеньне званьня «Чалавек году».

На гэты раз чалавекам году стала прэм’ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла. Узнагароду прысвойвае праграмная рада форуму. Сярод намінантаў былі таксама іншыя асобы, не зьвязаныя непасрэдна з бягучай польскай палітыкай, у тым ліку прадстаўнікі замежных дзяржаў. Пасьля аб’яленьня вэрдыкту журы, Бэата Шыдла ў сваім выступленьні дзякавала калегам з ураду за сумесную працу.

Б. Шыдла: Я – толькі капітан каманды, якая паставіла перад сабою задачу зьмяніць Польшчу. Гэта ўзнагарода, якую павінны атрымаць мае калегі, супрацоўніцы і супрацоўнікі, якія сядзяць тут, у гэтай залі. Мы разам штодзённа працуем у складзе ўраду. Гэта вельмі нялёгкая праца. І менавіта мае калегі рэалізуюць усе гэтыя маштабныя праекты і праграмы, пра якія тут сёньня згадвалі. І гэта таксама ўзнагарода, якую павінны атрымаць усе вакол мяне.

Бэата Шыдла заявіла на форуме, што польскі ўрад зробіць усё магчымае дзеля падтрымкі польскіх прадпрымальнікаў. Яна адзначыла, што адна з важнейшых задач дзяржавы – стварыць такі бізнэс-клімат, які дазволіць будаваць моц польскіх брэндаў. Прэм’ер казала перш за ўсё пра выхад польскіх марак на замежныя рынкі і дадала, што яе цешыць вяртаньне гэтак званага эканамічнага патрыятызму.

Б Шыдла: Я спадзяюся, ужо ня вернуцца тыя часы, калі палітыкі былі перакананыя, што замежны капітал – гэта адзіны шлях да павышэньня дабрабыту жыхароў Польшчы. Дзеля таго, каб у нашай краіне назіралася стабільнае разьвіцьцё, патрэбныя больш салідныя фундамэнты. На нашу думку, такім фундамэнтам павінны стаць моцныя польскія брэнды.

Факт, што ўдзельнікі форуму назвалі аднаго з высокапастаўленых чальцоў ураду чалавекам году, не зьдзіўляе. Аднак многія камэнтатары меркавалі, што чалавекам году стане хутчэй віцэ-прэм’ер, міністар разьвіцьця і фінансаў Матэвуш Маравецкі, які лічыцца правай рукой старшыні партыі «Права і справядлівасьць» Яраслава Качыньскага. На думку публіцысткі выданьня левай арыентацыі «Крытыка палітычна» Агаты Дзідушка-Зыглеўскай, эканамічны форум у Крыніцы прысвойвае званьне «Чалавек году» як правіла тым, хто знаходзіцца пры ўладзе. Камэнтар прагучаў у эфіры радыёстанцыі «Радыё для цябе».

А. Дзідушка-Зыглеўска: Эканамічны форум узнагароджвае людзей, якія ў дадзены момант кіруюць дзяржавай. Летась прэстыжнае званьне атрымаў Яраслаў Качыньскі, нейкі час таму – Дональд Туск. Так што форум хутчэй не кіруецца важнымі эканамічнымі прадпасылкамі, а проста любіць ушаноўваць людзей улады, і ў гэтым сэнсе ўзнагарода не зьяўляецца нечаканасьцю.

Канешне, можна скептычна казаць пра заслугі Бэаты Шыдла і шукаць памылак сярод яе рашэньняў, але факты гавораць самі за сябе – польская эканоміка пад кіраўніцтвам ураду Шыдла разьвіваецца імклівымі тэмпамі, беспрацоўе падае, дзяржаўны бюджэт стабільны, а сытуацыя польскіх прадпрыемстваў увесь час паляпшаецца. Нельга не цаніць гэтых дасягненьняў, асабліва калі ўзяць пад увагу, што ўрад Бэаты Шыдла шмат увагі прысьвячае сацыяльным пытаньням – была ўведзеная каштоўная праграма дапамогі для сем’яў зь дзецьмі 500+, паніжаны пэнсійны ўзрост. Гэтыя рэформы патрабуюць вялікіх фінансавых выдаткаў.

Сярод намінантаў званьня «Чалавек году» былі, у прыватнасьці, віцэ-прэм’ер Матэвуш Маравецкі, заслужаны прафэсар юрыдычных навук, першы старшыня Вярхоўнага суду Адам Стшэмбош, прэм’ер-міністар Эстоніі Юры Ратас, кіраўнік рады міністраў Летувы Саўлюс Сквэрняліс, старшыня Зьвязу варшаўскіх паўстанцаў генэрал Зьбігнеў Сьцібор-Рыльскі і кіраўнік управы кампаніі ІТ-тэхналёгій Comarch Януш Філіпяк.

У мінулыя гады званьне чалавека году атрымалі, між іншым, галава Вугоршчыны Віктар Орбан, старшыня партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі, польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск, чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавел, прэзыдэнты Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі і Лех Валэнса.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт