Logo Polskiego Radia
Print

Самы магутны ў Беларусі ветрагенэратар запусьцілі пад Наваградкам

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 18.09.2017 18:06
  • Самы магутны ў Беларусі ветрагенэратар запусьцілі пад Наваградкам.mp3
Маштабны энэргетычны праект мясцовая кампанія рэалізавала з дапамогай польскага капіталу.
Фота: Алена Ганцэвіч/novgazeta.by

Самы магутны ў Беларусі ветрагенэратар запусьцілі пад Наваградкам. Маштабны энэргетычны праект мясцовая кампанія рэалізавала з дапамогай польскага капіталу.

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Энветр» працуе ў альтэрнатыўнай энэргетыцы ўжо ня першы год. У канцы 2015 беларуская кампанія запусьціла пад Наваградкам два ўжываныя ветракі. На абсталяваньне патрацілі каля 2 мільёнаў даляраў. Неўзабаве быў анансаваны яшчэ адзін праект. Гэтым разам вырашылі паставіць абсалютна новы ветрагенэратар. Па ўсіх асноўных характарыстыках ён пераўзыходзіць устаноўкі, што працавалі ў Беларусі дагэтуль. Пра ўнікальнасьць аб’екту для краіны нашай рэдакцыі расказаў дырэктар кампаніі «Энветр» Віктар Туцін.

Віктар Туцін: Яго максымальная моц – 3,3 МВт. Столькі генэратар можа вырабляць за гадзіну пры хуткасьці ветру 10 мэтраў на сэкунду. Раней самая высокая магутнасьць ветравога генэратара ў Беларусі складала 1,75 МВт. Другая адметнасьць заключаецца ў тым, што ён пачынае вырабляць энэргію ўжо пры хуткасьці ветру 2,5 мэтры на сэкунду, што для многіх установак недасягальна. Вышыня мачты – 117 мэтраў, даўжыня крылаў – 56 мэтраў. Уся электраэнэргія будзе перадавацца ў сетку «Гродноэнерго» для жыхароў ды прадпрыемстваў.

Устаноўка каштавала прыблізна 4 мільёны даляраў. Тарыфы, па якіх дзяржава будзе набываць энэргію, атрыманую з дапамогай ветрака, дазволяць акупіць яго за 7 гадоў. Адзначым, тэрмін службы такога абʼекту – ад 20 да 25 гадоў. Як паведаміў нам Віктар Туцін, праект рэалізаваны пры актыўным удзеле замежных партнэраў.

Віктар Туцін: Польскі бок фінансаваў гэты праект. Ён жа арганізаваў дастаўку генэратара на тэрыторыю Беларусі, а таксама займаўся мантажам. А дацкая кампанія Vestas – гэта кампанія-вытворца, найбуйнейшая ў сьвеце. Непасрэдна ў яе набывалася гэтая ўстаноўка. Гэта першы праект датчан у Беларусі, зьвязаны зь ветравымі ўстаноўкамі.

Паводле Віктара Туціна, умовы на беларускім рынку альтэрнатыўнай энэргіі паступова зьмяняюцца, але як менавіта ён будзе выглядаць у будучым, пакуль сказаць даволі складана. Многае залежыць ад тарыфнай палітыкі дзяржавы пасьля ўвядзеньня ў эксплёатацыю атамнай электрастанцыі пад Астраўцом. Прадстаўнікі бізнэсу не выключаюць, што запатрабаваньне ў энэргіі зьменшыцца, і перш за ўсё гэта адчуюць на сабе менавіта прыватныя прадпрыемствы. Рызыкі бачыць таксама юрыст, экспэрт у галіне альтэрнатыўнай энэргетыкі Дарʼя Жук.

Дарʼя Жук: Я думаю, асноўная рэч, якая пагражае гэтаму сэктару – запуск атамнай станцыі. Мы разумеем, што, верагодна, у бліжэйшы час будзем мець залішак электраэнэргіі. Хаця, калі правільна ўсё структураваць і вырашыць, дзе яе можна выкарыстоўваць, думаю, пытаньне можна вырашыць эфэктыўна для ўсіх бакоў. Што тычыцца цяперашніх праектаў, то яны рэалізуюцца без усялякіх праблемаў.

Дарʼя Жук нагадала, што ўжо цягам двух гадоў беларускі ўрад выкарыстоўвае ў дачыненьні да зялёнай энэргіі сыстэму квотаў. Кожны з прэтэндэнтаў на будаўніцтва ветракоў ці, скажам, біягазавых установак, мусіць браць удзел у конкурсе. У тых кампаніяў, якія прапануюць найбольш выгадныя ўмовы паставак, дзяржава набывае электрычнасьць па павышаным тарыфе. Цікава, што пасьля ўвядзеньня новых правілаў на беларускім рынку назіраюцца пэўныя тэндэнцыі, кажа Дарʼя Жук.

Дарʼя Жук: Бачны трэнд з боку Міністэрства энэргетыкі па скарачэньні квотаў. Штогод яны прызначаюцца на наступныя тры гады, але мы бачым, што ў параўнаньні з 2015 годам паступова адбываецца даволі жорсткае зьніжэньне квотаў. То бок, рынак звужаецца. Акрамя таго, мы бачым плянамернае зьніжэньне каэфіцыэнтаў, якія фармуюць кошты. Раней гэтым займалася Міністэрства эканомікі, цяпер Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня. Каэфіцыенты таксама зьніжаюцца штогод. Таму інвэстары, афармляючы заяўкі на тэндэр таксама вымушаныя зьніжаць тарыфы. У выніку кіляват зялёнай энэргіі зараз каштуе значна менш, чым яшчэ два гады таму. На маю думку, бум у гэтай сфэры ўжо прайшоў.

Тым ня менш, паводле Дарʼі Жук, праекты ў галіне альтэрнатыўнай энэргетыкі ўсё яшчэ застаюцца прывабнымі. Па-першае, гэта зьвязана зь дзяржаўнымі гарантыямі своечасовага разьліку. А па-другое, трэба памятаць, што з разьвіцьцём тэхналёгіяў зьніжаецца кошт вытворчасьці экалягічнай электрычнасьці.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт