Logo Polskiego Radia
Print

Грамадзянка Нарвэгіі просіць прытулку ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 19.09.2017 16:20
На радзіме жанчыне пагражае пазбаўленьне бацькоўскіх правоў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Грамадзянка Нарвэгіі просіць прытулку ў Польшчы. На радзіме жанчыне пагражае пазбаўленьне бацькоўскіх правоў, паведамляе сёньня інтэрнэт-партал wp.pl са спасылкай на газэту Nasz Dziennik. Сваю просьбу Сілье Гармо, у якой нарвэскія ўлады могуць адабраць старэйшую 12-гадовую дачку, накіравала ва Ўпраўленьне па справах іншаземцаў. Паведамляецца, што праблема з нарвэскімі ўладамі ў заможнай, добра адукаванай жанчыны ўзьнікла пасьля ананімнага даносу.

Нарвэскае Ўпраўленьне па справах апекі над дзецьмі без папярэдняга разьбіральніцтва абвінаваціла Гармо спачатку ў злоўжываньні абязбольваючымі прэпаратамі, а затым – у «хаатычным вобразе жыцьця» ды хранічнай стомленасьці. Падчас другой цяжарнасьці чыноўнікі сачылі за вынікамі абсьледаваньняў нарвэжкі, каб знайсьці доказ яе залежнасьці ад лекаў. Пацьвердзіць гэтае меркаваньне не атрымалася, але прадстаўнікоў упраўленьня гэта не спыніла.

Жанчыне ўдалося ўцячы са спэцыяльнага цэнтру для маладых маці і перабрацца ў Польшчу. Там дасьледаваньне правялі яшчэ раз, але вынік быў такі ж. Гармо – не адзіная жыхарка скандынаўскай краіны, якая разьлічвае на дапамогу афіцыйнай Варшавы. У бліжэйшы час яшчэ некалькі асобаў, якім пагражае Ўпраўленьне па справах апекі над дзецьмі, зьбіраюцца зьвярнуцца да ўладаў Польшчы. Праблема пазбаўленьня бацькоўскіх правоў у Нарвэгіі носіць масавы характар, што можа сьведчыць пра парушэньне правоў чалавека, адзначаюць аўтары матэрыялу.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт