Logo Polskiego Radia
Print

Анджэй Дуда: Польшча возьме актыўны ўдзел у рэфармаваньні ААН

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 20.09.2017 15:07
  • Польшча возьме актыўны ўдзел у рэфармаваньні ААН.mp3
Кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і вядучых дыпляматаў сабрала агульнапалітычная дыскусія 72 сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі абʼяднаных нацыяў.
Анджэй Дуда падчас прамовы ў Нью-ЁркуАнджэй Дуда падчас прамовы ў Нью-ЁркуPAP/Radek Pietruszka

Кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і вядучых дыпляматаў сабрала агульнапалітычная дыскусія 72 сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі абʼяднаных нацыяў. Першы дзень сустрэчы запомніцца гучнымі заявамі Дональда Трампа і дэмаршам расейскай дэлегацыі. З трыбуны ААН у Нью-Ёрку выступіў і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Агульнапалітычная дыскусія Генасамблеі ААН (сёлета яна праходзіць з 19 па 25 верасьня) традыцыйна становіцца арэнай гарачых дэбатаў на актуальныя міжнародныя тэмы. Сярод удзельнікаў – каля 120 прэзыдэнтаў, прэмʼер міністраў і кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў. Гэтым разам больш за ўсё ўвагі прысьвечана пытаньням зьмены клімату, барацьбе з экстрэмізмам ды тэрарызмам, а таксама ядзернай бясьпецы. Некаторыя з гэтых тэмаў падчас сваёй першай прамовы з трыбуны ААН закрануў амэрыканскі лідэр Дональд Трамп. У прыватнасьці, кіраўнік Белага дому выступіў з рэзкай заявай на адрас КНДР у сувязі зь ядзернай праграмай Пхэньяна.

Дональд Трамп: Злучаныя Штаты Амэрыкі валодаюць вялікай сілай, прызначанай для абароны сябе ды сваіх хаўрусьнікаў. Калі ў нас ня будзе заставацца іншага выйсьця, мы цалкам зьнішчым Паўночную Карэю.

Рыторыка Трампа пасьпела выклікаць хвалю крытыкі за мяжой. І, у прыватнасьці, у Эўропе. Камэнтуючы выступ амэрыканскага прэзыдэнта, міністар замежных справаў Швэцыі Маргот Вальстром адзначыла, што словы кіраўніка Белага дому прагучалі ня ў той час і не для той аўдыторыі. З падобнымі заявамі выступілі прадстаўнікі нямецкага ўраду. У Бэрліне вераць, што вырашыць праблему можна выключна дыпляматычным шляхам. У сваю чаргу, публічна Трампа падтрымалі ўлады Ізраілю і Паўднёвай Карэі. У першы дзень агульнапалітычнай дыскусіі ў штаб-ватэры ААН выступіў польскі прэзыдэнт. Анджэй Дуда падзякаваў за выбар Польшчы нясталым членам Рады Бясьпекі ААН.

Анджэй Дуда: З гэтага мейсца я хацеў бы шчыра падзякаваць за ўсе 190 галасоў, адданых за Польшчу. Гэта адзін з самых лепшых вынікаў у гісторыі выбараў членаў Рады Бясьпекі. Гэты выбар і гэты вынік – вялікі гонар для нас. Але гэта й вялікая адказнасьць. Дзякую супольнасьці аб’яднаных нацыяў за аказаны нам давер. Нашае членства ў Радзе Бясьпекі мы расцэньваем як абавязак прадстаўляць усе краіны ААН, нягледзячы на прыналежнасьць да пэўных рэгіянальных групаў.

Як адзначыў Анджэй Дуда, у Радзе Бясьпекі краіна будзе адстойваць вартасьці, асабліва істотныя для палякаў. Перш за ўсё, гаворка вядзецца пра права кожнага народу на сувэрэнітэт і свабоду. Польскі бок перакананы ў тым, што менавіта міжнароднае права зьяўляецца адзіным эфэктыўным мэханізмам падтрыманьня мірных стасункаў паміж дзяржавамі, адзначыў прэзыдэнт.

Анджэй Дуда: У сучасным сьвеце асобнымі аспэктамі, непасрэдна зьвязанымі з пытаньнямі бясьпекі, зьяўляюцца свабода слова і вольнасьць самавызначэньня ў межах сувэрэнных нацыянальных дзяржаваў. Я кажу пра гэта таму, што менавіта апошнім часам у цэлым шэрагу краінаў узмацнілася маніпуляцыя палітычнымі працэсамі з ужываньнем гібрыдных мэтадаў, прапаганды ці празь непасрэднае ўмяшаньне ў дэмакратычныя працэсы звонку.

Прэзыдэнт Польшчы таксама закрануў праблему бежанцаў. Паводле кіраўніка дзяржавы, узброеныя канфлікты на Блізкім Усходзе ды на поўначы Афрыкі, а таксама тэрарыстычная пагроза патрабуюць кансалідаваных дзеяньняў ад усёй міжнароднай супольнасьці.

Анджэй Дуда: Нашымі абавязкамі зьяўляюцца ліквідацыя галоўных прычынаў праблемы ўцекачоў і вяртаньне кожнаму чалавеку права жыць на сваёй радзіме. Гуманітарная дзейнасьць і садзейнічаньне ў разьвіцьці – менавіта на гэтых рэчах трэба сканцэнтравацца, каб уцекачы змаглі вярнуцца да дому.

Пазьней, размаўляючы з журналістамі, Анджэй Дуда адзначыў, што ў якасьці члена Рады Бясьпекі Польшча будзе актыўна працаваць над рэфармаваньнем Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

Анджэй Дуда: На маю думку, перш за ўсё, тут трэба наладзіць супрацоўніцтва з генэральным сакратаром Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, які кажа пра неабходнасьць рэформаў. Ён ужо распрацоўвае праект зьменаў. Я ўпэўнены, што гэта будуць слушныя прапановы. Думаю, генэральны сакратар арганізацыі атрымае нашую падтрымку. Са свайго боку, мы хочам удзельнічаць у гэтых працэсах.

Яшчэ адным сьпікерам у першы дзень агульнапалітычнай дыскусіі стала прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайце. З трыбуны ААН яна абвінаваціла Крэмль у нянавісьці да Захаду, доказам чаму, па словах кіраўніка балтыйскай дзяржавы, служаць вучэньні на тэрыторыі Беларусі. Адзначым, расейская дэлегацыя пакінула залю яшчэ перад пачаткам прамовы.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт