Logo Polskiego Radia
Print

Жыхары Каталёніі рыхтуюцца да рэфэрэндуму аб незалежнасьці

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 21.09.2017 17:12
Галасаваньне, якое адбудзецца 1 кастрычніка, гішпанскія ўлады называюць неканстытуцыйным.
PAP/EPA/Marta Perez

Жыхары Каталёніі рыхтуюцца да рэфэрэндуму аб незалежнасьці. Галасаваньне, якое адбудзецца 1 кастрычніка, гішпанскія ўлады называюць неканстытуцыйным. Чаму аўтаномны рэгіён так прагне самастойнасьці? Гэтым пытаньнем задаецца сёньня Gazeta Wyborcza. Калі футбольны клюб «Барсэлёна» дома прымае мадрыцкі «Рэал», а гадзіньнік на таблё паказвае 17 хвілінаў і 14 сэкундаў, заўзятары гаспадароў разам выкрыкваюць слова «незалежнасьць». Зьвязана гэта з тым, што менавіта ў 1714 годзе Каталёнія канчаткова ўвайшла ў склад Гішпаніі.

Выданьне нагадвае, неафіцыйны рэфэрэндум аб аддзяленьні адбыўся ў рэгіёне 3 гады таму. Тады ўдзел у ім узяла каля траціны мясцовых жыхароў. Больш за 80 адсоткаў зь іх падтрымалі ідэю незалежнасьці. Калі зараз большасьць на галоўнае пытаньне адкажа станоўча, самастойнасьць будзе абвешчаная цягам 48 гадзінаў пасьля падліку галасоў, кажа рэгіянальны ўрад. У сваю чаргу, Мадрыд спрабуе не дапусьціць такога сцэнару і пагражае турмой усім, хто хоць неяк зьвязаны з плебісцытам. Нават вытворцам скрыняў для галасаваньня ды ўладальнікам друкарняў, якія робяць бюлетэні. Напружаньне працягвае нарастаць, і 1 кастрычніка можа адбыцца ўсё, што заўгодна, адзначае выданьне.

Паводле назіральнікаў, галоўная прычына сэпаратысцкіх настрояў зьвязаная зь фінансамі. Каталёнія накіроўвае ў бюджэт краіны значна болей грошай, чым атрымлівае зь яго. Паводле падлікаў, штогод розьніца складае ад 8 да 11 мільярдаў эўра. Яшчэ адзін істотны фактар – славутае мінулае Каталёніі. У ХІІ стагодзьдзі, напрыклад, Барсэлёна была магутным геапалітычным цэнтрам, якому падпарадкоўваліся Валенсія, Корсыка, Сардынія, Сыцылія ды ня толькі. Зараз жа гішпанскі трон займае прадстаўнік дынастыі, якая пазбавіла Каталёнію незалежнасьці.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт