Logo Polskiego Radia
Print

Сыстэма аховы здароўя Польшчы рыхтуецца да рэкордных закупак

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 27.09.2017 18:06
Выдаткі на мадэрнізацыю могуць перавысіць 3 мільярды злотых (гэта 830 мільёнаў даляраў).
pixabay.com/Public Domain CC0

Сыстэма аховы здароўя Польшчы рыхтуецца да рэкордных закупак. Вытворцы мэдыцынскіх вырабаў чакаюць зь нецярплівасьцю, піша сёньня газэта Puls Biznesu. Выданьне прыводзіць словы віцэ-прэмʼера краіны Матэўша Маравецкага. Паводле прадстаўніка ўраду, дадатковыя выдаткі могуць перавысіць 3 мільярды злотых (ці 830 мільёнаў даляраў).

Затраты будуць фінансаваныя з Нацыянальнага фонду аховы здароўя, мэтавых рэзэрваў, а таксама з грошай, якія не былі выдадзеныя па іншых бюджэтных пазыцыях. Значна больш сродкаў, чым звычайна, дзяржава накіруе на апэрацыі па ўжыўленьні эндапратэзаў, лячэньне катаракты й барацьбу з анкалягічнымі захворваньнямі. Яшчэ адзін важны артыкул у сьпісе выдаткаў – мэдыцынскае абсталяваньне для школаў, адзначыў Маравецкі.

Апошнія маштабныя закупкі былі праведзеныя каля 8 гадоў таму, і зараз мэдыцынская сфэра патрабуе пільнай мадэрнізацыі. Паводле экспэртаў, грошы, якія польскі ўрад плянуе накіраваць цягам бліжэйшых месяцаў на сыстэму аховы здароўя, дазволяць забясьпечыць апаратамі кампутэрнай тамаграфіі каля 750 установаў. Вялікі попыт зараз таксама на мабільныя стаматалягічныя кабінэты ды іншае абсталяваньне, кажа генэральны дырэктар Агульнапольскай гандлёвай палаты мэдычных вырабаў Polmed Вітальд Уладарчык.

Газэта таксама дадае – цягам апошніх тыдняў праз парлямэнт краіны прайшоў дакумэнт аб мерах па павышэньні якасьці, а таксама даступнасьці для насельніцтва мэдыцынскіх паслугаў. На яго ўхваленьне спатрэбілася ўсяго 10 дзён, гаворыцца ў матэрыяле.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт