Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ўшаноўвае памяць Варшаўскіх паўстанцаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 02.10.2017 17:00
  • Польшча ўшаноўвае.mp3
Сёньня ў Варшаве адзначаюць 73 гадавіну завяршэньня паўстаньня.
Foto: PAP/Rafał Guz

Польская сталіца заплаціла за збройны супраціў фашыстам жыцьцямі 200 тысяч чалавек: жыхароў ды паўстанцаў, зьнішчэньнем Старога горада й культурных каштоўнасьцяў. Паўстаньне стала сымбалем мужнасьці ды змаганьня за свабоду для пакаленьняў палякаў.

73 гады таму, у ноч з 2 на 3 кастрычніка 1944 году, пасьля двух месяцаў крывавых баёў скончылася Варшаўскае паўстаньне. Гэта было самае буйное змаганьне за незалежнасьць і найбуйнейшая ваенная апэрацыя падпольля ў тагачаснай Эўропе. Барацьба за вызваленьне польскай сталіцы вялася 63 дн і. Апошнія паўстанцы склалі зброю 5 кастрычніка.

Пазьней камандуючы АК, генэрал Тадэвуш «Бор» Камароўскі ў інтэрвію Radio Free Europe (1954) адзначыў, што Германія прапаноўвала перамовы, пачынаючы з канца жніўня 1944-году, але польскае камандаваньне спадзявалася на дапамогу Чырвонай Арміі, якая стаяла на другім баку Віслы. Апошняя тэлеграма маршалу Ракасоўскаму генэрал «Бор» Камароўскі накіраваў 28 верасьня. Генэрал казаў пазьней, што савецкі бок адмыслова цягнуў з аказаньнем дапамогі.

Тадэвуш Бор-Камароўскі: Я паінфармаваў, што мы можам пратрымацца яшчэ толькі 72 гадзіны. Калі за гэты час ня прыйдзе дапамога, нам давядзецца здацца. На гэтую апошнюю дэпэшу я не атрымаў адказу. 1 кастрычніка мы пачалі перамовы зь немцамі. Расейцы хацелі, каб нямецкімі рукамі была зьнішчана найлепшая частка польскага народу. Варшава была наймацнейшым цэнтрам польскага супраціву. Такія былі расейскія намеры. Пра гэта дадаткова сьведчыць эвакуацыя перад паўстаньнем галоўных камуністычных лідараў на чале зь Берутам. Напярэдадні паўстаньня яны зьехалі на Ўсход, на тэрыторыі, якія потым захапіла Чырвоная армія.

Пасьля падаўленьня паўстаньня немцы зьнішчылі польскую сталіцу. Яны разбурылі гістарычныя будынкі й храмы, увесь стары горад, бібліятэкі, музэі ды архівы, а іх калекцыі спалілі або вывезьлі ў Трэці Рэйх. Разбурэньне Варшавы, буйнога цэнтру супраціву, пазьней спрыяла ўвядзеньню камуністычнай сыстэмы й саветызацыі польскага грамадзтва. Хоць паўстаньне не дасягнула палітычных ці ваенных мэтаў, яно па сёньняшні дзень зьяўляецца для палякаў сымбалем мужнасьці й нязломнасьці ў барацьбе за свабоду.

Менавіта таму ў Польшчы ўрачыста адзначаюцца гадавіны паўстаньня. Ня стала выключэньнем і 73 гадавіна. 1 жніўня Варшава ўрачыста сьвяткавала пачатак паўстаньня. Сёньня заплянавана сымбалічнае завяршэньне. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Караль Дармарос.

Караль Дармарос: Сёньня ў Польшчы ўзгадваюць завяршэньне Варшаўскага паўстаньня. Гэты супраціў немцы плянавалі задушыць за пару дзён, насамрэч так сталася пасьля 2 месяцаў. У памяць 63 дзён змаганьня паўстанцаў штогод у польскай сталіцы на кургане паўстаньня 1 жніўня распальваюць вогнішча памяці. Невыпадкова абраная менавіта гэтае месца на сымбалічны агонь памяці. Гэты курган – гэта руіны дамоў, зьнішчаных у паўстаньні, парэшткі загінулых паўстанцаў ды жыхароў Варшавы. Арганізатары ўрачыстасьцяў заклікаюць, каб у гэты дзень узгадаць пра ахвяры вайны ды герояў паўстаньня. 2 верасьня лічыцца Днём памяці пра цывільнае насельніцтва, ахопленай паўстаньнем Варшавы. Паводле падлікаў, у паўстаньні загінула 150-200 тысяч жыхароў польскай сталіцы.

Таксама сёньня 2 кастрычніка апошні дзень кампаніі «BohaterOn – уключы гісторыю!», якая праходзіць пад патранатам Польскага радыё. У рамках акцыі любы жадаючы мог адправіць бясплатную паштоўку ацалелым варшаўскім паўстанцам. Паўстанцы не хавалі сваіх эмоцый ад атрыманай карэспандэнцыі, – распавяла кіраўнічка арганізацыйнага камітэта праекта BohaterON Агнешка Лесюк.

Агнешка Лесюк: Паўстанцы званілі ды прыслалі нам сотні лістоў з падзякамі. Яны былі вельмі ўражаныя тым, што палякі індывідуальна, кожны індывідуальна, з краіны і з-за мяжы ўшанавалі іх памяць, высылаючы такую паштовую картку.

Адрасаты паштовак дзякавалі паўстанцам за ахвярнасьць. Гэта вельмі прыемна, распавяла мэдсястра й сувязная падчас паўстаньня Ганна Стаднік.

Ганна Стаднік: Мы рады, што змаглі пазнаёміцца зь героем, жадалі здароўя. Я ў адказ пісала, што не лічу сябе гераіняй. Мы нармальныя людзі, якія паўсталі ў сытуацыі, калі нам, нашаму народу пагражала зьнішчэньне, мы паўсталі, каб адстаяць сваю свабоду, супраць няволі.

BohaterON нарадзіўся некалькі гадоў таму пры рэалізацыі акцыі «Паштоўка для паўстанца», калі школьнікі ўласнаручна выраблялі ды высылалі паштоўкі для герояў Варшавы. Летась падчас кампаніі BohaterON палякі адправілі паўстанцам каля ста тысяч лістоў.

Сёньня на завяршэньне паўстаньня а 18 гадзіне ў польскай сталіцы адбылася цырымонія сымбалічнага пагашэньня агню памяці, які гарэў бесьперапынна з 1 жніўня на кургане Варшаўскага паўстаньня.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт