Logo Polskiego Radia
Print

Урад заклікае не выходзіць на пэнсію

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.10.2017 15:59
  • Урад заклікае не выходзіць на пэнсію.mp3
У Польшчы ўступіў у сілу закон, паводле якога палякі зноў могуць выходзіць на пэнсію ва ўзросьце 65 гадоў (мужчыны) і 60 (жанчыны).
photo: www.pixabay.com

З пачаткам кастрычніка ў Польшчы ўступіў у сілу закон, паводле якога палякі зноў могуць выходзіць на пэнсію ва ўзросьце 65 гадоў (мужчыны) і 60 (жанчыны).

Гэта вяртаньне да сытуацыі перад рэформай пэнсійнай сыстэмы ў 2012 годзе, якую правёў урад цяперашняй апазыцыі. Паводле тае рэформы, палякі павінны былі выходзіць на пэнсію ва ўзросьце 67 гадоў, не зважаючы на пол.

У Польшчы пэнсіі выплачвае Кампанія сацыяльнага страхаваньня (ZUS). Паводле яе спэцыялістаў, да канца гэтага году магчымасьць выйсьці на пэнсію на 60 і 65 годзе жыцьця выкарыстае прыблізна 330 тысяч людзей.

Міраслаў Грывіньскі, прафэсар ВНУ імя Корчака і сябра Польскага таварыства сацыяльнай палітыкі зазначае, што справа пэнсійнага ўзросту моцна падзяліла і экспэртаў, і грамадзтва.

М.Грывіньскі: Ці гэта было добрае ці дрэннае рашэньне стане вядома ў будучыні. Многія краіны Заходняй Эўропы павышаюць пэнсійны ўзрост. Мы знаходзімся ў той частцы Эўропы, дзе пэнсійны ўзрост падобны, крыху большы або меншы. Я думаю, што з аднаго боку ёсьць вялікая рызыка, зьвязаная з гэтай рэформай, найперш – фінансавая для дзяржбюджэту. Аднак з палітычнага і грамадзкага пункту гледжаньня трэба адзначыць, што ўрад вельмі адважна паводзіць сябе і пасьлядоўна выконвае выбарчыя абяцаньні аб зьніжэньні пэнсійнага ўзросту.

На працягу апошніх трох месяцаў гэтага года права выхаду на пэнсію атрымаюць 410 тысяч чалавек. Кожны год права выйсьці на пэнсію з першага дня пэнсійнага ўзросту выкарыстоўваюць 80-82 адсоткі людзей. Прадстаўнік Кампаніі сацыяльнага страхаваньня Войцех Андрусевіч мяркуе, што да канца году пэнсіянерамі стане 331 тысяча палякаў.

В.Андрусевіч: Гэта максымальны варыянт і колькасьць, якая, хутчэй за ўсё, ня будзе дасягнута. Да гэтай пары заяўкі аб выхадзе на пэнсію падалі 196 тысяч чалавек, але гэта людзі неактыўныя на рынку працы. Гэта, так сказаць, людзі, у якіх не было іншай магчымасьці. Яны не працуюць і пэнсія для іх становіцца адзінай крыніцай даходу, і ня дзіўна, што яны выходзяць на пэнсію. 44 тысячы асоб - гэта людзі прафэсійна актыўныя, іх значна менш, і яны пакуль не выходзяць на пэнсію.

У кампаніі сацыяльнага страхаваньня ZUS можна пракансультавацца і праверыць велічыню пэнсіі сёньня і праз некалькі гадоў. У выніку кансультацый частка людзей вырашыла яшчэ папрацаваць – адзначае Андрусевіч.

В.Андрусевіч: На частку нашых кліентаў гэтыя кансультацыі паўплывалі такім чынам, што яны вырашылі яшчэ ўстрымацца, папрацаваць год, два, а можа і больш. Нашыя кліенты ўбачылі, што іх пэнсія можа быць большай на 8-10% за дадатковы год працы, гэта 300-400 злотых (70-90 эўра). Яны вырашылі выйсьці на пэнсію праз год, два. Акрамя гэтага, калі грамадзянін не карыстаецца сваім правам на пэнсію, то ягоныя грошы на рахунку ZUS за год вырастуць на 7%. Такіх адсоткаў не дае сёньня ніякі банк. Таму мы заахвочваем сьвядома прымаць рашэньне. Мы не прымушаем ні адтэрміноўваць, ні прымаць рашэньне аб выхадзе на пэнсію.

А што рабіць, калі працадаўца прымушае выходзіць на пэнсію, бо такія сытуацыі бываюць?

В.Андрусевіч: Гэта ўжо не знаходзіцца ў кампэтэнцыях Страхавой кампаніі ZUS. Гэта кодэкс працы. І паводле правіл, у Польшчы нікога нельга звольніць з працы па прынцыпу ўзросту. Цяпер ёсьць запатрабаванасьць на працаўніка. Цяпер працадаўцы, ня так як раней, не прапаноўваць супрацоўнікам выхад на пэнсію. Я яшчэ раз падкрэсьліваю, што пэнсійны ўзрост ня можа быць прычынай звальненьня з працы.

Некаторыя экспэрты падлічылі, што зьніжэньне пэнсійнага ўзросту адмоўна адабʼецца на сытуацыі Кампаніі сацыяльнага страхаваньня ZUS і на дзяржбюджэце. У Польшчы назіраецца дэмаграфічны спад. У 50-я гады мінулага стагодзьдзя нараджалася 800 тысяч дзяцей штогод, цяпер на палову менш. А гэта ж не таямніца, што пэнсіі выплачваюцца з узносаў цяперашніх працаўнікоў.

Дзяржава мусіць знайсьці дадатковыя сродкі на выплату пэнсій. Віцэ-прэм'ер Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў наступным годзе зьніжэньне пэнсійнага ўзросту абыдзецца дзяржаве ў 10 мільярдаў злотых (2,7 мільярда даляраў). Улады заахвочваюць палякаў пазьней выходзіць на пэнсію. Падчас візыту на грузатранспартным прадпрыемстве «Хомар» Маравецкі казаў:

М.Маравецкі: Сёньня рынак працы ў разгары. Працаўнік, якому 60, 62, 64 гады - гэта вельмі добры, вопытны працаўнік. У нас не хапае работнікаў. Не хапае кіроўцаў, зваршчыкаў, будаўнікоў, інжынераў, інфарматыкаў, графікаў – у многіх галінах не стае працаўнікоў. Таму ўсіх тых, хто мае сілы працаваць, нягледзячы на зьніжэньне пэнсійнага ўзросту, я заахвочваю заставацца на рынку працы, бо гэта акажа вялікі ўплыў на бюджэт.

У падобным тоне выказалася таксама прэм’ер-міністар Бэата Шыдла. Кіраўнік ураду зазначыла, што вяртаючы палякам магчымасьць выхаду на пэнсію ў 65 гадоў для мужчын і 60 для жанчын урад дае грамадзянам годны выбар, бо калі нехта хоча працаваць даўжэй, яму гэта не забараняецца. «Пэнсія зьяўляецца правам, а не абавязкам», – казала Шыдла. Прэм’ер-міністар падкрэсьліла, што такім чынам урад выканаў выбарчыя абяцаньні кіруючай партыі «Права і справядлівасьць».

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт