Logo Polskiego Radia
Print

Польшча стварае кібэрвойскі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.10.2017 15:22
Заняцца кібэрбясьпекай Варшаву прымусілі дзеяньні Крамля ў віртуальнай прасторы.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Польшча стварае спэцыяльнае вайсковае падразьдзяленьне для барацьбы з кбэратакамі – піша Dziennik Gazeta Prawna. У падразьдзяленьні кібэрбясьпекі, якое зьявіцца праз два гады, будзе служыць каля тысячы чалавек. На гэта польскі ўрад патраціць каля 500 мільёнаў эўра.

Служыць у новым падразьдзяленьні будуць ня толькі вайскоўцы, але і грамадзянскі пэрсанал. Да стварэньня «кібербатальёну» Польшчу падштурхнулі дзеяньні Расеі. У якасьці прыкладаў такой актыўнасьці міністар абароны Польшчы назваў дэзінфармацыю, якую распаўсюджвалі ў кібэрпрасторы расейскія тролі й СМІ падчас выбараў у ЗША, Нямеччыне й Францыі.

Польскі ўрад намераны таксама ўкладаць грошы ў навуковыя дасьледаваньні, разьвіцьцё тэхналёгіяў, закупку кампутарных праграмаў, скіраваных на барацьбу з кібэрпагрозамі. Кіраваць гэтай дзейнасьцю павінен новы дэпартамэнт адміністрацыі прэм’ера Польшчы.

Польшча стварае кібэрвойскі ня толькі з уласнай ініцыятывы, але й выконваючы патрабаваньні NATO. На мінулагоднім саміце ў Варшаве Альянс прызнаў, што кібэрпрастора стала новым абшарам баявых дзеяньняў.

Свае кібэрвойскі ствараюць і іншыя краіны NATO. 400 мільёнаў эўра на гэтую мэту прызначае Вялікабрытанія. Нямеччына выдае штогод на стварэньне падразьдзяленьняў кібэрбясьпекі каля 200 мільёнаў эўра. Да 2021 году гэтыя часткі павінны налічваць ажно 13 тысячаў жаўнераў. Самыя вялікія кібэрвойскі маюць Злучаныя Штаты. Яны налічваюць 9000 тысячаў чалавек і распараджаюцца бюджэтам у 7 мільярдаў даляраў.

Dziennik Gazeta Prawna/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт