Logo Polskiego Radia
Print

Маладыя лекары ўзнавілі галадоўку, бо не дамовіліся з прэм'ер-міністрам

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.10.2017 15:50
«З вуснаў спадарыні прэм’ер мы пачулі толькі словы, якія нічога ня значаць».
Галадаючыя лекары-рэзыдэнтыГаладаючыя лекары-рэзыдэнтыPAP/Paweł Supernak

Польскія маладыя лекары ўзнавілі галадоўку, паведамляе Gazeta Wyborcza. Нагадаем, галадоўку трымае каля 20 лекараў-рэзыдэнтаў, хоць пратэст падтрымлівае ўся згаданая прафэсійная група – гэта каля 20 тыс. чалавек.

Нагадаем, лекар-рэзыдэнт – гэта малады ўрач пасьля завяршэньня мэдыцынскага ўнівэрсытэту, які робіць спэцыялізацыю ва ўстанове аховы здароўя. Лекарская рэзыдэнтура па асобных спэцыяльнасьцях працягваецца нават шэсьць гадоў. Цягам гэтага часу лекары-рэзыдэнты зарабляюць вельмі малыя грошы – практычна мінімальную зарплату ў краіне. Адна з прычын актуальнага пратэсту – менавіта патрабаваньне павышэньня зарплат, а таксама павелічэньне бюджэтных выдаткаў на службу аховы здароўя з 4,5% ВУП да 6,8%.

Маладыя людзі ў белым патрабавалі сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Бэатай Шыдла. Кіраўнік Кабміну згадзілася спаткацца, аднак пры ўмове, што лекары спыняць галадоўку. Мэдыкі згадзіліся з просьбай прэм’ера й перасталі галадаць. Але сустрэча не прынесла спадзяваных вынікаў. Бэата Шыдла лічыць, што яе прапановы лекарам былі вельмі добрыя. У прыватнасьці, кіраўнік Кабміну Польшчы прапанавала мэдыкам супольна пачаць працу над пастулятамі, якія яны высунулі.

Акрамя таго, Шыдла прапанавала павялічыць выдаткі на службу аховы здароўя да 6% ВУП да 2025 году. Калі ж казаць пра павышэньне заробкаў, то тут прэм’ер нічога новага не прапанавала, а паўтарыла ўмовы міністра аховы здароўя Польшчы Канстанты Радзівіла, зь якімі лекары не згадзіліся раней. Аднак маладыя ўрачы не згадзіліся з прапановамі ўраду. «З вуснаў спадарыні прэм’ер мы пачулі толькі словы, якія нічога ня значаць», – сказаў прадстаўнік пратэстоўцаў.

Тым часам стан здароўя некаторых маладых лекараў, якія трымаюць галадоўку, значна пагоршыўся й яны былі прымушаныя спыніць пратэст. Замест іх галадоўку пачалі іншыя мэдыкі. Адзін зь лекараў цягам 10-і дзён пахудзеў на 6 кг, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт