Logo Polskiego Radia
Print

1937: савецкі «Галакост» супраць палякаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.10.2017 15:55
  • На шляху да ўлады.mp3
У Варшаве праходзіць міжнародная канфэрэнцыя на тэму палітыкі СССР у дачыненьні да Польшчы ў 1918-45 гг..
Zdjęcie ilustracyjneZdjęcie ilustracyjneFoto: PAP/Rafał Guz

Гісторыкі з ЗША, Польшчы, Украіны, Беларусі да Расеі абмяркоўваюць у польскай сталіцы палітыку савецкай Расеі ды СССР у адносінах да польскай дзяржавы. У рамках праграмы «Прыпынак гісторыя» Інстытут нацыянальнай памяці (ІПН) Польшчы зладзіў двухдзённую канфэрэнцыю пад назваю «На шляху да ўлады – камуністычныя структуры, якія рэалізавалі палітыку савецкай Расеі ды СССР у адносінах да Польшчы ў 1917-1945 гг.».

Мэта канфэрэнцыі - прааналізаваць польскую палітыку савецкай дзяржавы з пэрспэктывы ўстаноў ды арганізацый, якія ствараліся ў Маскве, каб займацца так званай «польскай справай».

Канфэрэнцыю адкрыў дырэктар Варшаўскага аддзелу ІПН прафэсар Ежы Эйсьлер.

Ежы Эйсьлер: Для мяне міжваенныя гады – гэта даўнія часы. Разам з тым, для шматлікіх маіх герояў, якімі я займаўся ды займаюся, гэта час уступленьня ў палітыку. Хай не адразу ў вялікую, але прынамсі ў рэгіянальную.

Першая частка канфэрэнцыі была прасьвечаная разбору ленінскага погляду на польскае пытаньне. Другая частка датычыла савецкіх структураў, якія займаліся рэалізацыяй польскай палітыкі. Больш падрабязна з канфэрэнцыі перадае карэспандэнт Польскага радыё Караль Дармарос.

Караль Дармарос: Канфэрэнцыя тычыцца не зусім далёкага мінулага, нават для дасьледнікаў найноўшай гісторыі такая падзея можа быць вельмі карыснай. Канфэрэнцыя паказвае, што, нягледзячы на зьмену ўлады ў СССР паміж Леніна да Сталіна, падыход да польскай справы быў нязьменны, пра што сьведчыць хаця б ліквідацыя польскіх аўтаномных адзінак у СССР, якая была зьвязаная з пачаткам польскай апэрацыі. У выніку гэтай акцыі НКВД загінула мінімум 100 тысяч палякаў.

Такі падыход арганізатары тлумачаць тым, што назіраюцца адрозьненьні ў разуменьні польскага пытаньня паміж савецкімі лідарамі. Гаворыць д-р гіст. навук Эльжбэта Кавальчык.

Эльжбета Кавальчык: Установы ды арганізацыі, створаныя за часоў Леніна, пазьней былі ліквідаваныя. Зьмяняўся іх профіль у часах Сталіна. Спачатку быў этап фармаваньня гэтых арганізацый, потым, як яны набралі досьведу, пачаліся рэпрэсіі. Яны мелі доўгатэрміновы заплянаваны характар: найперш кропкавы, а потым масавы перасьлед.

У выніку, паводле словаў прафэсара Апольскага ўнівэрсытэта Міколы Іванова, савецкія ўлады аддалі загад НКВД правесьці чысткі пад назвай «Польская апэрацыя», якія па сваіх наступствах можна параўнаць з вынішчэньнем габрэяў нацыстамі ў 1940-я гады.

Мікола Іваноў: Прыкладна ў палове 1930-х гадоў, калі зазнала паразу калектывізацыя ў Мархлеўшчыне й Дзяржыншчыне, Сталін ды Палітбюро пераканаліся, што палякаў нельга калектывізаваць. Палякі былі народам, які найгорш саветызаваўся сярод усяго СССР. Палякі надалей хадзілі ў касьцёлы ды спаглядалі ў бок Варшавы. Тады было прынятае рашэньне правесьці гэтак званую «польскую апэрацыю». Было прынятае рашэньне правесьці апэрацыю, якая скончылася сапраўдным польскім Галакостам».

Канфэрэнцыя «На шляху да ўлады – камуністычныя структуры, якія рэалізавалі палітыку савецкай Расеі ды СССР ў адносінах да Польшчы ў 1917-1945 гг.» ладзіцца ў рамках ушанаваньня 80-й гадавіны ліквідацыі польскіх аўтаномных раёнаў у СССР. Канфэрэнцыю ладзіць Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы пад патранатам Міністэрства замежных спраў Польшчы і пры мэдыйным патранаце Польскага радыё.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт