Logo Polskiego Radia
Print

Вышаградзкая група хоча інтэграцыі Балканаў з ЭЗ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.10.2017 15:55
  • Вышаградзкая група.mp3
У Вугоршчыне адбылася сустрэча прэзыдэнтаў краін групы V4.
Foto: TAMAS KOVACS HUNGARY OUT/PAP/EPA.

Палітыкі размаўлялі пра сытуацыю на балканскай паўвысьпе, пра эканамічныя пераўтварэньні й пра новыя тэхналёгіі.

Два мінулыя дні ў вугорскім мястэчку Сэксард прайшоў двухдзённы саміт прэзыдэнтаў краін Вышаградзкай групы, у склад якой уваходзяць Польшча, Чэхія, Славаччына ды Вугоршчына. Галоўнай тэмай саміту стала сытуацыя на Балканах ды пэрспэктывы інтэграцыі рэгіёна з Эўрапейскім Зьвязам. Больш падрабязна з Вугоршчыны перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цагельскі.

Войцех Цагельскі: Прэзыдэнты 4 краін з Цэнтральнай Эўропы заклікалі Брусэль прысьпешыць перамовы з балканскімі краінамі. Гаспадар сустрэчы – вугорскі прэзыдэнт казаў, што сытуацыя на Балканах небясьпечная. Ён казаў, што ў рэгіёне надалей трымаюцца нявырашаныя этнічныя ды рэлігійныя канфлікты. Сытуацыю ўскладняе міграцыйны крызыс ды ўплыў радыкальнага ісламу.

Гаспадар сустрэчы – вугорскі прэзыдэнт Януш Адэр зазначыў, што Будапэшт лічыць сытуацыю на паўвысьпе вельмі трывожнай.

Януш Адэр: Мы ўсе прыйшлі да высновы, што ёсьць падставы для непакою лёсам Балканаў. Мы перакананыя, што адзіны лек на праблемы – гэта эўрапейская інтэграцыя.

Славацкі прэзыдэнт Андрэй Кішка дадаў, што большасьць жыхароў рэгіёну хацела б стаць грамадзянамі ЭЗ.

Андрэй Кішка: Сытуацыя ў гэтых краінах не адназначная. Надалей жывыя гістарычныя канфлікты, а моладзь імігруе. Затое ўсіх аб’ядноўвае жаданьне стаць часткай нашага сьвету – Эўрапейскага Зьвязу.

Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда казаў, што ЭЗ павінен вызначыць для гэтых краін зразумелыя ды празрыстыя крытэры ды час на перамовы аб уступленьні.

Анджэй Дуда: Мы ня можам глядзець на Эўразьвяз, як на закрыты клюб. Наадварот, я гляджу на ЭЗ як на аб’яднаньне, якое будзе існаваць дзесяцігодзьдзі, а можа нават і сотні гадоў. Яно павінна мець адкрыты й дынамічны характар.

Аднак, пад ціскам цяперашніх праблем: хвалі мігрантаў ды выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ, у Брусэлі ня хочуць думаць пра пашырэньне. Тым больш, што на Балканах так і ня вырашана праблема карупцыі, шырацца расейскія ды арабскія ўплывы. Пра гэта казаў чэскі прэзыдэнт Мілаш Зэман.

Мілаш Зэман: Рост уплываў радыкальнага ісламу ў Босьніі – гэта вынік фінансавых уліваньняў з Саудаўскай Арабіі. Яна не інвэстуе ў разьвіцьцё краіны, а дае грошы на будаўніцтва мячэцяў ды шырыць індактрынацыю грамадзтва.

Чальцамі Эўразьвязу сёньня зьяўляюцца толькі дзьве краіны рэгіёну: Славенія ды Харватыя. Усё іншыя маюць толькі статус кандыдата на ўступленьне. Гэта тычыцца Альбаніі, Чарнагорыі, Сэрбіі ды Македоніі. Альбанія ды Чарнагорыя дадаткова зьяўляюцца сябрамі НАТО.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт