Logo Polskiego Radia
Print

Ці гібель Аляксандра Коржыча прывядзе да рэформаў у арміі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.10.2017 10:05
  • Ці гібель Аляксандра Коржыча прывядзе да рэформаў у арміі.mp3
«Будуць канкрэтныя крымінальныя тэрміны для ваенных. Пытаньне толькі, да якіх чыноў дойдзе разьбіральніцтва», – палітоляг.
pixabay.com/Public Domain CC0

Галоўныя палітычныя падзеі мінулага тыдня ў Беларусі зьвязаныя з расьсьледаваньнем гібелі жаўнера Аляксандра Коржыча. У вайсковых частках праходзяць праверкі, з пасадаў зьнятыя некалькі афіцэраў, а ў грамадзтве расьце хваля абурэньня. Ці сьмерць жаўнера ў выніку дзедаўшчыны прывядзе да пераменаў у беларускай арміі? Гэтую ды іншыя тэмы мінулых сямі дзён у «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й эксперт EAST Center Андрэй Елісееў.

Войска застанецца закрытым ад грамадзтва

Скандал, зьвязаны з выкрыцьцём дзедаўшчыны ў беларускім войску, працягваецца. 12 кастрычніка расьсьледаваньне гібелі Аляксандра Коржыча ўзяў пад кантроль Аляксандар Лукашэнка. Сьледчыя прызналіся, што жаўнера сапраўды знайшлі павешаным з майкай на галаве й зьвязанымі нагамі, хоць спачатку і Сьледчы камітэт і Мінабароны гэта адмаўлялі. Ад пасадаў адхілілі 5 афіцэраў, а чатырох ваеннаслужачых звольнілі з арміі. Зварот з заявай адправіць у адстаўку міністра абароны за два дні падпісалі больш за 11 тысячаў чалавек. Як зьменіцца войска пасьля скандалу? Яно стане больш акрытым для грамадзтва ці яшчэ больш закрыецца? Ці ўдасца зламаць сыстэму паказухі й карупцыі, якая нараджае дзедаўшчыну?

Андрэй Елісееў: Падобна на тое, што вялікі грамадзкі розгалас прымусіў праваахоўныя органы праводзіць сапраўднае расьсьледаваньне. Здаецца, што беспакаранасьць ня пройдзе й будуць канкрэтныя крымінальныя тэрміны для ваенных. Пытаньне толькі, да якіх чыноў дойдзе разьбіральніцтва. Відавочна, што ў пытаньні дзедаўшчыны ў Беларусі памылкова даваць абагульненьні: у нейкіх частках яна ёсьць у пачварных формах, дзесьці ў адносна мяккіх, а дзесьці пазастатуных адносінаў няма. Каб яе выкараніць, пакараць вінаватых людзей мала, патрэбныя сапраўдныя структурныя, а не касмэтычныя зьмены ў войску. І вось тут вялікія сумневы, што беларускія ўлады й ваеннае ведамства будуць мець да іх волю й інтарэс. Да таго ж дзяржаўныя ворганы й інстытуты кшталту войска ў Беларусі традыцыйна закрытыя ад грамадзтва.

Улады вымушаныя разьвіваць прадпрымальніцтва, але баяцца прадпрымальнікаў

11 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка на 60% аднавіў склад рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Раней раду называлі лябісцкай структурай, у якой прыўладны буйны бізнэс прасоўваў свае інтарэсы. Цяпер у склад гэтага кансультацыйнага воргану патрапіў вядомы эканаміст-лібэрал Яраслаў Раманчук і дырэктар Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Жана Тарасевіч. Абодва зьяўляюцца прадстаўнікамі малых і сярэдніх фірмаў. Ці ўлады зьмяняюць стасунак да малога бізнэсу й бізнэсу ўвогуле?

Андрэй Елісееў: Апошнім часам усё болей бачна, што беларускім уладам і хочацца, і колецца. З аднаго боку, ёсьць добрае разуменьне, што з ранейшай эканамічнай мадэльлю далёка не паедзеш, дзяржаўны сэктар трэба скарачаць і разьвіваць прыватны. З іншага боку, Лукашэнка такой пэрспэктывай занепакоены, бо кантраляваць самазанятых і работнікаў прыватнага сэктару куды цяжэй за працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Таму хочуць прыватны сэктар пашырыць, але й мець нейкія мэханізмы кантролю над ім. Таму працэс неадназначны, і можа то пакрысе разьвівацца, то здаваць назад.

Спэцслужба, зьвязаная зь Віктарам Лукашэнкам, моцна правінілася

13 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду сілавых службаў. На ёй кіраўнік дзяржавы адхіліў ад пасадаў усё кіраўніцтва Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта на чале з начальнікам Сяргеем Шпегуном. Чым выкліканая адстаўка кіраўніцтва спэцслужбы, адказнай за кантроль Інтэрнэту?

Андрэй Елісееў: З даступнай інфармацыі ёсьць толькі яўны намёк на карупцыю на высокім узроўні. Але без усякіх дэталяў, таму можна толькі гадаць. Гіпатэтычна гэта можа быць зьвязана з нейкімі тэндэрамі, напрыклад, на куплю тэлекамунікацыйнага абсталяваньня. Наведваючы цэнтар у 2013-ым, Лукашэнка казаў, што акурат чакае ад цэнтра лепшай працы ў сфэры барацьбы з карупцыяй, падараваў яму Сьцяг як сымбаль даверу й заявіў, што Цэнтар мусіць быць «самым сумленным, чыстым і справядлівым ворганам нашай краіны». ААЦ займаў адмысловае, ледзь не найважнейшае месца сярод іншых беларускіх спэцслужбаў. Таму адбылося нешта яўна неардынарнае. Сытуацыя пікантная тым, што як сам раней публічна казаў Лукашэнка, Аператыўна-аналітычны цэнтар кантралюе ягоны старэйшы сын Віктар.

За што беларускія ўлады перасьледуюць анархістаў?

На мінулым тыдні беларускія ўлады ў чарговы раз пакаралі арыштам лідара Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. Аднак на «суткі» саджаюць ня толькі беларускіх грамадзкіх дзеячаў. 12 кастрычніка суд у Баранавічах асудзіў на 6 сутак арышту расейскага дасьледчыка анархісцкага руху Пятра Рабава. Перад гэтым міліцыя разагнала лекцыі гісторыка ў Горадні і Баранавічах. Чаму беларускія ўлады перасьледуюць анархістаў?

Андрэй Елісееў: Анархісты непакояць беларускія ўлады сваёй пратэстнай актыўнасьцю і сваёй непадобнасьцю на іншыя рухі, якія маюць пэўную структуру. Адрозна ад іх, анархісты звыкла самаарганізуюцца праз малыя суполкі, таму іх цяжэй кантраляваць.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт