Logo Polskiego Radia
Print

На саміце ЭЗ абмяркоўваюць пляны на будучыню і нелегальную міграцыю

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 20.10.2017 15:46
  • саміт Эўразьвязу.mp3
Кіраўнік Эўрапейскай рады падкрэсьліў неабходнасьць захаваньня адзінства ў Эўразьвязе.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

У Брусэлі працягваецца двухдзённы саміт Эўразьвязу. Галоўнай тэмай сёньняшніх сустрэч зьяўляецца пэрспэктыва на два гады, падрыхтаваная старшынём Эўрапейскай рады. Лідары 28 краін пазнаёміліся з дакумэнтам пад назвай «Праграма лідараў», у якой Дональд Туск вызначыў выклікі, якія стаяць перад ЭЗ, расьпісаў даты дыскусій і прыняцьця рашэньняў у ключавых справах.

Кіраўнік Эўрапейскай рады падкрэсьліў неабходнасьць захаваньня адзінства.

Д. Туск: Я б хацеў вельмі выразна падкрэсьліць, што пакуль я знаходжуся на гэтым месцы,то буду абараняць эўрапейскае адзінства. Гэта ня толькі мая фармальная роля як старшыні Эўрапейскай рады, але перш за ўсё я перакананы, што адзінства – гэта наша самая вялікая сіла.

Кіраўнік Эўрапейскай рады запрапанаваў, між іншым, на ўзроўні лідараў правесьці палітычныя дыскусіі на самыя цяжкія для ЭЗ тэмы. Паводле яго, неабходна разблякаваць справы, па якіх няма паразуменьня на ніжэйшым узроўні.

Такім пытаньнем напэўна зьяўляецца міграцыйны крызыс і абавязак разьмеркаваньня ўцекачоў. Гэтаму пытаньню ў асноўным быў прысьвечаны першы дзень саміту ЭЗ. Было вырашана, што зьвязаўскія краіны павялічаць фінансавую дапамогу, каб прыпыніць міграцыю. Лідары ЭЗ падкрэсьлілі, што будуць ахоўваць вонкавыя межы супольнасьці і дапамагаць дзяржавам, якія не ўваходзяць у склад ЭЗ і змагаюцца з міграцыйным крызысам.

У гэты раз не было дыскусіі аб абавязковым разьмеркаваньні мігрантаў. Эўразьвяз паступова адмаўляецца ад гэтай ідэі, паколькі дыскусія толькі шкодзіла і выклікала падзелы. Пазыцыю Польшчы разьдзяляе ўсё больш эўрапейскіх краін. Гэтаму спрыяе настрой у эўрапейскіх краінах. У сувязі з ростам падтрымкі антыіміграцыйных партый Эўразьвяз мяняе прыярытэты – пра гэта гаварыла польскі прэм’ер-міністар Бэата Шыдла. Яна адзначыла, што Польшча выступае за тое, каб дапамагаць уцекачам у іх краінах. Варшава запрапанавала амаль 7 мільёнаў эўра на дапамогу Афрыцы. Дагэтуль польскі ўрад перадаў крыху больш за мільён эўра на фонд, які мае вырашаць прычыны нелегальнай міграцыі ў ЭЗ.

Прэм’ер-міністар Польшчы паінфармавала, што гэта не адзіная дапамога, якую прапануе Польшча.

Б. Шыдла: Дадаткова мы будзем пераводзіць у Эўрапейскі інвэстыцыйны банк на разьвіцьцё краін на Блізкім Усходзе, афрыканскіх краін, заходніх Балканаў 50 мільёнаў эўра.

Акрамя пытаньняў нелегальнай міграцыі польская кіраўнічка ўраду размаўляла з лідарамі іншых эўрапейскіх краін пра будаўніцтва газаправоду Nord Stream 2. Бэата Шыдла адзначыла, што Польшча знайшла адзінадумцаў, якія таксама выступілі супраць будовы газаправоду. Польская прэм’ер паінфармавала, што яе падтрымалі лідары некалькіх краін і кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск.

Б. Шыдла: Працяг гэтай інвэстыцыі пагражае ня толькі энэргетычнай незалежнасьці цэлай Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, але таксама ставіць пад сумнеў энэргетычную бясьпеку цэлага рэгіёну. Мы чакаем, што Эўрапейская камісія атрымае паўнамоцтвы весьці перамовы ЭЗ-Расея ў справе Nord Stream 2. Палітычнае значэньне ў справе гэтай інвэстыцыі зьяўляецца бясспрэчным. Але ёсьць краіны, якія падкрэсьліваюць, што гэта інвэстыцыя выключна эканамічнага характару.

Так думае, між іншым, Нямеччына, якая спалучаная з Расеяй Nord Stream 1. Бэата Шыдла таксама паінфармавала, што заклікала Эўрапейскую камісію памяняць дырэктыву аб газавым рынку. Паводле гэтых зьмен, марская частка газаправоду таксама падлягала б эўразьвязаўскаму заканадаўству. Гэта магло б значна ўскладніць, калі ня цалкам перашкодзіць цэлай інвэстыцыі.

Саміт ЭЗ ня мог абысьціся без тэмы брэксіту. Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі не прывезла на саміт ніводнай новай фінансавай прапановы для перамоваў у справе брэксіту. Тэрэза Мэй прыехала з заклікам саступак. Яна прасіла, каб эўразьвязаўскія краіны не заганялі Вялікабрытанію ў тупік. Прэм’ер-міністар падкрэсьлівала, што яна павінна дасягнуць такое паразуменьне, якое спадабаецца брытанцам. Паводле яе, неабходна прысьпешыць перамовы ў справе брэксіту і распачаць размовы на тэму гандлёвай дамовы паміж Брусэлем і Лёнданам, паколькі ў Вялікабрытаніі расьце незадаволенасьць эўраскептыкаў.

Астанія краіны Эўразьвязу не пагадзіліся размаўляць пра гандлёвую дамову цяпер, перад дасягненьнем фінансавых дамоўленасьцяў, перамовы пра якія зайшлі ў тупік. Брусэль хоча, каб Вялікабрытанія нават пасьля брэксіту плаціла прыкладна 60 мільярдаў эўра. Улады ў Лёндане на такую суму не пагаджаюцца і згодныя максымальна на палову. Тэрэза Мэй гаварыла, што Вялікабрытанія саступіла ў многіх справах, тое ж самае павінны зрабіць эўразьвязаўскія краіны.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт