Logo Polskiego Radia
Print

Польшча замацоўвае сувязі з краінамі Каўказу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.10.2017 16:05
  • Вашчыкоўскі на Каўказе.mp3
Варшава імкнецца ажывіць Усходняе партнэрства.
Эрэван, Армэнія 20.10.2017. Міністар замежных справаў Польшчы В.Вашчыкоўскі (L) i мінімстар замежных справаў Армэніі Эдурд Нпльбандыян 
Эрэван, Армэнія 20.10.2017. Міністар замежных справаў Польшчы В.Вашчыкоўскі (L) i мінімстар замежных справаў Армэніі Эдурд Нпльбандыян PAP/Jacek Turczyk

З серады працягваецца візыт кіраўніка польскай дыпляматыі ў краінах Паўднёвага Каўказу. Акрамя Баку міністар Вітальд Вашчыкоўскі наведаў таксама сталіцы Грузіі і Армэніі.

Міністра замежных справаў у гэтым падарожжы суправаджалі прадстаўнікі ведамства ўнутраных справаў, міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва, а таксама прадстаўнікі польскіх кампаній, зацікаўленых супрацоўніцтвам з краінамі рэгіёну: авіякампаніі LOT, чыгункі PKP, вытворцы ўзбраеньня PGZ і Польскай фабрыкі каштоўных папераў PWPW.

Вітальд Вашчыкоўскі паехаў на Каўказ «выправіць нядбайнасьць апошняй кіруючай каманды, якая адмовілася ад каўкаскага напрамку дыпляматыі прэзыдэнта Леха Качыньскага».

Перад візытам Вашчыкоўскі заявіў, што вядучымі тэмамі сустрэч будзе супрацоўніцтва каўкаскіх краін з Эўрапейскім Зьвязам, бясьпека ў рэгіёне і Эўропе, а таксама магчымасьці супольнай рэалізацыі эканамічных і інфраструктурных праектаў.

Першым быў Азэрбайджан. У Баку кіраўнік польскай дыпляматыі заявіў, што Польшча імкнецца аднавіць значэньне праграмы Ўсходняе партнэрства.

Войцех Цэгельскі, карэспандэнт Польскага радыё: Праграма Ўсходняга партнэрства існуе 10 гадоў і яе задачай было набліжэньне да ЭЗ шасьці былых савецкіх рэспублік. Аднак пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў 2014 годзе значэньне польска-швэдзкага праекту зьменшылася. Кіраўнік польскай дыпляматыі казаў у Баку, што ЭЗ мусіць надалей супрацоўнічаць з краінамі на ўсход ад яго, а, дзякуючы Польшчы і Вышаградзкай групе, Усходняе Партнэрства можа атрымаць новы імпульс. Візыт міністра Вашчыкоўскага ў Баку прыпадае ў 25 гадавіну ўстанаўленьня дыпляматычных адносін Польшчы і Азэрбайджану. Кіраўнік дыпляматыі Азэрбайджану лічыць, што Польшча і Азэрбайджан маглі б больш шчыльна супрацоўнічаць у энэргетычнай і транспартнай сфэрах. Вартасьць гандлёвага абмену паміж Польшчай і Азэрбайджанам складае 170 мільярдаў даляраў у год. Гэта значна менш, чым у выпадку большасьці эўрапейскіх краін.

Вітальд Вашчыкоўскі лічыць, што Азэрбайджан можа стаць цікавым і бясьпечным кірункам для польскіх турыстаў. Так як гэта сталася ў выпадку Грузіі.

Візыт у Тбілісі кіраўнік польскай дыпляматыі распачаў з ускладаньня вянку да помніка Леха Качыньскага. Жыхары грузінскай сталіцы ўсталявалі помнік польскаму прэзыдэнту, які загінуў у смаленскай авіякастрофе ў 2010 годзе, за што Вашчыкоўскі шчыра падзякаваў.

Польскі палітык сустрэўся з прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам і міністрам замежных справаў Грузіі. Галоўнай тэмай сустрэч было Ўсходняе партнэрства і польска-грузінскія ўзаемадачыненьні.

Грузію і Польшчу аб’ядноўвае інтэнсіўнае палітычнае супрацоўніцтва. Абедзьве краіны супрацоўнічаюць у галіне абароназдольнасьці і культуры. А Польшча лічыцца адвакатам збліжэньня Грузіі да Эўропы. Міністар замежных справаў Грузіі Міхаіл Джанэлідзэ лічыць, што краіны павінны павялічыць узровень гандлёвага абмену.

М.Джанэлідзэ: За апошні час мы адзначылі 34% рост гандлёвага абмену. Гэта ўсё ж мала. У нас ёсьць магчымасьці, каб узмацніць нашы эканамічныя сувязі.

Міністар замежных справаў Грузіі зазначыў таксама, што Грузія выканала ўсе ўмовы і хоча стаць чальцом Эўразьвязу. Міністар Вашчыкоўскі падкрэсьліў, што Варшава падтрымлівае імкненьні Тбілісі, аднак цяпер на гэта няма шанцаў:

В.Вашчыкоўскі: Мы не наіўныя, і мы ведаем, што ў Эўропе цяпер неспрыяльная атмасфэра для пашырэньня. Эўропа, асабліва яе заходняя частка, занятая праблемамі, якія яна сама стварыла, такімі як брэксіт. Мы павінны пастаянна нагадваць нашым сябрам на Захадзе, што эўрапейскі праект ня будзе завершаны, пакуль такія краіны як Грузія ня стануць членамі Эўрапейскага Зьвязу.

Пытаньне аднаўленьня Ўсходняга партнэрства і двухбаковыя адносіны былі таксама галоўнымі падчас візыту Вітальда Вашчыкоўскага ў Ерэван. Польскі палітык сустракаўся з прэзыдэнтам Армэніі і міністрам замежных справаў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт