Logo Polskiego Radia
Print

Палякі рыхтуюцца да сьвята ўсіх сьвятых 1 лістапада

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.10.2017 13:19
  • 1 лістапада.mp3
У гэты дзень, а таксама за некалькі дзён да сьвята многія наведваюць магілы сваіх блізкіх.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons/Maria

1 лістапада ў Польшчы, паводле старадаўняй хрысьціянскай традыцыі, ушаноўваецца памяць усіх сьвятых. У гэты дзень тысячы людзей адпраўляюцца на могілкі, каб успомніць сваіх памерлых сваякоў і блізкіх, запаліць сьвечку, ускласьці кветкі, вянкі ды іншыя аздобы. 1 лістапада – свабодны ад працы дзень, але службы правапарадку ў гэты дзень ня могуць сядзець, склаўшы рукі, паколькі на дарогі выяжджае нават больш машын, чым у звычайны рабочы дзень, таксама інтэнсіўны рух на могілках спрыяе крадзяжам ды разбоям.

Жыхары Польшчы едуць на магілы ня толькі 1 лістапада. Інтэнсіўны рух на дарогах пачынаецца ўжо за тыдзень перад сьвятамі, асабліва ў апошнія выходныя. Многія ідуць на могілкі, каб прыбраць магілы сваіх блізкіх, а нават незнаёмых людзей.

Наведвальнікі на могілках: Прыбраць, памыць памятнік, паставіць кветкі, запаліць сьвечкі. А на сьвята толькі прыйсьці і памаліцца, паўспамінаць.

Трэба прыбраць. Я сюды прыяжджаю кожны дзень, да мамы. Гэта пашана да яе.

Я прыбіраю магілу раз у некалькі дзён. З дрэваў сыплецца лісьце, іголкі. Гэта памяць пра нашых сваякоў, а таксама пра тых, да каго ніхто ўжо не прыходзіць.

Яшчэ за некалькі дзён да сьвята ўсіх сьвятых польскія паліцэйскія пачалі акцыю «Зьніч». Вакол могілак узмоцненыя паліцэйскія патрулі дарожнай аўтаінспэкцыі. Паліцэйскія таксама кантралююць самі месцы апошняга спачынку. Гаворыць надкамісар паліцыі з Любліна Рэната Ляшчка-Русэк.

Р. Ляшчка-Русэк: Мы будзем кіраваць дарожным рухам, калі паявіцца такая неабходнасьць, будзем кіраваць аўтамабілі на свабодныя месцы на стаянках. Галоўная задача – каб людзі маглі хутка і без праблем даехаць на могілкі, наведаць магілы сваіх блізкіх. Тым ня менш, кожны год мы нагадваем, што нават вельмі вялікая колькасьць паліцэйскіх на службе ня можа на 100% гарантаваць бясьпеку тым людзям, якія забываюць пра элемэнтарныя правілы. І таму мы зноў заклікаем езьдзіць асьцярожна, зьвяртаць увагу на іншых удзельнікаў дарожнага руху. Гэта такі спэцыфічны час, калі на дарогі выяжджаюць гэтак званыя нядзельныя, сьвяточныя кіроўцы.

Нягледзячы на шматлікія заклікі паліцыі ды іншых асоб, між іншым, сьвятароў, ня ўсе кіроўцы стараюцца захаваць выключную асьцярожнасьць. Выпадкі на дарогах і так здараюцца. У мінулыя выходныя паліцыя зафіксавала больш за 350 дарожна-транспартных здарэньняў. У выніку загінула 35 чалавек, а звыш 400 было паранена. У гэтую пару году надвор’е можа мяняцца вельмі дынамічна, а многія кіроўцы могуць ня быць падрыхтаванымі да замаразкаў і сьлізкага асфальту, – кажа Антоні Жэчкоўскі з галоўнай камэндатуры паліцыі.

А. Жэчкоўскі: Надвор’е ў гэтым годзе нас не расьпешчвае. У некаторых месцах краіны ўжо паявіўся першы сьнег. Таму неабходна падрыхтаваць сваю машыну да далёкага падарожжа, праверыць колы, памяняць шыны.

Паліцыя заклікае таксама быць асьцярожным на могілках. У гэты пэрыяд, калі палякі масава наведваюць магілы сваіх блізкіх, здараецца на многа больш выпадкаў крадзяжу. Злодзеі карыстаюцца расьсеянасьцю людзей, якія пакідаюць без нагляду асабістыя рэчы падчас прыборкі магіл. Прападаюць сумкі, кашалькі, сотавыя тэлефоны, а нават кветкі, пакінутыя на магілах. Бясьпека залежыць у вялікай ступені ад нас саміх, – нагадвае Рэната Ляшчка-Русэк.

Рэната Ляшчка-Русэк: Калі мы едзем на могілкі, лепш узяць з сабою толькі невялікую суму грошай, якую неабходна патраціць на білет ці заплаціць за праезд. Трэба старацца прыхаваць кашалёк у нейкай унутранай кішэні. Злодзеі часта выкарыстоўваюць сытуацыю – ходзяць па могілках і забіраюць прадметы, якія ляжаць без нагляду. Мы самі ствараем такія сытуацыі. Так што давайце клапаціцца пра сваю бясьпеку і сваю маёмасьць.

Польскае радыё ўключылася ў акцыю на карысьць бясьпекі на дарогах перад сьвятам усіх сьвятых у Польшчы. Рэгулярныя зьвесткі пра сытуацыю на дарогах будуць паяўляюцца ў перадачах польскага радыё ды на інтэрнэт-сайце. На сайце Польскага радыё таксама можна паглядзець відэаролік на тэму бясьпечнага карыстаньня аўтамабілем. Ролік падрыхтаваны разам з Авіяцыйнай хуткай дапамогай.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт