Logo Polskiego Radia
Print

Ці Амэрыка перашкодзіць Пуціну пабудаваць Nord Stream?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.11.2017 11:34
Віцэ-міністар замежных спраў Польшчы вёў перамовы з ЗША аб польска-амэрыканскай супраца ў галіне бясьпекі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польска-амэрыканская супраца ў галіне бясьпекі, у тым ліку энэргетычнай, была галоўнай тэмай размоваў віцэ-міністра замежных спраў Марка Магероўскага ў Вашынгтоне, піша партал niezalezna.pl. Падчас перамоваў былі абмеркаваныя пагрозы, які вынікаюць з газапроваду Nord Stream 2. Марэк Магероўскі закончыў свой візыт у ЗША ў пятніцу.

Nord Stream 2 апошнім часам зьяўляецца актуальнай тэмай у Кангрэсе, паколькі многія краіны выказваюць сваю занепакоенасьць тым, што амэрыканская адміністрацыя адцягвае ўвядзеньне санкцый супраць Расеі.

Санкцыі павінны былі быць уведзеныя да 1 кастрычніка. Падпісаны Дональдам Трампам закон прадугледжвае завастрэньне санкцый у дачыненьні да энэргетычнага сэктару расейскай гаспадаркі, што, магчыма, дазволіла б заблякаваць газаправод Nord Stream 2. Дзярждэпартамэнт ЗША, які адказвае за ўвядзеньне санкцый, у сваіх выканаўчых распараджэньнях выключыў з санкцый праекты энэргетычнага сэктару Расеі, якія ўжо рэалізоўваюцца.

Падчас свайго візыту Марэк Магероўскі сустрэўся з рэспубліканскімі кангрэсмэнамі і з нефармальнай групай парлямэнтароў, зацікаўленых праблемамі амэрыканска-польскай супрацы. Віцэ-міністар замежных спраў размаўляў пра магчымасьці блякады праекту будовы газаправоду Nord Stream 2 з прадстаўніцай Дзярждэпартамэнту па справах міжнародных энэргетычных пытаньняў.

Самыя важныя размовы былі праведзеныя Маркам Магероўскім з Уэсам Мітчэлам, новапрызначаным асыстэнтам дзяржсакратара па пытаньнях Эўропы і Эўраазіі. Размова тычылася супрацы з Амэрыкай у пытаньнях бясьпекі і эканамічнай супрацы, у тым ліку магчымасьці арганізаваць на пачатку будучага году польска-амэрыканскі эканамічны саміт. Мэтай гэтага саміту было б павелічэньне рэгіянальнай гаспадарчай супрацы паміж польскімі ваяводзтвамі і паасобнымі амэрыканскімі штатамі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт