Logo Polskiego Radia
Print

Польскае радыё адкрывае новы ўнікальны музычны канал

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.11.2017 16:49
  • Польскае радыё «Шапэн».mp3
Неўзабаве мэляманы ва ўсім сьвеце змогуць слухаць Польскае радыё «Шапэн».
Польскае радыё «Шапэн» – гэта новы канал Польскага радыё, які ўпершыню выйдзе ў эфір 11 лістапада.  Jerzy Hawryluk(L), Krzysztof Czabański (C) i Jacek Sobala (R)Польскае радыё «Шапэн» – гэта новы канал Польскага радыё, які ўпершыню выйдзе ў эфір 11 лістапада. Jerzy Hawryluk(L), Krzysztof Czabański (C) i Jacek Sobala (R)Foto: Wojciech Kusiński/PR

Польскае радыё «Шапэн» – гэта новы канал Польскага радыё, які ўпершыню выйдзе ў эфір 11 лістапада, у Дзень незалежнасьці Польшчы. Афіцыйны старт быў абвешчаны ў аўторак, 7 лістапада, у канцэртнай зале Польскага радыё імя Ўладзіслава Шпільмана на адмысловай прэс-канфэрэнцыі.

Разумеецца, што музыка Фрыдэрыка Шапэна зойме ў эфіры Польскага радыё «Шапэн» дамінуючае месца. Гэтая музыка будзе зыходнай кропкай для разважаньняў аб польскай і эўрапейскай музычнай культуры. Акрамя таго, у эфіры новага каналу будуць гучаць таксама менш вядомыя польскія кампазытары старадаўняй музыкі, барока й клясычнай. Большую частку эфірнага часу зойме польская музыка.

Стваральнікі Польскага радыё «Шапэн» імкнуцца паказаць, як польскі кампазытар паўплываў на польскую й эўрапейскую творчасьць XІX і XX стагодзьдзяў, а таксама на джаз і сучасную поп-культуру. Дарэчы, Шапэн натхняе вядомых сучасных джазавых музыкаў у Польшчы, такіх як Маковіч, Ягадзінскі, Можджар і Масэцкі (Makowicz, Jagodziński, Możdżer, Masecki).

Польскае радыё «Шапэн» будзе вяшчаць кругласутачна й будзе даступнае ў наземным лічбавым фармаце DAB + ды ў Інтэрнэце па адрасе chopin.polskieradio.pl. Радыёстанцыю можна будзе слухаць праз мабільныя прыкладаньні.

Старшыня ўправы Польскага радыё Яцэк Сабаля лічыць, што запуск праекту зьяўляецца гістарычным момантам для нацыянальных СМІ.

Я.Сабаля: Гэта ня толькі радыё - гэта сучасны кампэндыюм ведаў пра творчасьць Фрыдэрыка Шапэна. Канал будзе прысутны ў Інтэрнэце праз прыкладаньні; гэта праект, у якім гасьцямі будуць таленавітыя людзі.

Стварэньне Польскага радыё «Шапэн» - гэта прыклад таго, што нацыянальныя СМІ сталі зноў выконваць свае статутныя задачы й ажыцьцяўляць нацыянальную місію, бо яны павінны падтрымліваць высокую культуры, – сказаў сёньня ў эфіры Першага каналу Польскага радыё старшыня Рады нацыянальных СМІ Кшыштаф Чабаньскі.

К.Чабаньскі: Гэта прыклад таго, што дзяржаўныя, нацыянальныя СМІ займаюцца тым, чым павінны займацца – добрай літаратурай, дасканалай музыкай, і зьвязанымі з гэтым адукацыяй. Яны павінны даваць грамадзянам асалоду ад кантакту з культурай на высокім узроўні. Я зазначу, што гутарка ідзе ня толькі пра мастацтва, якое разумеюць выключна спэцыялісты, - гэта высокая культура, акрэсьленая простымі словамі. Павінна быць і гэта, і гэта. Мяне як старшыню Рады нацыянальных СМІ вельмі радуе старт новага каналу, бо гэта знак таго, што мы ідзем у добрым напрамку ў галіне нацыянальных СМІ.

"Для мяне музыка Шапэна – гэта неймаверная прыгода, зь якой я сустрэўся шмат гадоў таму, і якая заўсёды мяне суправаджала. Яна ставіць перада мной розныя выклікі й шмат патрабуе, але таксама шмат чаму вучыць", – сказаў музыкант і ўдзельнік Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна Кшыштаф Ксёнжэк.

Музыказнаўца й музычны крытык Станіслаў Дыбоўскі, які будзе весьці сваю рубрыку ў эфіры Польскага радыё «Шапэн», адзначае, што радыёстанцыя - унікальны праект, а сам Шапэн меў вялізны ўплыў на музычную культуру ва ўсім сьвеце.

С.Дыбоўскі: Шапэн злучае, ён аб'ядноўвае ўсю нашую музычную культуру, і гэта самае важнае. Таму на Радыё «Шапэн» мы засяродзімся на музычнай творчасьці польскіх кампазытараў, польскіх музыкаў, будзем таксама згадваць пра іншых. Мы пакажам сувязі й розьніцы паміж польскай культурай, якая мае вытокі ў нашай музычнай традыцыі, і музычнай традыцыяй Эўропы й сьвету.

Польскае радыё, акрамя Радыё «Шапэн», стварае таксама вэб-сайт chopin.polskieradio.pl. Гэта будзе сучасны інфармацыйны рэсурс пра кампазытара, створаны журналістамі Польскага радыё. На сайце будуць публікавацца навіны пра культурныя мерапрыемствы, зьвязаныя з клясычнай музыкай.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт