Logo Polskiego Radia
Print

Пачаў сваю працу новы музычны канал - Польскае радыё "Шапэн"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.11.2017 12:51
  • радыё Шапэн.mp3
Журналісты прадстаўляюць як творы самога кампазытара, так і яго ўплыў на іншых.
На здымку Ф. Шапэн у 1849 г.На здымку Ф. Шапэн у 1849 г.Photo: Louis-Auguste Bisson/pl.wikipedia.org/Public Domain

Роўна апоўдні ў суботу, 11 лістапада, калі палякі сьвяткавалі 99-ую гадавіну дзяржаўнай незалежнасьці, пачала сваю дзейнасьць новая радыёстанцыя ў рамках Польскага радыё. Гэта музычная станцыя, якая называецца Польскае радыё "Шапэн". Гэтая навіна на пэўна цешыць усіх аматараў музыкі геніяльнага польскага кампазытара. Хаця, як адзначаюць стваральнікі новай станцыі, радыё Шапэн будзе трансьляваць ня толькі музыку Шапэна. Гаворыць дырэктар Другой праграмы ПР Малгажата Малашка.

М. Малашка: Патрон гэтага радыё, Фрыдэрык Шапэн, зьяўляецца, канешне, такім пунктам адліку ня толькі ў музычным пляне, але таксама ў інтэлектуальным і культурным сэнсе. Няма іншага польскага кампазытара, які быў бы больш вядомы ў Польшчы і на сьвеце. Але перад Шапэнам існавала польская музыка, і пасьля яго існуе польская музыка. У новай радыёстанцыі гучыць інфармацыя пра самыя розныя аспэкты польскай музычнай культуры. Гэтая культура ахоплівае як кампазытараў, так і выканаўцаў.

Па словах дырэктара новай праграмы Польскага радыё Марціна Гмыза, у галіне музыкі далёка ня ўсё яшчэ вядома і даведзена да слухача. Таму журналісты Радыё "Шапэн" стараюцца трымаць руку на пульсе і своечасова паведамляць слухачам пра новыя адкрыцьці.

М. Гмыз: Мы паспрабуем з аднаго боку паказваць рэчы, якія слаба вядомыя, а з іншага боку, мы самі пастараемся адкрываць новыя рэчы, напрыклад, весьці пошукі ў архівах Польскага радыё. Дарэчы, гэтыя архівы на столькі багатыя, што мы самі нават да канца ня ведаем, што там ёсьць. У кожным выпадку, мы пастараемся трымаць руку на пульсе, і паведамляць пра адкрыцьці спэцыялістаў, музыкаведаў. А такія адкрыцьці здараюцца вельмі часта. Гаворка ідзе між іншым пра адкрыцьці невядомых да гэтага часу музычных твораў розных кампазытараў. Дзякуючы такім адкрыцьцям пастаянна будзе павялічвацца наша музычная скарбніца.

У эфіры Польскага радыё "Шапэн" можна паслухаць музыку Фрыдэрыка Шапэна як у традыцыйным выкананьні, так і ў нечаканым гучаньні, напрыклад, на гістарычных інструмэнтах. Дарэчы, сам кампазытар любіў рызыкаваць, шукаць новыя шляхі.

М. Гмыз: Калі гаворка ідзе пра самога кампазытара, то мы будзем яго паказваць двухбакова – з аднаго боку яго музыку ў традыцыйным гучаньні, да якой прывыкла большасьць слухачоў, а з другога боку – існуе вялікая плынь, якая разьвіваецца апошнія 20-30 гадоў. Гэта выкананьне музыкі Шапэна на гістарычных інструмэнтах. Хаця асобы старэйшага пакаленьня часам не разумеюць, як можна граць Шапэна на інструмэнце, які бразгае.

Малгажата Малашка дадае, што гэтая музычная плынь набірае ўсё больш папулярнасьці, асабліва сярод прадстаўнікоў маладога пакаленьня.

М. Малашка: Гэтая плынь выкананьня музыкі становіцца ўсё больш папулярнай у асяродзьдзі маладых людзей. І нават сталыя выканаўцы клясычнай музыкі спрабуюць далучыцца да гэтага новага трэнду і граць розныя творы на гістарычных інструмэнтах. Такім чынам мы пераносімся ў часы, калі жыў сам Шапэн. Мы пастараемся таксама паказаць, якім чынам музыка Шапэна натхняе іншых кампазытараў, у тым ліку сучасных. Яго музыка аказвае ўплыў нават на джазавую музыку, а таксама на кампазыцыі, якія адносяцца да разраду папулярнай, а нават забаўляльнай музыкі. У музычнай галіне ўсё ўзаемазьвязана. І я спадзяюся, што наша радыё ўсё гэта пакажа і прадставіць слухачу. Гэта выключна музычнае радыё, словаў будзе вельмі мала. Яны павінны толькі падкрэсьліваць музычную інфармацыю, а не адцягваць ад яе ўвагі.

Радыё "Шапэн" можна слухаць цэлыя суткі па тэхналёгіі DAB+, а таксама ў інтэрнэце па адрасе chopin.polskieradio.pl.

І Пр. ПР/нг

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт