Logo Polskiego Radia
Print

Палітоляг: Ня варта чакаць прарываў ад саміту Ўсходняга партнэрства

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.11.2017 14:52
  • Беларусь - ЭЗ.mp3
На думку экспэрта ПІМС Анны Дынэр, шмат залежыць ад складу беларускай дэлегацыі.
www.pixabay.com

На беларуска-нямецкім форуме ў Менску закранаецца тэматыка як двухбаковых адносінаў паміж Нямеччынай і Беларусяй, так і агулам кантакты беларускай дзяржавы з краінамі Заходняй Эўропы, Эўрапейскім Зьвязам. Сустрэча праходзіць пад загалоўкам «Беларусь, Нямеччына ды Эўрапейскі Зьвяз: Усходняе партнэрства, грамадзянская супольнасьць і эканамічныя кантакты».

Усходняе партнэрства, куды ўваходзіць Беларусь у шэрагу з іншымі дзяржавамі постсавецкай прасторы, працуе ўжо звыш 8 гадоў, можна было б спрабаваць зрабіць падсумаваньне гэтага часу – якім чынам разьвіваліся кантакты Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Гэтае пытаньне мы задалі палітолягу Аньне Дынэр з Польскага інстытуту міжнародных спраў.

А. Дынэр: Цяжка коратка падсумаваць адносіны Беларусі ды Эўрапейскага Зьвязу. Гэта была свайго роду сынусоіда. Былі часы, калі адносіны былі адносна добрыя, а былі таксама пэрыяды, калі кантактаў не было зусім. Але апошнія два гады, з восені 2015 году, калі былі прыпыненыя, а пазьней адмененыя санкцыі супраць Беларусі, назіраецца значнае паляпшэньне адносін. Гэта таксама датычыць кантактаў у рамках Усходняга партнэрства. Дарэчы, сёлета ўпершыню кіраўнік Беларусі атрымаў асабістае запрашэньне на ўдзел у саміце партнэрства. Праўда, у 2009 годзе ён таксама быў запрошаны, але дзяржаўныя ўлады ведалі, што яго ў Празе не чакаюць. Цяпер запрашэньне Лукашэнкі паказвае, як шмат зьмянілася паміж Беларусяй ды Эўрапейскім Зьвязам.

Як мы пачулі зь Менску, яшчэ невядома, ці прэзыдэнт прыедзе ў Брусэль. Аднак, здаецца, што Аляксандар Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў вельмі карыснай сытуацыі. З аднаго боку Эўразьвяз зьмякчыў сваё стаўленьне, а з другога боку Расеі таксама прыходзіцца ісьці насустрач Беларусі, хаця б па прычыне падзей ва Ўкраіне, з якой Расея страціла добрыя адносіны.

А. Дынэр: Верагодна, калі б не вайна ва Ўкраіне, то адносіны Беларусі з Эўразьвязам таксама выглядалі б інакш. Гэта была падзея, якая дала зразумець беларускім уладам, што ім вельмі неабходная падтрымка з боку Заходняй Эўропы. І Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб стаць пасрэднікам паміж Расеяй, Украінай ды Эўразьвязам. Нагадаю, што перамовы па Ўкраіне адбываліся ў Менску. І гэта быў прарыў у беларуска-зьвязаўскіх адносінах. У сваю чаргу калі гаворка ідзе пра Расею, то Лукашэнка заўсёды стараўся разыгрываюць кантакты з Расеяй на карысьць паляпшэньня адносін з Эўропай. Для Расеі Беларусь вельмі важная па дзьвюх прычынах. Першая – вайсковыя адносіны, пытаньне бясьпекі, а другая прычына чыста палітычная. Расейскае грамадзтва лічыць Беларусь надзейным хаўрусьнікам, а Расея зацікаўлена, каб ва Ўсходняй Эўропе мець такога саюзьніка.

У такім выпадку як, на вашу думку, могуць разьвівацца адносіны паміж Беларусяй ды Эўразьвязам пасьля саміту Ўсходняга партнэрства, які адбудзецца ўжо праз тыдзень?

А. Дынэр: Вельмі шмат будзе залежаць ад таго, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю. Калі гэта будзе сам Аляксандар Лукашэнка, то сустрэча стане вельмі знакавай падзеяй. Тым ня менш, маім меркаваньнем, нейкіх важных прарываў на саміце не адбудзецца. Таксама важна тое, ці краінам Усходняга партнэрства і сябрам Эўразьвязу ўдасца прыняць завяршальны дакумэнт на канцы саміту. І на колькі Эўрапейскі Зьвяз будзе гатовы разьвіваць эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта пытаньне энэргетычнага супрацоўніцтва, перабудова памежнай інфраструктуры ды іншае. Калі б знайшліся ў ЭЗ фінансавыя сродкі на гэтыя мэты, то гэта паспрыяе паляпшэньню адносін. Пакуль што шмат невядомых, больш можна будзе сказаць пасьля саміту, калі будзе ўжо вядома, якія прапановы прагучалі з боку Эўразьвязу, і як адказалі на іх дзяржавы Ўсходняга партнэрства.

Нагадаем, саміт Усходняга партнэрства пройдзе 24 лістапада ў Брусэлі. А пра адносіны паміж Беларусяй ды Эўрапейскім Зьвязам мы размаўлялі з экспэртам Польскага інстытуту міжнародных спраў Аннай Дынэр.

Пераклад Натальля Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт