Logo Polskiego Radia
Print

Паміж Менскам і Кіевам грымнуў шпіёнскі скандал

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.11.2017 16:46
  • шпіёнскі скандал.mp3
Скандал прывядзе да пагаршэньня адносін, чым скарыстаецца Расея.
Foto: pixabay.com/CC0

Украіна й Беларусь абмяняліся «шпіёнамі» ды выдалілі дыпляматаў у зьвязку са шпіёнскай дзейнасьцю. На думку экспэртаў, скандал прывядзе да пагаршэньня адносін. Галоўную карысьць ад гэта атрымае Расея.

Ва ўмовах вайны на Данбасе ды анэксіі Крыма Расеяй, Беларусь утрымлівала добрасуседзкія адносіны з Украінай. Менск захаваў высокі ўзровень кантактаў з Кіевам. Выступіў перамоўнай пляцоўкай па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе, таксама адбываліся рэгулярныя афіцыйныя сустрэчы прэзыдэнтаў, захаваўся інтэнсіўны гандлёвы абмен.

Першыя канфлікты пачаліся сёлета. Вясной на беларуска-ўкраінскай мяжы адбыўся інцыдэнт нібыта прарыў машыны са зброяй у Беларусь праз памежны пункт пропуска. Беларускія ўлады заявілі, што ва Ўкраіне дзейнічаюць лягеры па падрыхтоўцы беларускіх баявікоў. Напярэдадні манэўраў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі быў выкрадзены і перададзены расейскаму ФСБ сына ўдзельніка АТА Паўла Грыба. У мінулым месяцы ў Беларусі зьнік журналіст Украінскага радыё Павал Шаройка.

На днях гэтая справа атрымала працяг. Высьветлілася, што журналіст нікуды ня зьнік, а быў затрыманы КДБ.Прадстаўнік Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Дзьмітры Пабяржын заявіў, што насамрэч журналіст працаваў як шпіён.

Беларускае тэлебачаньне паведаміла, што службы маюць доказы шпіёнскай дзейнасьці ўкраінца, які ствараў сетку агентаў для сакратара ўкраінскай амбасады ў Менску Ігара Скварцова.

Учора беларускі бок паведаміў пра выдаленьне яго з краіны. Сёньня ўкраінскае МЗС паведаміла пра выдаленьне беларускага дыплямата. Гэта сур’ёзнае пагаршэньне адносін, кажа менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Гэта пагаршэньне. Арыштавалі ж ня толькі журналіста, але й выдалілі дыплямата. Спачатку беларусы, потым украінцы. Гэта ўсё вельмі дрэнна. Пакуль цяжка сказаць як далёка пагаршэньне зойдзе.

Што тычыцца прычын паўсталай сытуацыі, то на гэтую тэму ў Беларусі няма адзінства. Улады заяўляюць, што гэта варожыя дзеяньні Ўкраіны. У сваю чаргу незалежныя экспэрты кажуць, што гэта можа быць расейская правакацыя. Маўляў Масква імкнецца пагоршыць адносіны паміж Менскам ды Кіевам. Гэтую вэрсію таксама падтрымлівае й беларускі журналіст Дзяніс Івашын. На сваім профілі на FB ён напісаў, што «мажліва, усе мы зараз сталіся відавочцамі рэалізацыі сцэнару па значнаму пагаршэньню ўзаемінаў Беларусі з Украінай, далейшай канфрантацыі й замацаваньня Беларусі ў сфэры ўплыву Крамля.

Андрэй Фёдараў: Цяжка сказаць, хто за гэтым стаіць. Аднак ёсьць вэрсія, здаецца небеспадстаўная, што да гэтага прыклалі руку расейскія спэцслужбы, каб пагоршыць беларуска-ўкраінскія адносіны, настроіць бакі варожа. Прамых доказаў няма, але я б не адкідваў гэтую вэрсію, тым больш, што напярэдадні прыяжджаў у Беларусі Нарышкін з ФСБ. Магчыма там нешта і абмяркоўвалася.

Іншае меркаваньне выказаў Андрэй Паротнікаў. Экспэрт напісаў у сябе на FB, што шпіянажам займаецца любая дзяржава, нават у дачыненьні да хаўрусьнікаў. Менск і Кіеў проста не змаглі паціху вырашыць пытаньне з адкліканьнем дыпляматаў ды абменам шпіёнамі. Так у чэрвені ўкраінскае СБУ затрымала ў Чарнігаве «беларускага шпіёна».

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт