Logo Polskiego Radia
Print

Кухня яднае беларусаў з палякамі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.11.2017 17:23
  • Кухня яднае.mp3
У Варшаве праходзіць сапраўдны «беларускі тыдзень».
Foto: Profil Solidarni-z-Białorusią-Салідарныя-з-Беларусьсю/Facebook

З нагоды Х юбілейнага канцэрту «Салідарныя з Беларусьсю» грамадзкая ініцыятыва «Свабодная Беларусь» зладзіла цыкл імпрэзаў, прасьвечаных Беларусі. Праз фільмы, музыку ды кухню арганізатары хацелі наблізіць палякам Беларусь. Мы пабывалі на адной з такіх імпрэзаў.

22 лістапада ў польскай сталіцы адбыўся юбілейны 10-ты канцэрт «Салідарныя з Беларусьсю». Сёлета канцэрт суправаджаў цыкл тэматычных імпрэзаў, прысьвечаных Беларусі. Гэта й паказ беларускіх дакумэнтальных фільмаў, народныя сьпевы, баявыя мастацтвы. Таксама арганізатары вырашылі паказаць палякам Беларусь праз кухню, праз прызму кулінарных повязяў паміж двума народамі. У варшаўскай кавярні «Szczyt Wszystkiego» адбылася дыскусія пад назвай «Беларуска-польская мазаіка. Смак нашых узаемных адносін». Гэтую тэму арганізатары выбралі адмыслова, каб паказаць, што паміж палякамі ды беларусамі ёсьць шмат падобнага. Гаворыць Аляксандра Сьлізюк зь ініцыятывы «Свабодная Беларусь».

Аляксандра Сьлізюк: Мы хочам паглыбіць вымярэньне салідарнасьці палякаў з беларусамі. У Польшчы насамрэч мала ведаюць пра Беларусь, мы хацелі б, каб палякі зразумелі, хто такія беларусы, наколькі яны нам блізкія, чаму мы павінны зь імі салідарызавацца. Таму мы ладзім канцэрт і цэлы цыкл падзей вакол яго ажно да канца тыдня. Гэта й паказы фільма, дыскусіі на тэму гісторыі ды кухні, музычныя сустрэчы. Мы хочам наблізіць палякам беларускую культуру.

Польскі ўдзельнік дыскусіі, прафэсар Торуньскага ўнівэрсытэта, дасьледчык гісторыі кухні ды харчаваньня Яраслаў Думаноўскі зазначыў, што сёньня кухня выступае той матэрыяй, што лучыць народы.

Яраслаў Думаноўскі: Гэта вельмі складаная зьява. Узяць хаця б прыклад «Зуброўкі» – гэта таварны знак, які ахоўваецца аўтарскім правам, якое належыць польскай фірме, якая ў сваю чаргу належыць расейскаму канцэрну. У пытаньнях, хто быў першы, хто старэйшы, каму належыць. Заўсёды будзе змаганьне, але і супраца таксама ёсьць. Напрыклад, мы доўга за такія рэчы спрачаліся з немцамі. Даказвалі, што Капернік – гэта паляк. Цяпер кажуць, што ў першую чаргу жыхар Торуні. Сёньня гэтыя спрэчкі сьціхлі. Наадварот, ідзе працэс пошуку рэчаў, які спалучаюць, а ня дзеляць. Ежа – гэта тое, што найлягчэй спалучае, а ня дзеліць.

Ёсьць шмат канкрэтных і старадаўніх повязяў паміж беларусамі ды палякамі. Дастаткова ўзяць прыклад алькагольных напояў. Толькі цяпер людзі пра гэта забылі, казаў у Варшаве беларускі гісторык, дасьледнік даўняй беларускай і ліцьвінскай кухні Алесь Белы.

Алесь Белы: Вялікі ўплыў на польскі алькагольны рынак і культуру аказала вялікая Тройка зь Беларусі: Крупнік, Старка і Зуброўка. Прычым, на гэтым матэрыяле бачна складанасьць нашых міжкультурных стасункаў. У Беларусі гэтыя напоі вельмі кепска знаныя, не выпускаюцца, ня ведаюць беларусы іх культурнай і гістарычнай глыбіні. У сваю чаргу палякі не разумеюць такую «крэсавасьць» гэтых напояў і не асацыююць іх зь Беларусьсю.

Сёньняшняя сытуацыя – шмат у чым наступства савецкіх часоў, калі, як прагучала падчас дыскусіі, былі «адзін правадыр, адна партыя ды адна кулінарная кніга». Гэта выразна бачна на прыкладзе польскага і беларускага Падляшша. Гаворыць этнограф ды журналіст Тамаш Суліма з Бельска Падляскага.

Тамаш Суліма: На Падляшшы гэтыя традыцыі захаваліся й перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Праўда, штораз менш. У сваю чаргу ў Беларусі пад уплывам СССР адбылася поўная мешаніна. Наведваючы, напрыклад, Калінінград і Берасьце, я адчуваў тыя самыя пахі. Гэта былі савецкія пахі. Тое самае адбылося і з кухняй. Рэгіянальныя традыцыі зьніклі пад наступам савецкай уніфікацыі.

Аднак сытуацыя можа зьмяніцца - казалі ўдзельнікі. Надалей сярод людзей, асабліва ў мове, жыве памяць той забытай гісторыі. Гэтую памяць фіксуюць навукоўцы ў дасьледаваньнях. Гаворыць філёляг Вольга Трацяк з Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Вольга Трацяк: У 2013 годзе мы рабілі дыялекталягічныя дасьледаваньні, зь якіх вынікае, што гістарычная памяць ды колішні падзел на Літву ды Карону захоўваецца па сёньняшні дзень. Людзі, якія жывуць на поўнач ад Нарвы, называюць сябе Літвінамі, а тыя за ёй – гэта каралёўцы. Так і ў прадуктаў захоўваецца рэгіянальнасьць.

Адраджэньне той памяці - гэта справа папулярызацыі забытай кухні. Інтарэс да гэтага ў Беларусі ёсьць. Пра што сьведчыць выхад адмысловых кніг пра кухню ды напоі ліцьвінскіх часоў. Адну з такіх кніг - «Сакатала бочачка» Алеся Белага пра традыцыйныя беларускія напоі - можна было набыць у Варшаве.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт