Logo Polskiego Radia
Print

Чаму БНР не праіснавала?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.11.2017 15:12
  • БНР_канфэрэнцыя_Варшава.mp3
У Варшаве гісторыкі абмяркоўвалі спробу стварэньня ў 1918 г. незалежнай беларускай дзяржавы.
Канфэрэнцыя “Беларуская Народная Рэспубліка і традыцыя беларускай дзяржаўнасьці”, Варшаўскі ўнівэрсытэт, 24.11.2017.Канфэрэнцыя “Беларуская Народная Рэспубліка і традыцыя беларускай дзяржаўнасьці”, Варшаўскі ўнівэрсытэт, 24.11.2017.radyjo.net/Я.Смялоўская

У пятніцу 24.11.17 у Гістарычным інстытуце Варшаўскага ўнівэрсытэту сустрэліся беларускія гісторыкі. Тэма канфэрэнцыі “Беларуская Народная Рэспубліка і традыцыя беларускай дзяржаўнасьці”.

Мерапрыемства прымеркавана да сотых угодкаў абвяшчэньня БНР, якія спаўняюцца ў 2018 годзе. Гісторыкі абмяркоўвалі спробу стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Адзначым, што БНР была адной з новых дзяржаваў на мапе рэгіёну пасьля развалу царскай імпэрыі. У беларусаў аднак не атрымалася стварыць сваю дзяржаву.

Чаму БНР ня выжыла? Галоўны арганізатар канфэрэнцыі беларускіх гісторыкаў, дырэктар Цэнтра Ўсходняй Эўропы у Варшаве Ян Маліцкі кажа, што беларускі нацыянальны рух быў надта малады і слабы.

Ян Маліцкі: Кожны гісторык дасьць іншы адказ. Гэтае пытаньне падобнае на тое, якое надоечы нехта задаў на сустрэчы Дасьледчыкаў польскай гісторыі ў Кракаве: як гэта сталася, што на прыканцы XVІІІ стагодзьдзя вялікая дзяржава Рэч Паспалітая абодвух народаў спыніла існаваньне. Адзін з брытанскіх гісторыкаў адказаў: Проста таму, што Польшчу падзялілі. А калі ідзецца пра БНР, чаму не ўдалося? – таму, што навокал былі мацнейшыя, а беларусы былі надта слабыя. Слабыя ў розных сфэрах: слабыя ў сваёй дзяржаўнай сіле, вайсковай сіле, без якой тады немагчыма было што-колечы стварыць, а напэўна не магчыма было абараняцца. Таксама можам упэўнена сказаць, і гэта ня будзе памылка, што беларускі нацыянальны рух быў надта слабы.

Гісторык Алесь Краўцэвіч, кіраўнік Цэнтра Беларускіх студыяў пры Студыюме Ўсходняй Эўропы Варшаўскага Ўнівэрсытэта: Акрамя таго, што беларусы былі занадта слабыя, таксама адпаведным чынам склаліся міжнародныя абставіны. Летувісы, латышы – іх войскі былі яшчэ слабейшыя за нашыя. Гэта вынік міжнародных абставін. Таго, што бальшавікі былі гатовыя саступіць Прыбалтыку і былі не гатовыя саступіць Украіну й Беларусь – гэта самае галоўнае. Па-другое, і Польшча нам не аказала дапамогі, а скарысталася магчымасьцю падзяліць Беларусь з савецкай Расеяй.

XІX стагодзьдзе прынесла аднаўленьне або нараджэньне нацыянальных рухаў у цэлай Эўропе. Адбыўся нейкі фэномэн, бо з паловы XІX стагодзьдзя ўзрастае хваля нацыянальных рухаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Гэта тычыцца харватаў, сэрбаў, балгараў, славакаў, чэхаў, румынаў, балтаў, украінцаў і беларусаў – адзначае Маліцкі.

Ян Маліцкі: Паводле выбітнага спэцыяліста па нацыянальных пытаньнях Карлавага ўнівэрсытэта ў Празе, прафэсара Міраслава Гроха, толькі два народы ня мусілі адраджаць нацыянальны рух - гэта вугорцы і палякі. Грох лічыць гэтыя народы гістарычнымі, бо, згубіўшы незалежнасьць, яны не згубілі мовы, літаратуры і ўласнай культуры. Іншыя мусілі адраджаць або ствараць усё ад пачатку. У гэтым пляне ў нашым рэгіёне беларусы стартавалі апошнімі ў канцы XІX стагодзьдзя. І, магчыма, таму ў 1918 годзе гэты нацыянальны рух быў такі слабы.

Як польскія гісторыкі ставяцца да Беларускай Народнай Рэспублікі і што пра яе ведаюць?

Ян Маліцкі: Сьвядомасьць вялікая, але сярод гісторыкаў эпохі. Гэта значыць, тыя, хто дасьледуе пэрыяд адбудоўваньня незалежнасьці Польшчы, дасканала арыентуюцца ў пытаньні БНР і спробах стварэньня беларускай дзяржавы. Але калі казаць пра сьвядомасьць БНР у польскім грамадзтве, то яна, канешне, невялікая, таму што палякі не адрозьніваюцца ніякім чынам ад іншых народаў і дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу, дзе агульнанацыянальная гістарычная сьвядомасьць малая. У нас і так лепш, чым сярод немцаў, французаў ці гішпанцаў, дзе пра іншыя народы і дзяржавы амаль нічога ня ведаюць.

Тое, што палякі ня ведаюць або мала ведаюць пра Беларускую Народную Рэспубліку, нядзіўна, але якое стаўленьне і павага саміх беларусаў да БНР? Пра гэта я запытала ў Алеся Краўцэвіча.

Што гісторык адказаў, паслухайце ў далучаным гукавым файле

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт