Logo Polskiego Radia
Print

Саюз Беларусі ды Расеі адзначае 18 гадавіну

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.12.2017 15:06
  • Саюз Беларусі.mp3
Гэты хаўрус саступае з пазыцыі лідара эўразійскай інтэграцыі.
Кіраўнікі Беларусі й Расеі Аляксандар Лукашэнка й Барыс Ельцын падчас падпісаньня пагадненьня аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, 1996 г.Кіраўнікі Беларусі й Расеі Аляксандар Лукашэнка й Барыс Ельцын падчас падпісаньня пагадненьня аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, 1996 г.commons.wikimedia.org/Vladimir Rodionov/CC BY-SA 3.0

18 гадоў спаўняецца Саюзнай дзяржаве Беларусі ды Расеі. Чыноўнікі кажуць, што Менск ды Масква зачынілі амаль усе праблемныя пытаньні. Аднак выразна бачна, што колішні флягман інтэграцыі на постсавецкай прасторы саступае малодшаму партнэру – Эўразійскаму Зьвязу. Тым ня менш, Саюзная дзяржава далей існуе. На думку экспэрта, гэта «чорны ўваход» Крамля ў сытуацыі зьмены ўлады ў Беларусі.

Саюзная дзяржава Беларусі й Расеі была створаная 8 сьнежня 1999-га года, калі ў Маскве Ельцын ды Лукашэнка падпісалі адпаведную дамову ды прынялі праграму дзеяньня па яе рэалізацыі. Падпісаньне дамовы матывавалі патрэбай забесьпячэньня мірнага і дэмакратычнага разьвіцьця народаў дзьвюх дзяржаў; стварэньня адзінай эканамічнай і мытнай прасторы; правядзеньня ўзгодненай зьнешняй палітыкі і палітыкі ў сфэры абароны; фармаваньне адзінай прававой сыстэмы і так далей. Гэта вельмі важныя аспэкты, гаворыць ганаровы консул Беларусі ў Цюменскай вобласьці Уладзімір Шугля.

Уладзімір Шугля: Тут няма другасных напрамкаў. Усё важнае. Гандлёва-эканамічныя справы, сацыяльныя таксама. Культура таксама. Усё ідзе разам сумесна. Эканоміка важная для дабрабыту людзей, сацыяльная сфэра – гэта камфорт штодзённага жыцьця, а культура - гэта пажывеньне для вычэй і вушэй.

У выніку цяпер, пасьля 18 гадоў дамовы, Беларусь моцна прывязаная да Расеі. Масква – асноўны гандлёвы партнэр Беларусі, першы рынак для беларускіх тавараў. На долю Расеі прыпадае 48,8% зьнешняга гандлю Рэспублікі Беларусь. Паводле словаў чыноўнікаў, у рамках Саюзнай дзяржавы амаль няма праблемных пытаньняў. Апошнія зь іх бакі плянуюць вырашыць сёньня падчас паседжаньня саюзнай Рады міністраў у Гомелі. Пра гэта казаў журналістам Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

Рыгор Рапота: Саюзныя стасункі ды праграмы скіраваныя на разьвіцьцё эканамічнага патэнцыялу, на канструктыўнае ды плённае ўзаемадзеяньне пры вырашэньні праблем. Вось такі вялікі блёк пытаньняў разгледзім.

Разам з тым бачна, што Саюзная дзяржава не ўзначальвае сьпіс прыярытэтаў Масквы на постсавецкай прасторы. Напрыклад, бюджэт СДРБ на бягучы год склаў каля 6 мільярдаў расейскіх рублёў, а Эўразійскага эканамічнага Зьвязу - больш за 8 мільярдаў. ЭАЭЗ - галоўны інтэграцыйны праект сёньня для Масквы, кажа беларускі аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі: Сёньня ўсё радзей згадваецца Саюзная дзяржава. Хаця 18 гадоў таму было шмат прапагандысцкага звону. Здавалася нават, што над Беларусьсю завісла пагроза інкарпарацыі. Як вядома, з імпэрыямі не інтэгруюцца, яны паглынаюць. Расея сёньня застаецца імпэрыяй, або прынамсі мае імпэрскія замашкі. Аднак тая саюзная дамова так і не рэалізавалася.

Саюзная дзяржава Расеі патрэбна ў першую чаргу як інструмэнт уплыву на Беларусь у сытуацыі, калі ў краіне пачнецца так званы «транзыт», то бок перадача ўлады і выбары новага прэзыдэнта. Як вядома, Лукашэнка ня вечны, кажа экспэрт.

Аляксандар Класкоўскі: Саюзная дзяржава – гэта прадукт глыбокай замаразкі. Масква ня стала яе скасоўваць, бо ў момант транзыту ўлады (Лукашэнка ня вечны) Крэмль выкарыстае гэтую дамову, каб не выпусьціць з рук Беларусь. Гэты замарожаны праект можа нечакана стаць зброяй Масквы.

18 гадоў таму Беларусь ды Расея стварылі Саюзную дзяржаву. Сёньня гэты праект страціў актуальнасьць пад ціскам эўразійскай інтэграцыі. Тым ня менш, Крэмль захоўвае Саюзную дзяржаву, фінансуе саюзныя ўстановы ды праекты. Гэта прымальная цана, каб утрымліваць Беларусь у зоне сваіх уплываў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт