Logo Polskiego Radia
Print

Дакумэнтальнае кіно сусьветнага ўзроўню завітае ў Менск

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.12.2017 23:15
  • Дакумэнтальнае кіно.mp3
На наступным тыдні ў беларускай сталіцы пройдзе фэстываль дакумэнтальнага кіно.
Foto: www.facebook.com/watchdocsbelarus

Фэстываль ня мае буйных спонсараў, ён арганізаваны на сродкі, сабраныя краўдфандынгам, з дапамогай валянцёраў і па ініцыятыве грамадзкай арганізацыі "Зьвяно".

Фэстываль праводзіцца трэці раз. Усе фільмы транслююцца на мове арыгіналу з субтытрамі па-руску або па-беларуску. Галоўная місія Фэстывалю – прыцягнуць увагу да найбольш актуальных падзей сучаснасьці і стварыць прастору для іх абмеркаваньня.

Ці кіно дапамагае ў рэалізацыі гэтай мэты – прыцягненьня ўвагі да праблематыкі правоў чалавека. Пра гэта мы размаўлялі з адным з арганізатараў польскага фэстывалю Watch Docs Мацеем Навіцкім.

Фэстывалі праваабарончых фільмаў на Захадзе ладзяцца даўно, гэта не нішавыя акцыі, а маштабныя мерапрыемствы. У Беларусі падобны фэстываль ладзіцца толькі трэці раз, але бачна да яго інтарэс. Наколькі кіно – гэта тая мова, якая спрыяе таму, што тэма правоў чалавека сягае шырэйшай аўдыторыі?

Мацей Навіцкі: Моцна дапамагае. Мова кіно стала такім інструмэнтам, які дзейнічае нават у сытуацыі канфлікту, падзелаў. Найлепшы тут прыклад - гэта фэстываль ва Ўкраіне, які мы дапамагалі праводзіць. Цяпер гэта вялікая імпрэза, якая адбываецца па ўсёй Украіне, у тым ліку і на Крыме пад акупацыяй і на Данбасе. Нягледзячы на небясьпеку, людзі прыходзяць і цікавяцца. Такім чынам фільм дазваляе дагрукацца да больш шырокай групы людзей. Дакумэнтальнае кіно, больш чым рэпартажы ды артыкулы, даходзіць да людзей.

Наколькі кіно можа стаць тым, што спрыяе зьменам у грамадзтве?

Мацей Навіцкі: Адказ тут адзін – кіно не зьмяняе наўпрост сьвет. Рэдка так здараецца. Затое людзі, якія глядзяць фільмы, часьцей зьмяняюць сьвет. Мы верым, што кіно ўплывае на ўспрыняцьце, на эмоцыі, на паводзіны людзей. Таму мы робім фэстываль дакумэнтальнага кіно «Watch Docs».

Скажыце як успрымае публіка ў розных краінах праваабарончае кіно? Ці ёсьць розьніца тут паміж Польшчай, Украінай ды Беларусьсю? Ці кіно – гэта больш унівэрсальная мова?

Мацей Навіцкі: Лякальныя адрозьненьні ёсьць заўсёды. Гэта зьвязана з сытуацыяй, з тым, што найбольш вострае ў дадзены момант. Аднак, на маю думку, гэта мае другаснае значэньне. Мова кіно, як і мода, унівэрсальная. Напрыклад, летась у Беларусі на фэстывалі Watch Docsc быў фільм «Як зьмяніць сьвет?», які карыстаўся папулярнасьцю і ў Варшаве і на сьвеце. Фільм расказвае праўдзівую і драматычную гісторыю Greenpeace. Актывізм ад фазы гераічнай да інстытуцыйнай. Большая розьніца тут хутчэй ёсьць паміж вялікімі гарадамі й правінцыяй. У гарадах, дзе ёсьць багатая культурная прапанова, людзі лепш успрымаюць поўнамэтражныя фільмы, якія патрабуюць большай канцэнтрацыі ды перажываньняў. У меншых мястэчках лепш успрымаецца кароткамэтражны фільм. Гэта кіно больш мастацкае, бо аўтары тут маюць большую свабоду, хоць і меншыя грошы.

Як Вы ацэньваеце пэрспэктывы фэстывалю ў Беларусі?

Мацей Навіцкі: Можна сказаць, што расьце зацікаўленасьць. Фэстываль быў у Менску двойчы, у Горадні раз. Арганізатары рашыліся атрымаць афіцыйны допуск да пракату ды кінатэатраў, выйсьці на ўзровень, дзе нашмат больш жорсткі кантроль зьместу фільмаў. Ім удалося. Цяпер настаў момант, калі дзьверы крыху прыадчыніліся, іх трэба далей адчыняць. Тым больш, што ў Беларусі, як ва ўсім сьвеце, дакумэнтальны фільм становіцца ўсё больш і больш папулярным. Дастаткова зірнуць на фэстываль «Лістапад», які таксама паказвае дакумэнтальныя фільмы.

Watch Docs Belarus пройдзе 14-17 сьнежня ўпершыню й на вялікім экране – адной з пляцовак фэстывалю будзе кінатэатар Мір.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт