Logo Polskiego Radia
Print

Гадавіна забойства першага прэзыдэнта Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.12.2017 09:00
  • забойства Нарутовіча.mp3
16.12.1922 г. быў застрэлены Г. Нарутовіч, які быў галавой дзяржавы толькі некалькі дзён.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакPixabay.com/Rudy and Peter Skitterians/CC0 Creative Commons

16 сьнежня 1922 году быў застрэлены першы прэзыдэнт Польшчы Габрыель Нарутовіч

Габрыель Нарутовіч быў абраны прэзыдэнтам у сьнежні 1922 году. Да гэтага часу ўлада знаходзілася ў руках Юзэфа Пілсудскага, які займаў пасаду кіраўніка дзяржавы, ад моманту атрыманьня Польшчай незалежнасьці ў 1918 годзе. Амаль 30 гадоў Нарутовіч пражыў і прапрацаваў у Швэйцарыі, дзе займаюся распрацоўкай і будаўніцтвам гідраэлектрастанцый. Варта зазначыць, што ён зьяўляўся масонам. Але таксама быў заангажаваны ў дзейнасьць, зьвязаную з падтрымкай рэвалюцыйнага руху ў Польшчы, напрыклад, быў зьвязаны з арганізацыяй «Пралетарыят». У 1919 годзе польскі ўрад запрасіў Нарутовіча на радзіму, пасьля чаго ён уключыўся ў працэс адбудаваньня дзяржавы. У 1920 годзе ён заняў пасаду міністра публічных працаў, пазьней быў міністрам замежных спраў.

9 сьнежня 1922 году Нарутовіч быў Сэймам абраны прэзыдэнтам, ягоную кандыдатуру падтрымалі левыя партыі, а таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў, атрымаўшы 289 галасоў. Гэты факт узбудзіў нэгатыўную рэакцыю нацыяналістычных арганізацыяў і партыяў. Адным з жорсткіх крытыкаў Нарутовіча быў генэрал Юзэф Хэлер. Таксама Нарутовічу дасылалі ананімныя лісты з пагрозамі. Усю гэтую хвалю падагравалі правыя СМІ. Нацыяналістычныя групоўкі намагаліся сарваць прысягу выбранага прэзыдэнта, якая была прызначаная на 11 сьнежня, арганізаваўшы пратэсты і беспарадкі. Картэж прэзыдэнта, які рухаўся па Алеях Уяздоўскіх, абкідвалі камянямі і сьнегам. Адзін з дэманстрантаў нават спрабаваў ударыць прэзыдэнта ў ягоным аўто.

14 сьнежня Юзэф Пілсудскі перадаў свае паўнамоцтвы ўступіўшаму на сваю пасаду Габрыелю Нарутовічу.

На 16 сьнежня быў заплянаваны візыт у палац Захэнта. Перад візытам Нарутовіч падпісаў акт памілаваньня для асуджанага на сьмерць чалавека, гэта па сутнасьці было адзінае рашэньне, якое пасьпеў прыняць Нарутовіч. А 12 гадзіне, калі прэзыдэнт праглядаў карціны, раздаліся тры стрэлы. Яны аказаліся сьмяротнымі для Нарутовіча. Страляў Ялігій Невядомскі, які быў зьвязаны з нацыянал-дэмакратычным рухам Польшчы.

Пахаваньне прэзыдэнта адбылося 20 сьнежня 1922 году, труна знаходзіцца ў Архікатэдральнай базыліцы сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Варшаве. У сваю чаргу Невядомскага суд прыгаварыў да сьмяротнага пакараньня, якое было выкананае 31 студзеня 1923 году. «Гіну за Польшчу, якую губіць Пілсудскі» – гэта былі апошнія словы Ялігія Невядомскага, які быў расстраляны ў Варшаўскай цытадэлі. Але ягоныя погляды падзяляла нямала людзей – на пахаваньне Невядомскага прыйшло 10 тыс. чалавек, хаця гэта і так намнога менш, чым натоўп, які сабраўся на цырымоніі пахаваньня Нарутовіча.

П. Усаў/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт