Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы некаторыя прафэсіі трапяць пад прыцэл спэцслужбаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.12.2017 16:34
Маёмасьць польскага лекара, настаўніка й выкладчыка змогуць праверыць спэцслужбы.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Старшыня Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро Польшчы (Centralne Biuro Antykorupcyjne ) атрымае права ў любы момант праверыць маёмасьць лекара, настаўніка, юрыста, унівэрсытэцкага выкладчыка й нават кантралёра ў грамадзкім транспарце. Менавіта цяпер у Польшчы ідзе распрацоўка заканадаўчых актаў аб адкрытасьці грамадзкага жыцьця.

У прыватнасьці, абмяркоўваюцца пытаньні аб праверцы маёмасьці грамадзян, якія фармальна не зьяўляюцца дзяржаўнымі чыноўнікамі, але працуюць у дзяржаўных установах, карпарацыях, арганізацыях і НДА, якія фінансуюцца зь дзяржбюджэту.

Законапраект пералічвае 141 прафэсійную катэгорыю, прадстаўнікі якіх будуць абавязаныя падаваць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці. Цяпер у сьпісе – дэпутаты парлямэнту й судзьдзі. За невыкананьне гэтага патрабаваньня альбо скрыцьцё ці прадстаўленьне непраўдзівай інфармацыі будзе пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Прыхільнікі законапраекту тлумачаць, што новы закон дазволіць хутка адрэагаваць, напрыклад, на паведамленьні СМІ аб карупцыі. Экспэрты аднак папярэджваюць, што новае паўнамоцтва кіраўніка Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро будзе ня толькі празьмерным умяшальніцтвам у прыватнае жыцьцё грамадзян, але й таксама можа выкарыстоўвацца для атрыманьня спэцслужбай інфармацыі, якой яна не змагла б здабыць іншым шляхам.

Dziennik Gazeta Prawna/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт