Logo Polskiego Radia
Print

У пэрыяд Калядных сьвят палякі ахвотна дапамагаюць іншым

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.12.2017 09:12
  • сьвяточныя акцыі дапамогі.mp3
Дзякуючы дабрачыннай акцыі ў эфіры Польскага радыё, удалося сабраць звыш 100 тыс. злотых.
Photo: Tumisu/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы, таксама, як у кожнай іншай краіне, ёсьць тысячы людзей, якім неабходная падтрымка. Палякі бываюць шчодрымі, асабліва ахвотна яны дапамагаюць іншым у пэрыяд сьвятаў Божага нараджэньня, калі адбываецца вельмі шмат дабрачынных акцый.

Бедным ня трэба нарадзіцца, ім вельмі хутка можна стаць. Дастаткова цяжка захварэць або трапіць у сур’ёзную аварыю. Кошты лячэньня і рэабілітацыі часта перавышаюць фінансавыя магчымасьці звычайных сем’яў. Яшчэ нядаўна шматдзетнасьць у Польшчы таксама была прычынай цяжкага матэрыяльнага становішча, але дзякуючы праграме «500+» сем’і зь вялікай колькасьцю дзяцей пакрысе выходзяць зь беднасьці. Цяпер дабрачынныя арганізацыі пераносяць сваю ўвагу на састарэлых асоб, інвалідаў, цяжка хворых. Многім пажылым, адзінокім людзям дапамагае фундацыя «Вясна», заснаваная сьвятаром каталіцкага касьцёла Яцэкам Стрычэкам. Яна ладзіць кожны год акцыю «Шляхетная пасылка», у рамках якой зьбіраюцца дары для малазабясьпечаных жыхароў.

Адзін з самых слаба забясьпечаных сацыяльных слаёў – гэта асобы з інтэлектуальнымі асаблівасьцямі разьвіцьця, галоўным чынам дарослыя, пра якіх многія забываюць. І менавіта такім людзям дапамагае фундацыя акторкі Анны Дымнай „Нягледзячы ні на што” («Mimo wszystko»). У акцыю дапамогі ўключылася Польскае радыё, у рамках акцыі "Ялінкі Адзінкі" (Choinki Jedynki) у эфіры Першай праграмы ПР адбываліся аўкцыёны розных рэчаў, даход з якіх ідзе на дабрачынныя мэты. Былі прададзеныя між іншым тры атлясы катоў, ахвяраваных старшынёй партыі «Права й справядлівасьць» Яраславам Качыньскім, які вядомы сваёй любоўю да гэтых зьвяроў. Пра другі аўкцыён распавядае журналістка Першай праграмы ПР Караліна Рожэй.

К. Рожэй: Змаганьне за славуты «Атляс катоў» было вельмі гарачым. Падчас першага аўкцыёну за яго змагалася спадарыня Данута, але тады не ўдалося, а сёньня яна перамагла, купіўшы кнігу за 11.400 злотых. Усе грошы мы перададзім фундацыі Анны Дымнай, каб фундацыя магла стварыць сваім падапечным сапраўдны, цёплы і бясьпечны дом.

Дзякуючы дабрачыннай акцыі ў эфіры Польскага радыё, удалося сабраць звыш 100 тыс. злотых.

«Трэба жыць так, каб людзі вакол цябе радаваліся, што ты ёсьць» – гэты сказ Анны Дымнай мог бы паслужыць дэвізам усім асобам, якія ангажуюцца ў дапамогу іншым.

А. Дымна: У мяне былі цудоўныя бацькі, асабліва мама. Яна мяне навучыла, што трэба жыць так, каб ніхто з-за цябе не плакаў, і каб людзі цешыліся, што ты ёсьць. А пазьней я стала акторкай. Гэтая прафэсія заключаецца ў тым, каб зразумець іншых. Я ў маладосьці зусім ня мела кантакту з людзьмі, якія адстаюць у інтэлектуальным разьвіцьці. Такіх людзей не паказвалі іншым, іх хавалі. І калісьці я прыехала ў Цэнтар для інвалідаў. Гэта быў для мяне шок. Яны – як істоты з іншай плянэты. Мяне абступілі дзесяткі людзей, плакалі, сьмяяліся, казалі мне «Мама», цалавалі. Я пачала прыяжджаць сюды ўсё часьцей, і так пачалася мая праца для інвалідаў.

Дапамога ў рамках розных дабрачынных акцый распаўсюджваецца як на жыхароў Польшчы, так і людзей у іншых краінах, напрыклад, на былых польскіх землях – у заходняй частцы Беларусі ці Ўкраіны. Канешне, палякі з Польшчы ахвотней за ўсё дапамагаюць жыхарам гэтых зямель, у якіх ёсьць польскія карані. Зусім не абавязкова гэта павінна быць фінансавая ці матэрыяльная дапамога. Для палякаў за межамі Польшчы вельмі важна, каб пра іх памяталі. Здараецца, што ў іх няма ўжо блізкіх сваякоў, і менавіта такіх людзей стараюцца шукаць добраахвотнікі розных фундацый, таварыстваў, скаўты, а таксама прыватныя асобы.

Віялета Кавальчук працуе настаўніцай польскай мовы ў Горадні. Яна кажа, што многія асобы польскага паходжаньня губляюць кантакт з Польшчай, маладое пакаленьне часта ня ведае польскай мовы. А сярод гэтых людзей многім патрэбная дапамога.

В. Кавальчук: Я бачу па маёй парафіі, што ёсьць шмат людзей, якім патрэбная падтрымка. А тым больш дапамога неабходная многім адзінокім людзям, якія жывуць у маленькіх вёсачках. Бывае, што прыяжджаюць да нас добраахвотнікі з Польшчы, і калі чалавек чуе ў сваім доме польскую мову, ён пачынае плакаць. Некаторыя з гэтых людзей ужо ня могуць хадзіць, яны прыкаваныя да ложка. Дапамога ім дае мне сілу. Але немагчыма пра гэта расказваць бяз сьлёз.

Людзі, якія дапамагаюць іншым, падкрэсьліваюць, што матэрыяльныя рэчы часта не самыя важныя, хаця яны таксама многім вельмі патрэбныя. А самае важнае для адзінокіх, пажылых людзей – гэта кантакт з іншым чалавекам, магчымасьць паразмаўляць, сьвядомасьць, што хтосьці пра іх яшчэ памятае і думае.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт