Logo Polskiego Radia
Print

Урад Польшчы зоймецца хатнім насільлем і гвалтаўнікамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.12.2017 17:42
  • урад Маравецкага.mp3
Новы прэм’ер-міністар абяцаў увесьці больш жорсткія пакараньні злачынцаў.
Прэм'ер-міністар на прэс-канфэрэнцыі пасьля пасяджэньня ўрадуПрэм'ер-міністар на прэс-канфэрэнцыі пасьля пасяджэньня ўрадуPAP/Paweł Supernak

Новы прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі зусім нядаўна ўступіў на пасаду, і яму прыйшлося інтэнсіўна ўзяцца за працу. Амаль адразу пасьля прызначэньня ён паехаў на сустрэчу ў Брусэль, а ўчора адбылося першае пасяджэньне кабінэту міністраў пад кіраўніцтвам новага старшыні.

Прычынай зьмены на пасадзе прэм’ер-міністра было, у прыватнасьці, тое, што Матэвуш Маравецкі лічыцца больш памяркоўным палітыкам, чым Бэата Шыдла, і яму прасьцей будзе шукаць кампрамісы ў адносінах з уладамі Эўрапейскага Зьвязу. Канфлікт з Брусэлем цягнецца ўжо два гады, прычынай стаў, між іншым, выбар судзьдзяў Канстытуцыйнага суду. Эўрапейская камісія намерана пачаць працэдуру пакараньня Польшчы за зьмены ў судовай сыстэме. Маравецкі абяцае сапраўдны дыялёг з Брусэлем, ён дамовіўся ўжо на сустрэчу са старшынёй Эўракамісіі ў студзені.

Адбылося першае пасяджэньне польскага ўраду пад кіраўніцтвам Матэвуша Маравецкага. На ім гаворка ішла, між іншым, пра барацьбу з хатнім насільлем. Гэта павінна стаць адным з прыярытэтных задач кабінэту міністраў. На прэс-канфэрэнцыі прэм’ер-міністар абяцаў увесьці больш жорсткія пакараньні злачынцаў, якія былі затрыманыя за насільле супраць сваіх блізкіх.

М. Маравецкі: Гэта будзе адзін з вельмі важных элемэнтаў нашай дзейнасьці – барацьба за тое, каб самыя слабыя чальцы сем’яў – жанчыны, дзеці – атрымалі ахову, маглі адчуваць сябе бясьпечна. А кара для злачынцаў будзе адэкватнай, каб яна адпужвала.

Прэм’ер-міністар перадаў таксама інфармацыю ад міністра юстыцыі Зьбігнева Зёбры, які прапануе ўвесьці больш жорсткія пакараньні за сэксуальныя злачынствы.

М. Маравецкі: Калі гаворка ідзе пра сэксуальныя злачынствы з удзелам асобаў да 15-га году жыцьця, здараліся выпадкі ўмоўных прысудаў. Такіх прысудаў было шмат – каля 10%. Мы жадаем, каб у будучыні такіх сытуацый не было.

Сям’я, дзеці, іх бясьпека – гэта важная тэма для Матэвуша Маравецкага. У прэм’ера чацьвёра дзяцей, у тым ліку дзьве дочкі.

Іншая тэматыка, якая цікавіць практычна кожнага чалавека ў Польшчы – забруджаньне паветра, ад якога кожны год заўчасна памірае каля 40 тыс. людзей. Польскі ўрад прапануе розныя спосабы барацьбы са смогам – забруджаньнем паветра мікраскапічным пылам. Адзін з мэтадаў – перавод сыстэм абагрэву з вугалю на газ і электрычнасьць. Па словах Маравецкага, танная электраэнэргія дазволіць больш эфэктыўна змагацца са смогам. Дзякуючы паніжэньню начных ставак аплаты за ток – нават на 40% – многія людзі выберуць больш экалягічны абагрэў.

М. Маравецкі: Можна будзе ноччу карыстацца значна таньнейшай электраэнэргіяй – нават на 40%. Паводле падлікаў Міністэрства энэргіі, паніжэньне тарыфаў за начное карыстаньне электраэнэргіяй дазволіць панізіць рахункі за абагрэў на 20-25%.

Прэм’ер-міністар нагадаў, што пасьля вайны энэргетыка Польшчы выкарыстоўвала пераважна вугаль, і таму працэс пераходу на больш чыстыя крыніцы энэргіі ня можа быць раптоўным, яго неабходна раскласьці па часе. Старшыня рады міністраў абяцаў, што неўзабаве ён прызначыць адказнага за барацьбу са смогам.

Наступная тэма, важная для жыхароў Польшчы – гэта пэнсійная сыстэма. У выніку дэмаграфічных зьменаў актуальная сыстэма можа ня вытрымаць абцяжараньня, паколькі суадносіны працуючых людзей і пэнсіянэраў увесь час зьмяняюцца ў карысьць непрацуючых, якіх прыходзіцца ўтрымліваць усё меншай колькасьці асобаў у працаздольным узросьце. Прэм’ер-міністар прапануе шырока распаўсюджваць ідэю самастойнага ашчаджаньня на будучую пэнсію. Дзеля гэтага ўводзяцца Працоўныя пляны накапленьня, а таксама папулярызуюцца Адкрытыя пэнсійныя фонды, якія павінны стаць элемэнтам гэтак званага Трэцяга слупа пэнсійнай сыстэмы.

Прэм’ер адказаў на пытаньне, ці пасьля яго прызначэньня праца над чарговымі зьменамі ў Адкрытых пэнсійных фондах і над новай сыстэмай ашчаджаньня на пэнсію будзе паскораная.

М. Маравецкі: Пэнсійная сыстэма – гэта адна з важнейшых, фундамэнтальных сыстэм дзейнасьці дзяржавы. Цяпер у Польшчы пражывае каля 7 млн. пэнсіянэраў, а ў будучыні іх будзе яшчэ больш, а пэнсійная сыстэма закране ўсіх грамадзян. Спакойнае, разважлівае абмеркаваньне – гэта адна з умоваў прыняцьця грамадзянамі новай сыстэмы. Папярэднія ўлады Польшчы некалькі гадоў таму ня здолелі правесьці такой дыскусіі, што абярнулася пратэстамі супраць рэформы. Цягам бліжэйшых месяцаў мы намераныя пачаць працу над заканадаўствам, якое дазволіць будаваць пэнсійны капітал. Таксама зоймемся будучыняй Адкрытых пэнсійных фондаў.

Матэвуш Маравецкі казаў таксама пра канфлікт з Эўрапейскай камісіяй. Ён адзначыў, што ўрад імкнецца да пошуку кампрамісу, але таксама не адмаўляецца ад рэфармаваньня сыстэмы правасудзьдзя ў Польшчы.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт