Logo Polskiego Radia
Print

Эўракамісія засумнявалася ў вяршэнстве права ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.12.2017 11:34
Упершыню Эўракамісія прыняла рашэньне запусьціць супраць Польшчы працэдуру ў рамках 7 артыкулу Дамовы аб ЭЗ.
Франс ЦімэрмансФранс ЦімэрмансPAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

Эўрапейская камісія прыняла рашэньне запусьціць супраць Польшчы працэдуру ў рамках 7 артыкулу Дамовы аб ЭЗ, які прадугледжвае паведамленьне краін Эўразьвязу аб парушэньні вяршэнства закону ў адной з краін супольнасьці. Гэта азначае, што ў краіны ЭЗ будзе выслана заява, у якой будзе сьцьвярджацца, што ў Польшчы вяршэнства закону апынулася пад пагрозай.
На першым этапе запуску працэдуры краіне не пагражаюць санкцыі. Пакараньне, напрыклад, у выглядзе пазбаўленьня краіны голасу на эўразьвязаўскіх нарадах, прадугледжваецца на далейшым этапе.
Рашэньне прымяніць у дачыненьні да Польшчы 7 артыкул абгрунтоўваў віцэ-старшыня Эўрапейскай камісіі Франс Цімэрманс. Эўрапейская камісія мяркуе, што ёсьць сур’ёзныя пагрозы для вяршэнства закону ў Польшчы і незалежнасьці судовай сыстэмы.
Ф. Цімэрманс: Мы цяпер просім Эўрапейскую раду і Эўрапарлямэнт зрабіць тое, што Эўрапейская камісія рабіла апошнія два гады. Гэта значыць прааналізаваць сытуацыю і вырашыць, ці, паводле гэтых дзьвюх устаноў, існуе выразная рызыка пагрозы вяршэнству права.
Польскія ўлады крытыкуюць гэтае рашэньне. Прэзыдэнт краіны Анджэй Дуда сказаў, што рашэньне Эўрапейскай камісіі аб запуску 7 артыкулу Дамовы аб ЭЗ зьяўляецца чыста палітычным. Такога меркаваньня прытрымліваюцца чальцы ўраду і кіруючая партыя «Права і справядлівасьць».
Віцэ-старшыня Эўрапейскага парлямэнту Рышард Чарнэцкі адзначае, што Польшчы не пагражаюць наступствы. Палітык нагадаў, што для ўвядзеньня санкцый патрэбная адзінагалоснасьць усіх краін-чальцоў Эўразьвязу, а яе, паводле яго, ня будзе.
Р. Чарнэцкі: Для Эўрапейскай камісіі пытаньне рэформы судовай сыстэмы ў Польшчы, рэформы, якую чакаюць палякі, зьяўляецца толькі нагодай. Такой жа прычынай было пытаньне Белавескай пушчы ці Канстытуцыйнага суду. Сапраўднай прычынай спробы пакараць Польшчу зьяўляецца яе адмова прыняць 11 тысяч мусульманскіх мігрантаў. Польшча, як і Вугоршчына, супрацьпаставілася, а таму паявілася спроба адпомсьціць. Усё ж польскі ўрад, згодна з чаканьнямі польскага грамадзтва, не паддаўся націску.
Прэс-сакратар «Права і справядлівасьці» Бэата Мазурэк сказала, што рашэньне Эўрапейскай камісіі зьяўляецца палітычным, і яно ня мае нічога супольнага з нібыта пагрозай для вяршэнства закону ў Польшчы. Паводле яе, адказнасьць за запуск 7 артыкулу Дамовы аб ЭЗ ляжыць на апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа».
Б. Мазурэк: Гэты артыкул не ўдарае ў «Права і справядлівасьць», у Польшчу і палякаў. У падрыхтоўцы рэзалюцыі супраць Польшчы прымаў удзел дэпутат «Грамадзянскай плятформы» Рафал Тшаскоўскі. Словы апазыцыйных палітыкаў аб тым, што ў Польшчы горш чым у Алепа, закончылася запускам гэтага артыкулу. Я хачу падкрэсьліць, што гэты артыкул не азначае, што на Польшчу будуць накладзеныя санкцыі. Для гэтага неабходнае адзінагалоснае рашэньне. Ужо вядома, што прынамсі Вугоршчына такое рашэньне не падтрымае.
Рафал Тшаскоўскі з «Грамадзянскай плятформы» гаворыць, што Эўразьвяз страціў церпялівасьць у дачыненьні да ўраду «Права і справядлівасьці». Падчас прэс-канфэрэнцыі ў Сэйме палітык гаварыў пра санкцыі, якія могуць Польшчы пагражаць.
Р. Тшаскоўскі: Рэальныя наступствы, прапісаныя ў Дамове аб ЭЗ, гэта пазбаўленьне права голасу. Гэтым сапраўды можа закончыцца, але тут патрэбная адзінагалоснасьць. У сваю чаргу ўжо сёньня вядома, што калі Эўразьвяз і чалецкія краіны распачнуць працэдуру, то ўсё сьведчыць аб тым, што будуць фінансавыя наступствы. Польшча атрымае значна менш грошай ад Эўразьвязу. Нехта, хто парушае асноўныя прынцыпы Эўразьвязу, ня можа разьлічваць на тое, што будзе салідарны падыход да яго самых асноўных патрэбаў у разьвіцьці адсталых рэгіёнаў.
Паводле Камілі Гасюк-Піховіч з «Сучаснай», Эўрапейская камісія не запусьціла бы 7 артыкул Дамовы аб ЭЗ, каб не было парушэньня Канстытуцыі і міжнародных дамоваў. Віну за ўсю сытуацыю палітык усклала на «Права і справядлівасьць».
К. Гасюк-Піховіч: Рахунак за памылкі палітыкаў «Права і справядлівасьці» ўсё ж заплацяць палякі. Гэта яны плацяць падаткі і будуць вымушаныя заплаціць за тое, што ўрад замест рэформаў судовай сыстэмы вырашыў перавярнуць яе да гары нагамі, зрабіць залежнай ад палітыкаў. Гэтым самым былі парушаныя каштоўнасьці Дамовы аб ЭЗ.
Польскае Міністэрства замежных спраў перадало, што Польшча са смуткам прымае рашэньне Эўракамісіі. У міністэрстве адзначылі, што рашэньне мае палітычны, а не юрыдычны характар. МЗС перадало, што рашэньне непатрэбна абцяжарвае ўзаемныя адносіны, што можа ўскладняць паразуменьне і ўзаемны давер паміж Варшавай і Брусэлем. Міністэрства адзначыла, што Польшча гатовая прадставіць мэты рэформы судовай сыстэмы, калі паявіцца такая неабходнасьць.
Пасьля запуску працэдуры 7 артыкулу Дамовы аб ЭЗ заява Эўракамісіі трапіць на паседжаньне эўразьвязаўскіх міністраў па эўрапейскіх справах. Баўгарыя, якая са студзеня кіруе працамі ЭЗ, вырашыць, калі дакладна міністры зоймуцца справай Польшчы – у студзені ці лютым.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт