Logo Polskiego Radia
Print

Каля 500 беларусаў прыехалі на Эўрапейскую сустрэчу моладзі ў Швэйцарыю

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.12.2017 18:48
  • Каля 500 беларусаў прыехалі на Эўрапейскую сустрэчу моладзі ў Швэйцарыю.mp3
У Базэлі праходзіць юбілейная Эўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная хрысьціянскай супольнасьцю Taizé.
pixabay.com/Public Domain/CC0

28 сьнежня ў швэйцарскім горадзе Базэль пачаліся Эўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная супольнасьцю Taizé. Некалькі дзесяткаў тысячаў маладых хрысьціян розных канфэсіяў правядуць разам пяць дзён. Эўрапейская сустрэча моладзі, таксама вядомая пад назвай «Пілігрымка даверу на зямлі», адбываецца ўжо ў саракавы раз. У ёй прымаюць удзел каля 500 беларусаў.

Каля 20 тысячаў маладых вернікаў прыехалі ў швэйцарскі горад Базэль і яго ваколіцы, каб прыняць удзел у сустрэчы, якую праводзіць хрысьціянская супольнасьць Taizé. Супольнасьць мае экумэнічны характар – гэта значыць, яна аб'ядноўвае хрысьціян розных канфэсіяў.

Пілігрымка ладзіцца з мэтай паспрыяць дыялёгу паміж канфэсіямі, узмацніць супрацу й мір у Эўропе. Маладыя людзі падчас супольных сьпеваў, малітваў, мэдытацыі, размоваў узмацняюць сваю веру і шукаюць сэнс уласнага жыцьця.

Упершыню сустрэча адбудзецца адначасова ў трох краінах: Швэйцарыі, Нямеччыне й Францыі. Чакаецца, што ў Базэль прыедуць каля 500 беларусаў зь Менска, Горадні, Полацка, Берасьця, Баранавіч, Навагрудка й іншых гарадоў. Гэта прадстаўнікі розных канфэсіяў – падкрэсьлівае адна з удзельніц сустрэчы Ірына Губская.

Ірына Губская: Актыўны ўдзел у сустрэчы прымаюць як праваслаўныя, такі і каталікі ды пратэстанты. Часта прыяжджаюць зьмешаныя групы. Гэтая сустрэча асаблівым чынам яднае беларусаў розных канфэсіяў.

Удзельнікаў Пілігрымкі даверу на зямлі абʼядноўваюць у міжнародныя групы і селяць у мясцовых парафіях. Моладзь мае час убачыць жыцьцё людзей, якія іх прымаюць, а таксама пазнаёміцца паміж сабой.

Маладыя людзі ўдзельнічаюць у сумесных набажэнствах, маюць магчымасьць наведаць культурныя мерапрыемствы і нават пападарожнічаць па краіне, якая іх прымае – расказвае Ірына Губская.

Ірына Губская: Раніцай мы сустракаемся ў парафіях на агульнай малітве, а цягам дня адбываюцца дзьве вялікія супольныя малітвы, якія праходзяць у вялікіх цэнтрах. Акрамя гэтага арганізуюцца сустрэчы, канцэрты. Моладзь мае магчымасьць наведваць іншыя гарады, наведаць музэі. Напрыклад, у гэтым годзе ў мастацкім музэі ў Базэлі праходзіць вельмі цікавая для беларусаў выстава, прысьвечаная Шагалу.

Крыж
Крыж Taizé. Фота: wikimedia commons/ Surfnico (Own work)/CC BY-SA 3.0


У Эўрапейскай сустрэчы моладзі традыцыйна актыўны ўдзел бяруць і палякі. У мінулым годзе ў Рызе Польшчу прадстаўлялі некалькі соцень чалавек, сярод якіх былі 140 студэнтаў з Варшавы і Плоцка. Маладыя людзі прагадваюць асаблівую атмасфэру гэтай пілігрымкі.

Удзельніца пілігрымкі: Сустрэчы праходзяць у міжнародных групах. Мы абмяркоўваем тэмы, якія для нас важныя. На вуліцах шмат маладых людзей, поўных энэргіі, усе сьпяваюць і таньчаць.

Заснавальнік Эўрапейскіх сустрэчаў моладзі – пратэстанцкі пастар Ражэ Шуц – у 1999 годзе наведаў Варшаву. Ён зазначыў, што на жыцьцё чалавека мае вялікі ўплыў тое, ці ўмее ён любіць і дараваць.

Ражэ Шуц: Не вялікія таленты й здольнасьці аказваюць рашучы ўплыў на нашае жыцьцё. Рашучы ўплыў мае самы сьціплы дар разумець іншых, дараваць, любіць.

Пілігрымкі даверу на зямлі традыцыйна выклікаюць вялікую цікавасьць моладзі. Два гады таму ў гішпанскую Валенсію прыехалі 30 тысячаў чалавек. Ідэю сустрэчы тлумачыць Моніка Вроньска, манахіня-уршулянка.

Моніка Вроньска: Мэта сустрэчы – гэта нясеньне надзеі. Надзеі, якая дазваляе ўбачыць з новай пэрспэктывы ня толькі Бога, касьцёл, але й самога сябе, і людзей навокал.

Удзельнікі мінулагодняй Эўрапейскай сустрэчы моладзі ў Рызе ня толькі маліліся, удзельнічалі ў дыскусіях і бавіліся, але і зьбіралі сродкі для аднагодак, якія пакутуюць у розных рэгіёнах сьвету. Яны падтрымалі ахвяраў вайны ва Ўкраіне й Сірыі.

Першая Эўрапейская сустрэча моладзі была арганізаваная сябрамі супольнасьці Taizé ў 1978 годзе ў Парыжы. З гэтай пары Пілігрымка даверу на зямлі штогод праходзіць у новым эўрапейскім горадзе. Чатыры разы пілігрымкі адбываліся ў Польшчы. Два разы яны праходзілі ва Ўроцлаве, па адным разе – у Познані й Варшаве.

Назва рэлігійнай супольнасьці Taizé паходзіць ад францускай вёскі, дзе ў 1940 годзе пратэстанцкія сьвятары заснавалі дабрачынную арганізацыю. Напрыканцы 1960-х гадоў да супольнасьці далучыліся каталіцкія манахі. Сёньня яна абʼядноўвае каля сотні манахаў з трыццаці краінаў сьвету. Мэта Taizé – спрыяць прымірэньню і аб’яднаньню людзей розных канфэсіяў і поглядаў. Стваральнікам супольнасьці зьяўляецца швэйцарскі пастар Ражэ Шуц. У 2005 годзе яго забілі, калі ён вёў набажэнства. З таго часу супольнасьць узначальвае нямецкі сьвятар брат Алаіс. Taizé зьяўляецца адным з найбольш актыўных і вядомых у сьвеце цэнтраў хрысьціянскага жыцьця.

IAR/Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт