Logo Polskiego Radia
Print

Пляны польскага ўраду на 2018 год

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 02.01.2018 17:00
  • Пляны.mp3
Базавай мэтай ураду Польшчы на новы год стала забесьпячэньне дабрабыту й якасьці жыцьця палякаў.
Premierminister Mateusz MorawieckiPremierminister Mateusz MorawieckiBild: P. Tracz / KPRM (flickr, domena publiczna)

Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі падзяліўся ўрадавымі плянамі на 2018-ты год.

Пачатак году для палітыкаў – гэта час на падвядзеньне вынікаў мінулага году ды прадстаўленьне новых плянаў. Кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі агучыў сёньня ўрадавыя пляны на 2018 год. Сярод асноўных прыярытэтаў – утрыманьне стабільнай унутранай ды зьнешняй сытуацыі Польшчы, паляпшэньне стану польскай мэдыцыны, сацыяльнай аховы людзей. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Міхал Фэдусё.

Міхал Фэдусё: У інтэрвію Польскай тэлевізіі прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі казаў пра прыярытэтныя задачы ўраду ў новым годзе. Таксама казаў пра выклікі, сярод якіх паляпшэньне сытуацыі ў мэдыцыне. Таксама будзе працягвацца праграма барацьбы з падатковымі ашуканствамі, каб палепшыць спагнаньне падаткаў, а таксама рэалізацыя праграмы «Кватэра+». Важным для ўраду будзе ўшанаваньне 100-ай гадавіны вяртаньня Польшчы на мапу Эўропы. Яшчэ адна важная мэта – гэта ўмацаваньне пазыцыі Польшчы на міжнароднай арэне.

У зьвязку з гэтым у сераду польскі прэм’ер едзе ў Будапэшт на сустрэчу з кіраўніком вугорскага ўраду Віктарам Орбанам. Бакі будуць размаўляць пра паглыбленьне супрацоўніцтва ў фармаце дзяржаў Трох мораў.

Унутры Польшчы ўрад хоча засяродзіцца ў першую чаргу на справах сацыяльных – рэформа і мадэрнізацыі мэдыцыны, а таксама ідэалягічных. Сёлета Польшча будзе адзначаць 100-ую гадавіну сваёй незалежнасьці. Польскі прэм’ер зазначыў, што ён верыць у тое, што бягучы год будзе добрым годам для Польшчы і палякаў.

Матэвуш Маравецкі: Час недапрацовак і нядбайнасьці прывёў нас да таго, што ў нас шырацца пратэсты сярод мэдычнага пэрсаналу, не хапае лекараў ды мэдсясьцёр. Трэба ўсё гэтыя рэчы паправіць. Тым больш, што мы завяршаем стагодзьдзе незалежнасьці. Гэта важны і выключны год. Я хацеў бы пажадаць, каб у гэтым стагодзьдзі ўсе палякі ганарыліся Польшчай, каб яна стала домам для ўсіх палякаў.

Дзеля гэтага ўрад будзе рэалізоўваць шэраг сацыяльных праграм. У першую чаргу, гэта выплаты на дзяцей "500+", даплаты на жытло «Кватэра+», а таксама праграма дапамогі людзям сталага ўзросту «Старэйшыя+». У рамках гэтай праграмы ўрад рыхтуе фінансавую дапамогу і датацыі на будаўніцтва Дамоў і клюбаў састарэлых. Усяго на гэтую задачу ўрад плянуе прызначыць 800 мільёнаў злотых (каля 25 мільёнаў даляраў), што стане найбольшай сумай у гісторыі. Урад разьлічвае, што за гэтыя сродкі будзе пабудавана больш за 300 новых Дамоў састарэлых. Пра гэта распавяла міністарка сацыяльнай палітыкі Эльжбэта Рафальска.

Эльжбета Рафальска: Гэтымі сродкамі могуць карыстацца мясцовыя ўлады, каб падрыхтаваць, мадэрнізаваць аб’екты на дамы дзённага побыту «Старэйшыя+». Пад гэтую задачу можна атрымаць фінансаваньне на суму каля 300 тысяч злотых. Пад меншы аб’ект, як Клюб сталага ўзросту, фінансаваньне складае 150 тысяч. Таксама ўрад выдзяляе даплаты на побыт у гэтых дамах і клюбах людзей сталага узросту – 300 і 200 злотых адпаведна.

Дамы й клюбы састарэлых будуць прадстаўляць людзям сталага ўзросту дзённы побыт, сацыяльныя паслугі, харчаваньне, мэдычную дапамогу, адукацыйныя заняткі ды фізычную актыўнасьць.

Апроч сацыяльных патрэбаў, урад не забываецца і пра культуру. Віцэ-міністар культуры Яраслаў Сэлін заявіў, што ўрад плянуе захаваць высокія выдаткі на культуру. У першую чаргу, урад хацеў бы ўвесьці дадатковыя ільготы ды падатковыя заахвочваньні для кінаіндустрыі. Урад разьлічвае на тое, што гэта прычыніцца да большага інтарэсу Польшчай з боку вядомых рэжысёраў.

Яраслаў Сэлін: Патрэбныя стымулы, каб вытворцы прыяжджалі сюды і тут стваралі. Гэта азначае, што Польшча будзе паказаная ў фільмах сусьветнага маштабу. Плюс - тут будуць заплачаныя падаткі, будуць нанятыя польскія падвыканаўцы.

Польскі ўрад агучыў пляны на 2018-ты год. У першую чаргу кіраўніцтва Польшчы робіць націск на паляпшэньне сацыяльных стандартаў жыцьця, праз лепшую мэдыцыну ды сацыяльную дапамогу. Таксама плянуецца падтрымліваць культуру, міжнароднае супрацоўніцтва ды адзначыць 100-ую гадавіну незалежнасьці Польшчы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт