Logo Polskiego Radia
Print

Лекары не жадаюць працаваць больш за 48 гадзін у тыдзень

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.01.2018 13:58
Некаторыя аддзяленьні прыходзіцца закрываць, міністар аховы здароўя кажа пра бунт.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Нарастае напружанасьць у польскай службе аховы здароўя. Лекары пачалі адмаўляцца ад аднаго з палажэньняў працоўнага кантракту, якое дазваляе ім працаваць даўжэй, чым 48 гадзін у тыдзень. У рэзультаце бальніцам пачынае не хапаць працоўных рук, некаторыя аддзяленьні прыходзіцца нават закрываць.

Праблемы пачаліся яшчэ восеньню, калі маладыя лекары, якія закончылі адукацыю і пачалі стажыроўку (па-польску лекары-рэзыдэнты), дамагаліся павышэньня заробкаў і прызначэньня большых сродкаў на лячэньне. Улады абяцалі павысіць фінансаваньне, але не адразу. Гэтыя абяцаньні не задавальнялі лекараў, і ў адказ яны пачалі адмаўляцца ад гэтак званай клаўзулы opt-out (палажэньня працоўнай дамовы, якое дае магчымасьць лекару працаваць даўжэй, чым дазволеныя законамі 48 гадзін у тыдзень). Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, ад гэтага палажэньня адмовілася ўжо каля 3,5 тыс. лекараў, у сваю чаргу дактары называюць лічбу ў 5 тыс. чалавек. І гэтая лічба ўвесь час павялічваецца, – адзначае намесьнік старшыні Асацыяцыі лекараў-рэзыдэнтаў Лукаш Янкоўскі.

Л. Янкоўскі: 60% асоб, якія адмаўляюцца ад палажэньня опт-аўт – гэта лекары-рэзыдэнты, а 40% – спэцыялісты. Дактары такім чынам адказваюць на пазыцыю Галоўнай палаты лекараў, што праца звыш 48 гадзін у тыдзень выклікае пагаршэньне якасьці абслугі пацыентаў. Лекараў не хапае. Мы просім прабачэньня за тое, што шпіталі працуюць толькі на частку сваіх магчымасьцяў. Міністар аховы здароўя павінен заняцца гэтай праблемай. Мы хацелі б як мага хутчэй сесьці за стол перамоваў, каб знайсьці кампраміс.

У сваю чаргу міністар Канстанты Радзівіл пакуль што не зьбіраецца сядаць за стол перамоваў. Ён заявіў, што пратэсты лекараў носяць палітычны характар. Ён паўтарае, што фінансаваньне службы аховы здароўя значна паляпшаецца, грошай будзе больш, і адпаведна заробкі лекараў вырастуць. А сытуацыя ў шпіталях знаходзіцца пад кантролем.

К. Радзівіл: Гэта акцыя бунту, якая набывае ўсё больш палітычнае адценьне. Мэта некаторых лекараў – ускладніць апеку над пацыентамі. Над самымі цяжка хворымі людзьмі, якія ляжаць у шпіталях. Кіраўніцтва бальніц павінна шукаць выхад з існуючай сытуацыі. Замест традыцыйных дзяжурстваў можна ўводзіць іншую сыстэму арганізацыі працы, напрыклад, працу ў некалькі зьменаў.

Сваё меркаваньне пра бунт лекараў выказаў таксама заснавальнік Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі Ежы Оўсяк. Нагадаем, кожны год у студзені арганізацыя ладзіць шырокамаштабную акцыю па збору сродкаў, між іншым на лячэньне дзяцей ды пажылых асоб. У вельмі многіх польскіх шпіталях і паліклініках стаіць апаратура, купленая за грошы, сабраныя падчас акцыі. Ежы Оўсяк просіць міністра аховы здароўя, каб ён пачаў спакойна размаўляць зь лекарамі, а не ішоў на супрацьстаяньне. «Гэта вельмі балючая сытуацыя, калі бацькі хворых дзяцей ідуць у шпіталь і застаюць зачыненыя дзьверы. Такога яшчэ не было», – казаў Ежы Оўсяк у камэрцыйнай тэлестанцыі TVN24.

Е. Оўсяк: Спадар міністар здароўя! Калі ласка, ідзіце на перамовы зь лекарамі. Калі ласка, не біцеся з імі, не кажыце, што гэта палітычная справа! Такім чынам вы толькі падліваеце алівы ў агонь, а не вырашаеце праблему. Сядзьце за стол перамоваў, гэта самае важнае.

Апазыцыя зьвяртаецца да прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага з заклікам зьняць з пасады міністра аховы здароўя. На думку старшыні партыі «Сучасная» Катажыны Любнауэр, дзейнасьць міністра шкодзіць пацыентам. Яна кажа, што міністар не зрабіў нічога, каб палепшыць якасьць працы лекараў і вырашыць праблему часу працы.

К. Любнаўэр: Я хачу спытаць міністра Радзівіла, ці ён хоча, каб палякаў лячылі дактары, якія працуюць больш за 48 гадзін у тыдзень. Ці самы лепшы спосаб вырашыць праблему – рабіць выгляд, што яе няма. Мы чакаем ад прэм’ер-міністра Маравецкага, каб ён хутка адправіў у адстаўку міністра Радзівіла, паколькі гэта міністар, які ня ведае, як мяняць сыстэму. Гэта міністар, які нясе пагрозу бясьпецы пацыентаў.

Сёньня ў другой палове дня пачалося пасяджэньне парлямэнцкай камісіі, якая разглядае нарастаньне праблемнай сытуацыі ў службе аховы здароўя.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт