Logo Polskiego Radia
Print

Забарона гандлю ў нядзелю прынясе эканамічныя страты і незадавальненьне кліентаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.01.2018 14:48
Гэтак мяркуе старшыня Польскай арганізацыі гандлю і разьмеркаваньня Рэната Юшкевіч.
Photo: Lars Frantzen/Wikimedia Commons (CC BY-SA 4.0)Photo: Lars Frantzen/Wikimedia Commons (CC BY-SA 4.0)

Пачынаючы з 1 сакавіка гэтага году гандлёвыя цэнтры ў Польшчы будуць працаваць толькі ў дзьве нядзелі ў месяц – у першую й апошнюю.

З наступнага 2019 году буйныя крамы будуць адчыненыя толькі ў адну нядзелю ў месяцы, а ў 2020 годзе пачне дзейнічаць поўная забарона на гандаль у нядзелю за выключэньнем сямі адмыслова вызначаных нядзель цягам году.

Паводле закона, у нядзелю могуць працаваць кветкавыя й кандытарскія крамы, пякарні й кафэ, аднак пры ўмове, што яны сапраўды будуць прадаваць кветкі, марожанае, хлебабулачныя й кандытарскія вырабы. Закон не ахоплівае гандлю на аўтазаправачных станцыях.

Законам прадугледжаны штраф за парушэньне забароны гандлю, які будзе складаць ад 1 тысячы да 100 тысяч злотых, а ў выпадку злосных парушэньняў – пагражае пазбаўленьнем волі.

Госьцем нашай перадачы зьяўляецца старшыня Польскай арганізацыі гандлю і разьмеркаваньня Рэната Юшкевіч. 2018 год азначае для гандлю вялікія зьмены.

Р.Юшкевіч: Так. Найбольшая зьмена зьвязаная з абмежаваньнем гандлю ў нядзелю. Доўгі час працягваецца дыскусія аб нэгатыўных наступствах забароны ня толькі для кліентаў, а таксама для ўсяго, што зьвязана з гандлем, працаўнікоў і сэктараў, прывязаных да гандлю. Канчаткова было вырашана, што забарона распаўсюджваецца на дзьве нядзелі цягам месяца.

Забарона пачне дзейнічаць з сакавіка. Засталося ўжо няшмат часу. Ці гандлёвы сэктар пасьпее падрыхтавацца?

Р.Юшкевіч: Для гандлю гэта вялікі выклік. У прыватнасьці ў выпадку супэр- і гіпэрмаркетаў, у якіх больш за 60 тысяч тавараў на паліцах. Трэба поўнасьцю рэарганізаваць працу крамы, падрыхтаваць новы графік працы працаўнікоў. Трэба падрыхтаваць кліентаў, што ня кожная нядзеля будзе працоўнай. Пакупнікі напэўна будуць імкнуцца зрабіць пакупкі на прыканцы тыдня, што азначае доўгія чэргі, стрэс, хаос, стомленых касіраў, натоўп, праблемы з месцамі на паркоўцы каля крамы.

Усё ж можа галіна справіцца. Прыхільнікі забароны гандлю ў нядзелю падкрэсьліваюць, што тое, чаго чалавек не пасьпее купіць у нядзелю, ён купіць у панядзелак, аўторак або ў наступную суботу.

Р.Юшкевіч: Гэта не зусім так. Ня ўсе тавары мы купляем штодзень. Калі казаць пра прадукты, то так – закупімся раней. Але ёсьць віды тавараў, для пакупкі якіх патрэбна крыху больш часу. Часта цэлай сям’ёй мы вырашаем пра пакупкі бытавой тэхнікі, мэблі, аўтамабіля. Нельга сказаць, што мы зробім гэта пасьля працы, бо, як мы ведаем, палякі працуюць найдаўжэй у параўнаньні з іншымі заходнімі краінамі. Да гэтай пары палякі маглі спакойна, без нагнятаньня часу, зрабіць гэта ў нядзелю ў камфортных умовах і пры нагодзе супольна правесьці час з роднымі ў рэстаране ў гандлёвым цэнтры. Цяпер зрабіць гэта ў кожную нядзелю стане немагчыма.

А што з іншаземцамі? Для іх выходныя зьяўляюцца зручнымі для пакупак у Польшчы.

Р.Юшкевіч: У гэтым выпадку найбольшыя праблемы маюць крамы ў памежнай зоне. Нам аб гэтым заяўляюць з розных рэгіёнаў Польшчы прадстаўнікі розных велічынь польскіх крамаў. Яны пабойваюцца, што страцяць кліентаў і вялікі абарот. Нядзельная продаж у іх дае вялікую частку прыбытку. На гэтае пытаньне трэба паглядзець таксама з пэрспэктывы рынку працы. Калі мясцовы прадпрымальнік страціць кліентаў і прыбытак, то ён будзе шукаць ашчаднасьці і будзе скарачаць сабекошты. І напэўна для многіх людзей у рэгіёнах, дзе гандаль зьяўляецца асноўнай галіной гаспадаркі, гэты закон азначае страту працы. У найгоршай сытуацыі апынуцца работнікі з нізкімі кваліфікацыямі, якім цяжка знайсьці працу ў іншых сэктарах, а таксама пажылыя асобы.

Польская арганізацыя гандлю і разьмеркаваньня плянуе толькі прыглядацца да ходу падзей ці будзе прадпрымаць крокі з мэтай зьмяніць або адмяніць гэтыя правілы?

Р. Юшкевіч: Мы назіралі за падзеямі ў Вугоршчыне і гэта нам дае падставы шмат на што спадзявацца. Па-першае, праз некалькі месяцаў пад ціскам грамадзкага незадавальненьня вугорскі ўрад адышоў ад гэтага закону, што яскрава паказвае, што ён ня быў добрым для спажыўцоў. Я чакаю, што пад прэсінгам незадавальненьня, дыскамфорту, зьвязанага з пакупкамі ў параўнаньні з тым, што палякі мелі да гэтай пары, улады зразумеюць, што варта вярнуць гандаль у нядзелю. Пытаньня не вырашае забарона працы ў нядзелю, патрэбныя новаўвядзеньні ў Кодэксе працы, якія загарантуюць, што працаўнікі гандлю павінны мець свабодныя як мінімум дзьве нядзелі цягам месяца.

Закон аб забароне гандлю ў нядзелю ў Польшчы пачынае дзейнічаць з 1 сакавіка гэтага году. Спачатку яна ахоплівае дзьве нядзелі ў месяц, а ў 2020 гандлёвыя цэнтры будуць працаваць толькі 7 нядзель ў годзе.

Законам дазваляецца, каб уладальнік адчыніў краму, але толькі ў сытуацыі, калі ён сам стане за прылаўкам.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт