Logo Polskiego Radia
Print

90 гадоў адзначае выбітны польскі актор Францішак Печка

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.01.2018 18:08
  • Францішак Печка.mp3
Многія гледачы памятаюць яго ў ролі Густліка з сэрыялу «Чатыры танкісты і сабака».
Францішак ПечкаФранцішак Печкаyoutube.com/screen

Многія гледачы памятаюць яго перш за ўсё ў ролі Густліка з сэрыялу «Чатыры танкісты і сабака». Актор нарадзіўся ў 1928 годзе.

Францішак Печка выступіў у больш чым ста фільмах, як польскіх, так і замежных. У памяці гледачоў ён застаўся ралямі ў такіх фільмах як «Зямля абетаваная», «Аўстэрыя», «Янка Вадалей» ці «Quo Vadis». Вялікую папулярнасьць і прыхільнасьць гледачоў Печка здабыў роляй Густліка – танкіста ў тэлесэрыяле «Чатыры танкісты і сабака». Актор надалей захапляе публіку, здымаючыся ў сучасных кінапрадукцыях, такіх як папулярная ў Польшчы шматсэрыйная кінастужка «Ранча» і выступаючы на сцэне варшаўскіх тэатраў.

У Францішка Печкі багатая біяграфія. Ён працаваў з самымі лепшымі рэжысэрамі, як у тэатры, так і ў кіно (Конрад Сьвінарскі, Ежы Яроцкі, Ян Якуб Кольскі). Выступаў і выступае на сцэнах самых лепшых тэатраў у Кракаве (Teatr Stary) і ў Варшаве (Teatr Narodowy, Teatr Dramatyczny, Teatr Powszechny).

Францішак Печка неаднаразова падкрэсьліваў, што абавязак актора – быць у праўдзе перад сабой, незалежна ад пануючых тэндэнцый і моды. У адной з гутарак з Польскім радыё актор прызнаўся, што нягледзячы на многія гады працы, перад кожнай прэм'ерай ён пакутуе ад страху выйсьці на сцэну, а цяпер нават больш, чым калі-небудзь раней.

Ф.Печка: Пасьля столькіх гадоў яшчэ горш, зразумела, ёсьць вопыт і гэтак далей, але адначасова ёсьць большае адчуваньне вялікай адказнасьці. Пасьля вымаўленьня першых двух-трох сказах прыходзіць поўны спакой.

Францішак Печка заваяваў сэрцы гледачоў даўно, бо ўжо ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Уся Польшча ды палова Савецкага Саюзу любіла Густліка з сэрыялу «Чатыры танкісты і сабака». Густлік быў магутным мужчынам з пачуцьцём гумару, які гаварыў на сваім сілескім дыялекце.

Праз шмат гадоў Печка кажа, што добра ўспамінае гэты фільм і сваю ролю ў ім.

Ф.Печка: Я не аднекваюся ад гэтай постаці, не лічу, што яна мне прынесла нейкі ўрон, бо пра сэрыял «Чатыры танкісты і сабака» казалі рознае: што ён распаўсюджвае гістарычную хлусьню, а ў той час – што разбэшчвае моладзь. Але калі я параўноўваю гэты фільм з сучаснымі кінапрадукцыямі, якімі заліваюць сучасную моладзь, то я не думаю, што гэты наш фільм быў моцна дэструктыўны і шкодны.

Для тых, хто ня ведае сэрыялу «Чатыры танкісты і сабака» - ён паказваў змаганьне каманды танка «Руды 102» супраць гітлераўцаў. А ў свабодны час жаўнеры рабілі адзін аднаму розныя жарты.

Францішак Печка больш за паўстагоддзя зьвязаны з тэатрам Польскага радыё, у якім запісаў шмат радыёспэктакляў і адаптацый польскай літаратуры. Актор кажа, што ён любіць гэтую працу, таму што гэта тэатар уяўленьня, дзе слухач атрымлівае свае задачы.

Ф.Печка: Слухач будуе сваю інсцэнізацыю, герояў і гэтак далей. Гэта вельмі інспіруе, прымушае да актыўнага ўдзелу ва ўспрыманьні культуры. Акрамя гэтага, я ў Тэатры Польскага радыё сустракаюся з калегамі, зь якімі ў іншых месцах не сустракаемся. Абменьваемся цікавымі навінамі, аповедамі і гэта таксама вельмі цікава і незвычайна.

Успамінаючы пачаткі сваёй карʼеры, Францішак Печка сказаў, што ён не зьбіраўся быць акторам, а хацеў стаць інжынерам і таму паступіў у Тэхнічны ўнівэрсытэт у Глівіцэ. Неўзабаве, аднак, ён вырашыў інакш.

Ф.Печка: Спачатку я казаў: «Не, не, не, ні ў якім выпадку я не ўяўляю сябе акторам. Але празь месяц я прыехаў у студэнцкі інтэрнат, паклаў калегам на стол маю заліковую кніжку ў якасьці сувэніра, і сказаў, што еду ў Катавіцэ – пастараюся паступіць у тэатральную школу.

Нягледзячы на свае 90 гадоў, Францішак Печка з посьпехам надалей здымаецца ў кіно, выступае на сцэне і чытае дабінг, між іншым у «Зорных войнах» даў свой голас Лёр Сан Тэкка.

Францішак Печка атрымаў многа прэстыжных узнагарод, у тым ліку Польскую кінапрэмію «Арол». Актор мае таксама сваю зорку ў Алеі славы ў Лодзі.

У мінулым годзе Печка атрымаў ордэн Белага Арла, які ўручае прэзыдэнт Польшчы ў знак прызнаньня ўнёску ў польскую культуру і за ўклад у польскае тэатральнае мастацтва і кіно.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт