Logo Polskiego Radia
Print

«Хартыю ўсё роўна разблякуюць»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.01.2018 19:04
  • «Хартыю ўсё роўна разблякуюць».mp3
Нават улады прыйдуць да высновы, што блякіроўка парталу – бессэнсоўны крок, лічыць палітоляг.
Скрыншот сайта "Хартыя'97"Скрыншот сайта "Хартыя'97"charter97.org

У мінулыя 7 дзён беларускія ўлады заблякавалі сайт «Хартыя’97», адмянілі сумнавядомы «падатак на дармаедзтва» і прынялі з візытам высокапастаўленага эўракамісара. Ці дапусьцяць «Хартыю» ў байнэт? Ці новы Дэкрэт №1 будзе лепшы за скандальны Дэкрэт №3, і якія прапановы прывёз у Менск эўракамісар па справах эўрапейскай палітыкі суседзтва Яханэс Хан? На гэтыя пытаньні Аляксандра Папко ў «Палітычным люстэрку» адказвае палітоляг Максім Руст.

Тыя, хто хоча чытаць «Хартыю» – будуць яе чытаць

24 студзеня беларускія ўлады зачынілі доступ да папулярнага грамадзка-палітычнага сайту «Хартыя'97». Паводле афіцыйнай фармулёўкі – за публікацыю інфармацыі, «распаўсюд якой здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Зь якой мэтай Менск заблякаваў сайт у пэрыяд, калі ніякіх пратэстаў на гарызонце не прагледжваецца? Чаму за апазыцыйны партал заступіўся блізкі да ўладаў бізнэсовец Віктар Пракапеня? Ці падзейнічаюць яго аргумэнты і ці «Хартыя» будзе разблякаваная?

Максім Руст: Я ў гэтай блякіроўцы ня бачу нейкай лёгікі. Магчыма, што гэта была чарговая спроба пратэставаць рэакцыю Захаду. Калі так, то вынік тэсту пазытыўны для Менска. Публічных заяваў па гэтай справе ад заходніх палітыкаў мы не пачулі й наўрад ці пачуем. Што тычыцца Пракапені, то я ў тэхнічным пляне згодны з усімі 5 пунктамі, у якіх ён абгрунтаваў, што блякіроўка сайтаў – гэта дурнота. Справа нават ня ў тым, што Пракапеня блізкі да ўладаў, а ў тым, што ён прагматык. І асабліва важны пункт – гэта магчымасьці абысьці блякіроўку, якія ёсьць амаль у кожным браўзэры. Нават калі чытач «Хартыі» ня вельмі прасунуты, то ўсё роўна тыя, хто хоча яе чытаць – прачытаюць. Таму я лічу што ў бліжэйшым часе справу адпусьцяць і сайт разбляакуюць – блякіроўка ня мае ніякага сэнсу.

Лёс дэкрэту будзе той самы – толькі без пратэстаў

25 студзеня Лукашэнка адмяніў сумнавядомы «падатак на беспрацоўных», які выклікаў масавыя сацыяльныя пратэсты годам раней. Замест гэтага кіраўнік Беларусі Дэкрэтам №1 абавязаў грамадзян, якія ня маюць афіцыйнай працы і не стаяць на ўліку як беспрацоўныя, аплачваць субсідыяваныя сацыяльныя паслугі па поўным тарыфе. Сьпіс такіх паслугаў урад вызначыць да 1 красавіка. Якая будзе рэакцыя грамадзтва на новы дэкрэт? Ці будзе ён выконвацца?

Максім Руст: Калі прыняты закон ці дэкрэт абсалютна нелягічны й бязглузды, і гэта бачаць усе, то самае лепшае, што можна зрабіць – гэта проста яго адмяніць. Але мэнтальнасьць беларускай сыстэмы такая, што адмена заканадаўчага акту ўспрымаецца як прызнаньне паразы. Таму і зьявіўся чарговы дэкрэт. Афіцыйны Менск часткова вучыцца на сваіх памылках, таму гучаньне гэтага дэкрэту не такое радыкальнае й вельмі размытае. З поўнай сілай ён павінен запрацаваць толькі ў наступным годзе. Да яго вельмі шмат пытаньняў – якія паслугі, у якім памеры і гд. У шмат якіх момантах ён проста невыканальны... Таму я думаю, што лёс Дэкрэту №1 будзе такі, як і яго папярэдніка, толькі без пратэстаў: патраціцца шмат сродкаў і часу, каб падрыхтаваць базы, нормы, камісіі, але наўрад ці атрымаецца ўвесьці яго ў жыцьцё.

Стабілізацыю беларускіх фінансаў заўважылі ў сьвеце

27 студзеня фінансавае агенцтва Fitch павысіла крэдытны рэйтынг Беларусі з «B-» да «В» з прагнозам «стабільны». Акрамя таго, Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР) перамясьціла Беларусь з самай горшай 7-й групы ў 6-ю групу краінаў паводле клясыфікацыі крэдытнай рызыкі. Як рост у рэйтынгах адабʼецца на эканоміцы Беларусі? Чыёй заслугай зьяўляецца павышэньне ў рэйтынгах?

Максім Руст: Прычыны зьмены рэйтынгу і пазыцыі Беларусі – макраэканамічныя і часткова палітычныя. З эканамічных – гэта вынікі за 2017 год, рэальны прагноз па абслугоўваньні запазычанасьці на бягучы год, запавольваньне інфляцыі і інш. Палітычныя – гэта частковае выкананьне патрабаваньняў міжнародных фінансавых структураў і прынамсі дэкляраванае жаданьне «рэфармаваць» эканоміку (напрыклад, дакумэнты пра IT-дзяржаву ці майнінг). Але сама зьмена рэйтынгу адразу на эканоміцы не адаб’ецца. Гэта толькі сыгнал для замежнікаў і прагноз лепшых пэрспэктываў для эканомікі. Застаецца пытаньнем, ці Беларусь скарыстаецца з гэтага шансу, ці далей будзе праводзіць палітыку «ручнога кіраваньня» гаспадаркай.

Эўразьвяз жадае ў Беларусі «стабільнасьці»

30 студзеня Беларусь наведаў камісар па пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва Яганэс Хан. Як паведаміў МЗС Беларусі, на сустрэчы з Уладзімерам Макеем эўракамісар абмяркоўваў « пэрспэктывы гандлёва-эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, узаемадзеяньне ў сфэры міжнароднай тэхнічнай дапамогі, умацаваньне палітычнага дыялёгу па лініі Беларусь – ЭЗ». Назавіце, калі ласка, тры асноўныя рэчы, якіх жадае атрымаць ад Брусэля Менск і тры рэчы, якія жадае ад Менска атрымаць Эўразьвяз.

Максім Руст: Я б назваў мэтай двух бакоў па выніках перамоваў захаваць стабільнасьць. І хоць гэтае слова ў нас ужо даўно абрасло прымаўкамі ды анэкдотамі, цяперашні статус-кво выгадны і Беларусі, і ЭЗ. Для Мінска гэта перадусім далейшае разьвіцьцё эканамічнага й тэхнічнага супрацоўніцтва, поўная адмена санкцыяў, а таксама супрацоўніцтва ў непалітычных сфэрах, якія падтрымаюць імідж Беларусі і дадуць магчымасьць далей лявіраваць на міжнароднай арэне. Брусэлю ж патрэбна, каб Менск надалей дыстанцыяваўся ад Масквы, заставаўся ўдзельнікам Усходняга партнэрства, а таксама выконваў, мінімальныя палітычныя патрабаваньні Эўразьвязу і АБСЭ і не «перагінаў палку» ва ўнутранай палітыцы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт