Logo Polskiego Radia
Print

Ды крытыкі польскага закону аб ІНП далучылася Ўкраіна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.02.2018 14:42
"Гэты закон пашкодзіць польска-украінскім адносінам і спыніць дыялёг паміж гісторыкамі».
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Працяг тэмы канфлікту з Ізраілем з-за ўнясеньня паправак і дапаўненьняў у польскі закон пра Інстытут нацыянальнай памяці, які ўводзіць магчымасьць пакараньня трыма гадамі турмы асобы, якая прыпісвае палякам адказнасьць за злачынствы нямецкіх нацыстаў падчас вайны.

Польскі закон крытыкуюць ужо ня толькі ізраільцяне, але таксама ўкраінцы – піша «Rzeczpospolita». Востра адрэагавалі дэпутаты ізраільскага парлямэнту, яны прапануюць, каб злачынствам прызнаць абвярганьне ролі палякаў, якія бралі ўдзел у Галакосьце. За такі законапраект выступае большасьць дэпутатаў Кнэсэту.

Праблемы могуць узьнікнуць таксама ў кантактах з украінскім бокам. У Кіеве параграф новага закону выклікае нэрвовую рэакцыю, а ўкраінскі МЗС некалькі дзён таму абвінаваціў Варшаву ў тым, што яна выкарыстоўвае ў палітычных мэтах трагічныя старонкі супольнай гісторыі. Старшыня ўкраінскага Інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч кажа: «Польшча ўводзіць палітычны дыктат, што нагадвае камуністычныя часы, калі палітыкі вырашалі, як неабходна інтэрпрэтаваць гістарычныя падзеі. Гэты закон пашкодзіць польска-украінскім адносінам і спыніць дыялёг паміж гісторыкамі».

Цягам апошніх дзесяткаў гадоў польскі ўрад зрабіў шмат, каб збудаваць станоўчыя адносіны з Ізраілем, разам дасьледаваць складаную гісторыю двух народаў – піша камэнтатар выданьня. Варшаўскі музэй Полін стараецца аб’ектыўна паказваць удзел палякаў у вынішчэньні габрэяў, а таксама ўдзел габрэяў у сталінскім апараце бясьпекі. Польшча стала адным з самых блізкіх саюзьнікаў Ізраіля ў Эўропе. Цяпер, з-за непрадуманага кроку – прыняцьця законапраекту – адносіны рэзка папсаваліся. Пара ўжо перадаць дыпляматыю ў рукі экспэртаў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт