Logo Polskiego Radia
Print

Тысячы людзей едуць зімой на працу на ровары

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.02.2018 15:35
  • зімой на працу.mp3
У пятніцу 9 лютага ладзіцца ўсясьветная акцыя: зімовы прыезд на працу на ровары.
#winterbike2work у Кіеве, Украіна #winterbike2work у Кіеве, Украіна Foto: Anna Manto‎/Winter Bike To Work Day/Facebook.com

Акцыя ладзіцца ўжо 6 год. У гэтым годзе ўдзел у ёй задэкляравалі больш за 13 тысяч чалавек.

Сёлета найбольш удзельнікаў у акцыі ў сэрбскім горадзе Новы Сад 1259 чалавек заявілі, што едуць на працу сёньня на ровары. Здавалася б, для іх гэта павінна быць лёгка, там сёньня 5 градусаў цяпла. Аднак на другім месцы амэрыканскі Дэнвэр, дзе сёньня нуль, а 1159 чалавек выказалі гатоўнасьць ехаць роварам на працу. Больш за тое, удзел у акцыі бяруць раварысты і з нашага рэгіёна: расейскі Санкт-Пецярбург ды беларускі Менск на восьмым і трынаццатым месцы адпаведна. Сёньня на працу на ровары там зьбіраюцца 223 і 179 асобы, нягледзячы на тое, што на вонкі мінусавая тэмпэратура ды прагназуецца сьнег. У Варшаве ўдзел у акцыі задэкляравалі 105 чалавек. У акцыі нават удзельнічаюць дзеці са Швэцыі, Фінляндыі ды Сэрбіі.

Здавалася б, навошта ладзіць такую акцыю ды яшчэ й усясьветнага характару. Зіма, асабліва ў нашым рэгіёне – гэта час на лыжы, коўзанку, санкі. Вось больш традыцыйная зімовая актыўнасьць, а ровар неяк не асацыюецца з зімой. Зіма ды ровар: ці гэта сумяшчальна? З дадзеным пытаньнем мы зьвярнуліся да лодзінскага раварыста ды старшыні фундацыі «Фэномэн» Губэрта Бараньскага.

Губэрт Бараньскі: Калі нехта бачыць у ровары толькі адпачынак, для яго дзіўна чуць, што зімою можна езьдзіць на ровары. Калі ж нехта езьдзіць на ровары на працу, у школу ці за пакупкамі, то крыху ніжэйшая тэмпэратура ня будзе для яго праблемай. Ягоны арганізм прызвычаены да язды. Зразумела, што яму трэба памятаць пра тое, што халадней на вуліцы, і адпаведна апранацца. Аднак гэта не азначае, што яму трэба адмовіцца ад ровара.

Якая прычыны правядзеньня акцыі «Усясьветны дзень прыезду на працу на ровары»?

Губэрт Бараньскі: У краінах, дзе роварны рух нашмат больш разьвіты, які ахоплівае нават 40% жыхароў гарадоў, там лічыцца, што 70% раварыстаў не адмаўляюцца ад карыстаньня роварам зімой. Адсюль і такая ініцыятыва, як Сусьветны дзень прыезду на працу на ровары. Яна ладзіцца ўжо 6 раз і палягае на тым, што ва ўсім сьвеце людзі дэкляруюць, што даедуць на працу на ровары. Фатаграфуюцца.

Дарэчы ў гэтыя дні (8-11 лютага) у Маскве праходзіць Міжнародны зімовы велакангрэс, дзе між іншым абмяркоўваюць выкарыстаньне велатранспарту ў гарадах з халодным кліматам. Зіма не азначае таго, што ровар ідзе ў адстаўку. Гэта давёў брытанскі дакумэнталіст ды вандроўнік Бэн Пэйдж, які праехаў на ровары зімой праз канадзкую Арктыку. Сваім досьведам ён дзеліцца ў фільме «Замёрзлая дарога», у якім ён кажа, што ніколі не адчуваў столькі шчасьця, як едучы на ровары праз засьнежаную прыроду.

Бэн Пэйдж: Я ніколі больш не спазнаў такой колькасьці чыстага шчасьця. Я адчуваў, як я рассоўваю мае ўласныя межы, меў большае задавальненьне ад гэтага.

Даезд на працу, зразумела, не ў Арктыцы, не патрабуе адмысловай падрыхтоўкі ды мноства рыштунку. Нават ва ўмовах нашага рэгіёну зімой можна спакойна езьдзіць на ровары, у тым ліку і на працу. Варта толькі памятаць пра некалькі правілаў. Гаворыць Губэрт Бараньскі.

Губэрт Бараньскі: Калі вы не спрабавалі дагэтуль езьдзіць на ровары зімой ды апошнія поўгада не трымалі ровар у руках, я б раіў пачакаць да вясны, каб не прастыць. Для тых больш актыўных, хто езьдзяць часта на ровары, магу параіць, каб не забывалі пра правільнае дыханьне. На марозе ўдыхаем праз нос. Яшчэ ў шынах крыху спускаем паветра, каб была лепшае счапленьне з дарогай, езьдзім агульна асьцярожней, чым летам, бо можа быць сьлізка. Адзявацца трэба цёпла, але ня так цёпла, як на шпацыр. На ровары чалавек больш рухаецца і яму цяплей. Ведаю выпадкі людзей, якія на ровар зімой выходзілі цёпла адзетыя, а пазьней пацелі, бо было ім за горача. Так вельмі лёгка захварэць. Хваробы ж нам не патрэбныя.

У пятніцу 9 лютага 13654 асобы з розных краін сьвету, гледзячы на мапу (гэта ў асноўным ЗША ды Эўропа, але таксама Цэнтральная Азія, Кітай, Лацінская Амэрыка) дэкляравалі свой удзел у акцыі «Усясьветны дзень прыезду на працу на ровары». Акцыя ладзіцца для папулярызацыі ровара як аднаго з відаў транспарту.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт