Logo Polskiego Radia
Print

Разгараецца спрэчка вакол рамонту польскіх могілак у Беларусі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.02.2018 15:51
  • Разгараецца спрэчка.mp3
Палітыкі Руху «Кукіз'15» абвінавачваюць выканаўцаў у неахайным правядзеньні рамонтных прац.
Zdjęcie ilustracyjneZdjęcie ilustracyjneFoto: materiały prasowe

Фундацыя «Дапамога палякам на Ўсходзе» ды Міністэрства культуры Польшчы заяўляюць, што працы яшчэ не завершаныя.

У Польшчы разгараецца спрэчка ў справе рамонту ды аднаўленьня надмагільляў польскіх жаўнераў, якія загінулі ў 1919-20 гг. на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі. Палітыкі Руху «Кукіз’15» выступілі з абвінавачаньнямі ў бок Міністэрства культуры Польшчы ды фундацыі «Дапамога палякам на Ўсходзе», якая рэалізуе праект аднаўленьня могілак. Палітыкі абвінавачваюць фундацыю ды міністэрства ў адсутнасьці рэакцыі на недапрацоўкі ды апаганьваньне гістарычных помнікаў на магілах.

Ідзецца пра 5 могілак у Беларусі, дзе знаходзяцца пахаваньні жаўнераў Войска Польскага, якія загінулі падчас польска-бальшавіцкай вайны 1919-20 гг. Гэта могілкі ў Глыбокім, Докшыцах, Падсьвільлі, Дунілавічах ды Задарожжы. У жніўні мінулага года адна з польскіх фірм атрымала замову на рамонт надмагільляў на суму 1 мільёна 300 тысяч злотых. Выкананыя працы пакідаюць кепскае ўражаньне, гаворыць дэпутат з Руху «Кукіз’15» Паваг Грабоўскі.

Павал Грабоўскі: Месца памяці, помнікі, там, дзе мы змагаемся за польскую справу, мы ня можам палягаць на цяп-ляп. Там павінна быць добрае якаснае выкананьне. Гэта сьведчаньне пра нас палякаў. Я спадзяюся, што гэтыя могілкі ды іншыя, калі ёсьць такія выпадкі, будуць адрамантаваныя польскай фірмай. Спадзяюся, што ў будучым не паўторыцца такая сытуацыя. Мы павінны выбіраць выканаўцаў, якія дадуць гарантыю якасна выкананай працы.

Дэпутат заклікаў да выпраўленьня ўсіх недапрацовак.

Павал Грабоўскі: Ад фундацыі ды ад міністэрства мы чакаем прыняцьця адпаведных крокаў, каб яны дамагліся ад выканаўцы правільнага выкананьня помнікаў. Немагчыма пагадзіцца, каб помнік нашым героям, палякам, якія змагаліся, былі выкананыя так, што крыжы калыхаюцца, што крыж можна рукой сьцягнуць з помніка, што ёсьць шчыліны паміж рознымі элемэнтамі помніка.

Гэтыя абвінавачаньні рашуча адрынае Міністэрства культуры ды фундацыя «Дапамога палякам на Ўсходзе». Міністэрства выдала адмысловы камунікат, у якім зазначаецца, што рамонтныя працы не завершаныя, а прыпыненыя са сьнежня. Таксама зазначаецца, што бэтонныя надмагільлі, якія былі ў кепскім стане, будуць замененыя новымі гранітнымі.

Прычынай прыпыненьня прац сталі неспрыяльныя атмасфэрныя ўмовы і адсутнасьць згоды на прывоз у Беларусь каменных элемэнтаў. Пакуль зробленыя толькі часткі помнікаў – крыжы ды іншыя элемэнты. Тлумачыць старшыня фундацыі «Дапамога палякам на Ўсходзе» Мікалай Фалькоўскі.

Мікалай Фалькоўскі: Мы яшчэ не заплацілі за ўстаноўку, таму што рамонтныя працы яшчэ не завершаныя. На сёньняшні дзень сытуацыя наступная - часткова адноўленыя помнікі на магілах у Падсьвільлі, але працы не завершаныя. Мы чакаем, калі скончыцца зіма, каб будаўнікі маглі вярнуцца на аб’ект. Тое ж датычыць 4 іншых пахаваньняў, якія рамантуюцца ў супрацоўніцтве з фірмай Будмэкс, і якія былі прадметам супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры.

Фундацыя «Дапамога палякам на Ўсходзе» ды міністэрства падкрэсьліваюць, што рамонтныя працы вядуцца згодна са спэцыфікай праекта. Усе патрэсканыя крыжы ды зьнішчаныя часам бэтонныя надмагільлі будуць замененыя гранітнымі элемэнтамі з захаваньнем маштабу - гаворыць Мікалай Фалькоўскі.

Мікалай Фалькоўскі: Будзе захаваны стыль напісаньня, захаванае аздабленьне, захаваны стыль антакольскага крыжа з ружай. Мы зрабілі ідэнтычныя рэплікі з захаваньнем маштабу на ўсе магілы, дзе такі крыж быў. Таксама мы замовілі ў фірмы, якая займаецца вырабам ды ўстаноўкай помнікаў рэплікі КАП-скіх крыжоў, якія знаходзяцца на могілках у Падсьвільлі.

Апошні этап аднаўленьня пахаваньняў заплянаваны на канец красавіка. Першыя адрамантаваныя помнікі будуць гатовыя ў чэрвені, у ліпені – 170 помнікаў з пахаваньня ў Докшыцах. Да 15 жніўня 2018 году польскі бок хоча завершыць рамонт усіх пахаваньняў ды правесьці ўрачыстае адкрыцьцё.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт